У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-17 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі былую палітзняволеную паштальёнку Ларысу Танкашкур
Напачатку 2021 году Ларысу асудзілі да трох месяцаў арышту за перадачу ў тэлеграм-чат дадзеных дзесяткаў міліцыянтаў.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, адразу пасля вызвалення Танкашкур даслала дадзеныя свайго суддзі і пракурора ў "Чорную Кнігу Беларусі".
У Мінску за ўдзел у пратэстах затрыманы Вальтэр Гома — ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае" відэа з ім пад песню "Убили Негра"
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, «дадзены персанаж з каларытнай знешнасцю аказаўся няўдзячны сваёй новай Радзіме і вырашыў выйсці на вулічныя маршы».
Паводле сілавікоў, Вальтэр удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама дасылаў відэа ў чат-бот Nexta. Яны пішуць, што пасля «сутак» хлопец «магчыма выйдзе на волю».
Віцебскую журналістку Жанны Жалевіч затрымалі і аштрафавалі
Ёй прызначылі 100 базавых штрафу (3 200 рублёў). Пасля суда жанчыну адпусцілі.
Нагадаем, журналістку 15 лістапада выклікалі ў міліцыю з-за допісаў "са сцягам" і "з надпісамі" у сацсетках. Пазней Жанну адпусцілі да суда — ён павінен быў прайсці ў гэтую пятніцу, аднак 16 лістапада раніцай да Жалевіч ламіліся ў кватэру.
У Брэсце затрыманы яшчэ адзін студэнт універсітэту — 21-гадовы Максім Міцкевіч
Паводле сілавікоў, студэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Пушкіна пакінуў у тэлеграме каментар пра міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. За гэтае ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
Брэсцкія праваабаронцы знайшлі каментар са скрыншота міліцыянтаў ды высветліла: паведамленне было напісана ў тэлеграм-чаце «Лухтовикинги» яшчэ ў красавіку 2021 года. Ды з'яўлялася адказам на навіну пра інтэрв'ю Макея, згодна з якой чыноўнік заяўляў: беларускія ўлады пры падаўленні пратэстаў выбралі парушаць правы чалавека нібыта дзеля «захавання суверэнітэту».
Фігуранта "справы Ціханоўскага" Арцёма Сакава перавялі ў магілёўскую турму
9 лістапада ў судзе Шклоўскага раёна разглядзелі справу аб узмацненні рэжыму палітвязню і пераводзе Арцёма на турэмны рэжым. Па рашэнні суда Сакава перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Арцём — былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 14 снежня ў Гомелі Арцёму прысудзілі 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па "справе Ціханоўскага". Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі 19 жніўня змясціла Арцёма ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы.
Нядаўна суд пастанавіў, што ўсе фігуранты павінны выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі "супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".
Падтрымайце палітвязня: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Арцём Мікалаевіч Сакаў
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 16-17 лістапада Дапоўнена