У бабруйскай калоніі № 2 на дадзены момант знаходзяцца 96 палітычныя зняволеныя. Па інфармацыі праваабаронцаў, на многіх з іх ажыццяўляецца ціск: палітвязняў змяшчаюць у ШІЗА, ПКТ, узбуджаюць крымінальныя справы за парушэнне рэжыму, пазбаўляюць спатканняў і перадач. Гэта ўсё адбываецца з ведама начальніка калоніі Яўгена Бубіча. Пасля бунта вязняў у жніўні 2020 года ён адказваў за пераслед тых, хто выказваў свой пратэст унутры калоніі. Былыя зняволеныя распавялі "Вясне" пра масавы пераслед "палітычных" у калоніі № 2, спробу ўцёку аднаго з іх і наступствы бунта. У 2019 годзе бабруйскую калонію № 2, дзе цяпер утрымліваюцца 96 палітычныя зняволеныя, узначаліў 43-гадовы Яўген Бубіч. Вядома, што ў гэтай калоніі ён працуе больш за 20 гадоў, а да 2019 доўгі час працаваў на пасадзе намесніка начальніка. 13 лютага 2020 года па ўказе Лукашэнкі ён атрымаў званне палкоўніка міліцыі. Падчас мерапрыемства з нагоды прысваення звання Бубіч выступіў з прамовай:
- Начальнік калоніі Яўген Бубіч падчас мерапрыемства з нагоды прысваення яму звання палкоўніка міліцыі
"Не застаюся абыякавым да праблем асуджаных і іх сваякоў". Што вядома пра начальніка калоніі?
«Спраўляцца з нялёгкімі задачамі дапамагаюць калегі-прафесіяналы, на іх ва ўсім можна спадзявацца. Імкнуся прыслухоўвацца да меркавання падначаленых, не застаюся абыякавым да праблем асуджаных і іх сваякоў».
Менавіта Бубіч прымае рашэнне па ўзмацненню рэжыма зняволеным і за нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў калоніі.
Як адміністрацыя пераследуе палітычных зняволеных?
Усе "палітычныя" ў калоніі пазначаны "жоўтымі біркамі". Гэта значыць, што яны стаяць на прафілактычным уліку як "схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Тыя вязні, якія ходзяць з "чырвонымі біркамі", стаяць на прафуліку як "схільныя да ўцёку".
Палітвязні спяць каля ўваходу на другім ярусе «шконак» [ложкаў] — зроблена для таго, каб падчас "начных" аглядаў ім гэта замінала спаць. За імі пільна сочыць адміністрацыя, могуць незапланавана прыйсці і праверыць іх рэчы.
Большасць палітвязняў за час зняволення праходзіць праз штрафны ізалятар (ШІЗА). Туды іх адпраўляюць за любое дробнае "парушэнне" па надуманных прычынах: бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, няправільнае вітанне з прадстаўніком адміністрацыі, няголенасць і многае іншае. "Парушэннем" можа стаць нават кармленне хлебам вераб'ёў на тэрыторыі калоніі. На кожным плоце вісіць знак "За кармленне птушак — 10 сутак ШІЗА".
"Але ўсё роўна іх кормяць, бо кожны хоча, каб верабейчык да яго прыйшоў", — кажа адзін з былых вязняў.
Звычайна ў зняволеных толькі тры "праверкі" за дзень, але ў "палітычных" — на дзве больш. Часам яны вымушаны хадзіць у клуб і слухаць прафілактычныя лекцыі.
Акрамя гэтага, падчас пандэміі Covid-19 у папраўчай калоніі № 2 таксама здарыўся выбух захворванняў. Але доўгі час сваякам вязняў пра гэта не было вядома, бо вязням забаранялі пра гэта казаць. Паведамлялася, што за размовы пра захвораных у калоніі вязняў каралі суткамі ў ШІЗА.
Паводле былых вязняў, адміністрацыя калоніі можа пазбавіць за "парушэнні" ўсяго, акрамя бандэроляў. Яны падзяліліся меркаваннем, што замест розных рэчаў, у неабходнасці якіх сваякі неўпэўнены, лепш дасылаць цыгарэты, нават тым, хто не паліць.
Няўдалая спроба ўцёку аднаго з палітвязняў. Што цяпер вядома пра ягоны лёс?
