Аляксандр Айнутдзінаў. Скрыншот з відэа МУС Гомельскі абласны суд 15 лістапада вынес прысуд 46-гадоваму жыхару абласнога цэнтра Аляксандру Айнутдзінаву, якога абвінавацілі ў спробе далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, а таксама за язду на матацыкле без правоў.

Судовы працэс вёў суддзя Вячаслаў Калюка.

Палітвязню Аляксандру Айнутцінаву выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу) і ч. 1 арт. 317-2 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання).

"Пакаяльнае відэа" з жыхаром Гомеля Аляксандрам Айнутдзінавым праўладныя тэлеграм-каналы размясцілі 18 ліпеня.

На ім мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя тэлеграм-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі.

Па матэрыялах следства, якое праводзіў следчы аддзел УКДБ па Гомельскай вобласці, Аляксандр Айнутдзінаў з лютага да ліпеня 2022 года з выкарыстаннем розных інфармацыйных рэсурсаў сабраў інфармацыю аб парадку і спосабе ўступлення ў узброенае фарміраванне, якое ўваходзіць у склад Узброеных Сіл Украіны. Пасля чаго накіраваўся на беларуска-ўкраінскую мяжу для яе незаконнага перасячэння і прыбыцця на месца дыслакацыі воінскага падраздзялення з мэтай удзелу ва ўзброеным канфлікце і ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны без упаўнаважання Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі катэгорыі “А”, раней неаднаразова прыцягваўся да адказнасці па лініі ДАІ па ч. 1 і ч. 2 арт. 18.14 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. У чэрвені 2022 года ён зноў сеў за руль матацыкла “Ява 350”, на якім перасоўваўся па вуліцах Гомеля да моманту яго затрымання супрацоўнікамі ДАІ.

Суд прызнаў Айнутдзінава вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і  адзін месяц ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яго пазбавілі права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 год.

Падтрымайце Аляксандра пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі:  Следчы ізалятар № 3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная,1А (Айнутдзінаў Аляксандр Эдуардавіч).

Крыніца: Яшчэ адзін прысуд у Гомелі: за спробу далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага – чатыры гады і адзін месяц калоніі