Жлобін, 10 жніўня 2020 года У судзе Жлобінскага раёна вынесены яшчэ адзін прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года. У арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) абвінавацілі мясцовага жыхара Віктара Чараўкова. На гэты час вядома, што ў Жлобіне вынесена каля паўсотні прысудаў па гэтым артыкуле.

Справу разглядала суддзя Наталля Качалава.

Па матэрыялах абвінавачання Віктар Чараўкоў, “з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста супраць хода і вынікаў выбараў, а таксама вядзення дэкструктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэння напружанасці ў грамадстве, прыняў 9 жніўня разам з іншымі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях… спалучаных з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Пры гэтым абвінавачаны наўмысна перашкаджаў руху транспарта і працы прадпрыемстваў: некаторы час знаходзіўся на праезднай частцы вуліц, гучна крычаў і пляскаў ў далоні".

У выніку такіх дзеянняў як заявіў у судзе прадстаўнік абвінавачання, некалькі аўтобусаў былі вымушаныя змяніць маршрут свайго руху,

Суд пакараў Чараўкова абмежаваннем волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд быў вынесены 15 верасня.

Крыніца: У Жлобіне вынесны прысуд чарговаму ўдзельніку акцый пратэсту ў 2020 годзе