Паводле інфармацыі былых вязняў, у пачатку лета адзін з палітычных зняволеных спрабаваў збегчы з калоніі, але яго амаль адразу схапілі. Гэта здарылася праз тыдзень пасля таго, як вязняў з чарговага "каранціна" перавялі ў атрады — сярод іх быў і гэты чалавек.
«Пасля здарэння сярод супрацоўнікоў калоніі адразу пачаўся перапалох — яны пачалі дзяжурыць са зброяй», — кажа адзін з былых вязняў, які быў сведкам гэтага.
На наступны дзень чуткі пра няўдалую спробу ўцёка прайшлі ўжо па ўсёй калоніі. Нібыта вязень зрабіў нейкую адмысловую прыладу, вяроўку і ўзяў з сабою паўтара бохана хлеба. Уцячы вязень спрабаваў праз дах сталоўні, але апынуўшыся там, "лёг і пачаў чакаць верталёт" — там яго і схапілі. На наступны дзень пасля гэтага адміністрацыя заварыла выйму ў даху, праз якую ён вылез.
Па словах вязняў, "уцекача" адразу змясцілі ў ШІЗА на некалькі месяцаў, а потым перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Акрамя гэтага, цяпер у яго "чырвоная бірка". Зняволеных з "чырвонымі біркамі" не водзяць на прамзону, на іх накладаюцца і іншыя абмежаванні.
Нечалавечыя ўмовы ўтрымання падчас "каранціну"
Часцей за ўсё вязняў у бабруйскую калонію прывозяць або позна ўвечары, або ноччу. Як толькі іх заводзяць на тэрыторыю калоніі, кайданкі з іх здымаюць. Паводле былых вязняў, па прыбыцці адбываецца пастраенне, падчас якога ўсіх дзеляць на дзве ўмоўныя групы: вязняў з "нізкім сацыяльным статусам" і астатніх. Затым усіх вядуць на медыцынскі агляд, дзе ім трэба распрануцца. Затым супрацоўнікі праводзяць "шмон" рэчаў, а потым асуджаным даюць венік, каб яны прыбралі за сабой. Далей вязняў вядуць у душ, а пасля выдаюць спецыяльнае адзенне і засяляюць у каранціннае памяшканне.
"Каранцін" у калоніі — гэта асобнае ізаляванае памяшканне, куды вязняў змяшчаюць па прыбыцці звычайна на 14 сутак да таго, як іх размяркуюць па атрадах. Там за імі вядзецца медыцынскае назіранне, вязні знаёмяцца з распарадкам дня і правіламі ўнутраннага распарадку, з імі праводзіцца тлумачальная праца пра парадак і ўмовы адбыцця пакарання. За парушэнне парадку на "каранціне" вязняў могуць караць "суткамі" ў штрафным ізалятары. Са зняволенымі, якія ўтрымліваюцца ў каранцінным памяшканні, размаўляць астатнім забаронена.
Па словах былых вязняў, "каранцін" — гэта асобы від катаванняў. Увесь дзень зняволеных утрымліваюць у дворыку для шпацыру нягледзячы на надвор'е. Рэчы вязняў адразу трапляюць на склад, потым "дазволеныя" вяртаюць вязням, а астатнія сваякам трэба забраць цягам года, інакш іх спаляць.
На каранціне ў «палітычных» спецыяльна забіраюць прылады для галення. Але адміністрацыі калоніі не перешакаджае караць іх за тое, што "дрэнна пагаліліся". За такое "парушэнне" могуць адправіць нават у штрафны ізалятар.
"Адміністрацыя баялася, што "палітычныя" могуць атруціць ежу"
Вязняў часам адпраўляюць раздаваць ежу ў страўні і прыбіраць там. Але перад рэферэндумам 27 лютага "палітычных" да раздачы не дапусцілі. Прычына, па словах экс-зняволеных, была ў тым, што "адміністрацыя баялася, што яны могуць атруціць ежу".
На працы вязні робяць дубінкі для супрацоўнікаў сваёй калоніі
Адным з кірункаў прадпрыемства на базе калоніі № 2 — вырабніцтва з гумы. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калонія прадавала гумовыя пласціны Украіне, а калі тыя адмовіліся ад супрацоўніцтва, вязні пачалі на некаторы час вырабляць гумовыя дубінкі наўпрост для супрацоўнікаў бабруйскай калоніі. Вязні адзначаюць, што ў дубінкі залівалі эбанітавы стрыжань. Але цяпер іх вырабніцтва спынена.
Акрамя гэтага, асуджаныя вырабляюць нашыўкі для школьнікаў, шыюць адзенне як для сябе, так і для вайскоўцаў, у тым ліку — бронекамізэлькі. Яны робяць і грузавыя вагоны, якія потым ідуць да Кітая.
З дрэва вязні робяць скрыні для выбуховых прыладаў, рацый і прыладаў начнога бачання, а таксама мэблю для Міністэрства унутраных справаў і беларускіх санаторыяў.
Праз санкцыі, уведзеныя Еўразвязам, вырабніцтва некаторых рэчаў была або цалкам спынена, або перанакіравана на Расію.
Што распавядаюць былыя вязні пра бунт у калоніі падчас паслявыбарчых пратэстаў?
Нагадаем, у ноч з 12 на 13 жніўня 2020 года зняволеныя ў калоніі, як і тыя беларусы, якія знаходзіліся на мірных акцыях пратэсту па ўсёй Беларусі, вырашылі выказаць сваю нязгоду з дзейнай уладай. У інтэрнэце з'яўляліся відэа і аўдыё, на якіх чутныя крыкі «Сыходзь!» і шум з будынка калоніі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», у ноч на 13 жніўня на адным з лакальных участкаў калоніі адбыўся мітынг — больш за 500 зняволеных выйшлі ва ўнутраны двор выказаць свой пратэст.
Начальнік калоніі Яўген Бубіч спачатку казаў, што зняволеных караць не будуць. А калі прыезджыя прадстаўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) збіралі людзей і «палохалі» пакараннем, начальнік калоніі казаў ім не баяцца.
У выніку адміністрацыя калоніі палічыла лідарамі бунту некалькіх зняволеных і ўжо 14 жніўня ізалявала іх ад астатніх. Праўда, гэта не дапамагло.
Таму 16 жніўня супрацоўнікі ДВП тэлефанавалі бацькам і «прасілі іх прыехаць у Бабруйск і суцішыць дзяцей». Абяцалі, што з вязнямі ўсё будзе добра. Бацькі прыехалі, пагутарылі з дзецьмі і дамовіліся, што нікога караць не будуць.
Паводле словаў удзельнікаў бунту, Бубіч не пусціў у калонію вайскоўцаў, якія мусілі падавіць пратэст.Але пазней унутры калоніі пачаўся моцны ціск: адміністрацыя збірала паказанні і подпісы, масава выклікалі на допыты асуджаных. На аснове гэтых папер, паводле былых зняволеных, многіх удзельнікаў хваляванняў пасля асудзілі па новых крымінальных артыкулах. Таксама шмат вязняў пачалі рэгулярна змяшчаць у ШІЗА і ПКТ або адпраўляць на турэмны рэжым.
Былыя вязні ўзгадваюць, што хваляванні сярод вязняў доўжыліся чатыры дні: з 13 па 16 жніўня. Адзінае, што сабе дазвалялі сабе зняволеныя пратэстоўцы — увечары пасля адбою не спалі, а пляскалі ў далоні, крычалі лозунгі і гэтак далей. Ніхто нічога не хапаў, не ламаў.
Вось што распавёў праваабаронцам былы зняволены:
"Бунт быў вельмі моцны. Ён быў такі, што каля калоніі нават стаялі вайскоўцы. Людзі і "Жыве Беларусь" крычалі, і вывешвалі самаробныя бел-чырвона-белыя сцягі ў акенцах. Настолькі быў моцны бунт, што падыходзілі вайскоўцы і казалі: "Цішэй, супакойцеся, мы выканаем усё, што вы патрабуеце". Ніхто не спаў пасля адбоя, хадзілі, выносілі ложкі на вуліцы. Туды прывозілі сваякоў і матуль. Але ўрэшце рэшт, калі бунт быў падушаны, людзі пачалі знікаць. Некаторых пераводзілі на "крытыя". Ведаю, што шэсць чалавек, якія нібыта ўзначальвалі гэты пратэст, былі пераведзены на "крытую" да канца тэрміну. А тэрміны ў іх па пяць-шэсць гадоў. Некаторыя прайшлі праз ШІЗА. І тэрміны ім працягвалі да 50 сутак.
Пасля бунта былі зменены ўсе лакацыі. На тэрыторыі нават не было платоў і вязні хадзілі, як хацелі. А цяпер паставілі паміж лакацыямі платы з калючым дротам. Прыкладна за месяц яны ўсё гэты зладзілі. Паставілі электронныя замкі і камеры відэаназірання.
Пасля бунту начальнік калоніі рабіў сход, дзе збіраліся ўсе вязні ў клубе, і сказаў: "Адзінае, што я зразумеў, што людзі павінны адсюль выходзіць"".
Пра пратэст выданню "Зеркало" распавёў яшчэ адзін былы зняволены бабруйскай калоніі:
"Бунт быў выплескам хвалявання за свой тэрмін, за бацькоў, якія дзявятага мітынгавалі, і гэтак далей. Больш гэта тычылася тых, чые бацькі былі ў супольнасцях накшталт «Маці-328». Яго падтрымалі і іншыя лакальныя ўчасткі — агулам больш за тысячу чалавек па зоне дакладна выйшла. Мітынг доўжыўся ўсю ноч — людзі стаялі, выкрыквалі лозунгі. «Гэта было стыхійна, ніякага агульнага плану не было, адбыўся эфект натоўпу".
У чэрвені суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч асудзіў вайсковага пенсіянера Дзмітрыя Нешту па тэрарыстычным артыкуле 289 Крымінальнага кодэкса і за выраб "кактэйляў Молатава" па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса да 12 гадоў калоніі. На судзе Дзмітрый даваў паказанні і растлумачыў, што адна з прычын, якая падштурхнула на здзяйсненне акцыі — бунт зняволеных у бабруйскай калоніі ў жніўні 2020 года, у якой на той момант адбываў пакаранне яго сын. На яго думку, бунт мог быць жорстка падаўлены:
"Праз тыдзень мне дзесьці паведамілі пра тое, што пасля выбараў адбыўся бунт у Бабруйску ў папраўчай калоніі, а там у мяне ў той час сын адбываў пакаранне. Бачачы тое, што адбываецца на волі, я проста трошкі... як жа там бунт душыцца, што там можа быць. Пры гэтым, я цалкам падтрымліваю дзяржаву на прымяненне фізічнай сілы, разумеў, што павінен захоўвацца прынцып законнасці і адэкватнасці прымянення гэтай фізічнай сілы. У шпіталі, акрамя як аналізаваць тое, што адбываецца мне не заставалася. Пры гэтым я думаў, чым я магу ў гэтай сітуацыі дапамагчы. Дыялогу няма, так, наламалі дроў, асабліва ў першыя дні, і пры гэтым не ідзе ніякага дыялогу, усё душыцца сілавымі метадамі”.
Каго пераследуе адміністрацыя калоніі?
- Начальнік калоніі Яўген Бубіч (першы зправа) падчас мерапрыемства з нагоды прысваення яму звання палкоўніка міліцыі
Па дадзеных праваабаронцаў, супраць трох палітвязняў, якія адбывалі тэрміны ў папраўчай калоніі № 2, адміністрацыя ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Так, напрыклад, мінчука Андрэя Навіцкага, асуджанага да 5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, абразу Лукашэнкі ў відэароліку на YouTube і захоўванні пораху, 13 чэрвеня асудзілі яшчэ і па арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызначыў палітвязню яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змяніла яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.
Палітзняволенага жыхара Маладзечна Паўла Пяскова 14 чэрвеня асудзілі да яшчэ аднаго года ў зняволенні. Раней яму прызначылі за патасоўку з амапаўцамі тры гады і тры месяцы калоніі.
Таксама вядома, што 20 кастрычніка ў бабруйскай калоніі № 2 пачаўся разгляд крымінальнай справы па арт. 411 КК супраць 50-гадовага палітзняволенага Аляксандра Зайкоўскага, асуджанага раней да двух гадоў калоніі. Але вынік суда праваабаронцам пакуль невядомы
На палітвязня Андрэя Новікава ў калоніі № 2 увесь час аказвалі ціск. У жніўні Андрэя змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Перад гэтым палітвязня ў калоніі чатыры месяцы ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, а ў сакавіку Андрэя закідвалі ў карцар на 39 дзён. Лісты да Андрэя не даходзілі нават заказныя. Нядаўна яго вызвалілі з калоніі і адразу дэпартавалі ў Расію.
На пружанца Алега Кулешу адміністрацыя ціснула за размову на беларускай мове. Пра гэта ён распавёў у адным з лістоў на волю:
"Мяне тут лічуць іншаземцам. Але жарты скончыліся, калі мяне выклікалі на нейкую пасадную сустрэчу. Там ужо быў вымушаны весці справаздачу па-руску. У асаблівым выглядзе пазначылі мне, дзе я знаходжуся, і таму павінны карыстацца рускаю.Шкада толькі, што слоў забыўся, як павінна быць па-руску, таму чакаў падказак. Але знайшоўся нейкі жаўнер, які засутпіўся за мяне — то было прыемна".
Былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўстваса Смаргоні Андрэй Пятроўскі, асуджаны на 1,5 гады калоніі, у адным з лістоў распавёў, што апошні раз вязняў кормяць у 16:00, а наступным разам вязні ядуць толькі а 6 раніцы:
"Сам магу амаль абыходзіцца без солі, а вось без салодкага — ніяк. Тут гарбата і кісель ледзь-ледзь падсалодчаныя. Нормы такія. У краме нам прадаюць толькі 200 грамаў. Атаварка — адзін раз у 10 дзён. Ну, праўда, можна купіць цукеркі, зефір, ірыс сметанковы, печыва, рулеты, сгушчонае малако, сыркі і г.д. Так што, жыць можна.
У сталоўцы кормяць тры разы на дзень. У 6:30, 12:30 і 16:00. А на волі многія не ведаюць, як пахудзець".
Сябра руху «За свабоду» Ігара Салаўя, гальшанца Івана Вярбіцкага і мінчука Юрыя Бялько за час зняволення ў Бабруйску неаднаразова каралі суткамі ў штрафным ізалятары і змяшчалі ў ПКТ нібыта за парушэнне “правілаў”. Потым адміністрацыя калоніі выступіла з ініцыятывай узмацніць ім пакаранне і перавесці на турэмны рэжым. Цяпер яны адбываюць тэрміны ў турмах.
Перад этапам з калоніі ў турму сваякі Салаўя распавялі пра ўмовы ўтрымання ў Бабруйску для палітвязня:
«Працуе ён, здаецца, 3 гадзіны ў дзень і 4 дні ў тыдзень — выцягвае дрот з гумовых БелАЗаўскіх колаў. Заробак — 4 рублі ў месяц.
Умовы ў атрадзе, паводле яго словаў, нармальныя. Заняты: то малюе, то лісты піша сябрам з розных гарадоў».
Палітзняволенага антыфашыста Дзяніса Болтуця адразу па прыбыцці ў калонію пазбавілі перадачы тэрмінам на чатыры месяцы. Пазней яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар.
Палітзняволенага кобрынца Віталя Жука, асуджанага за абразу Лукашэнкі, некалькі разоў запар змяшчалі ў штрафны ізалятар. Першы раз яго змясцілі туды на 5 сутак. Адразу пасля выхаду яго перавялі ў новы атрад да «злосных парушальнікаў рэжыму». А праз некалькі дзён яго змясцілі ў ШІЗА тэрмінамі на 10 сутак. У ліпені стала вядома, што палітвязня адправілі ў ПКТ тэрмінам на пяць месяцаў.
Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя бабруйскай калоніі рэгулярна аказвала ціск і на палітзняволенага неўролага Аляксандра Цялегу, якога пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач, а потым узбудзілі новую крымінальную справу.
Неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і палітвязня Арцёма Анішчука. Акрамя гэтага, у красавіку 2021 года Арцём выявіў, што ў сухафрукты, якія захоўваліся ў яго рэчах на складзе, залілі вадкі сродак для мыцця посуду. А за два-тры тыдні да гэтага Арцём распавёў адвакату, што да яго "пасадзілі правакатара", з якім ён вымушаны дзяліць адну тумбачку. Па словах Арцёма, той складваў туды забароненыя рэчы, якія прыпісвалі Арцёму.
Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях