У судзе Мёрскага раёна 17 лістапада быў агучаны прысуд 69-гадовай былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эме Сцепулёнак. Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год,але ў сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Ірына Яскевіч прызначыла палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда. У зняволенні ёй засталося адбыць прыкладна 4 месяцы. Эму Сцепулёнак затрымалі 29 верасня 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Першыя два месяцы жанчыну ўтрымлівалі ў жодзінскай турме № 8, а потым перавялі ў віцебскі СІЗА-2. У сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. 7 лістапада Эма Антонаўна адзначыла 69-годдзе дома.

Эма Антонаўна Сцепулёнак
Эма Антонаўна Сцепулёнак

Судовы працэс над Сцепулёнак распачаўся 10 лістапада ў судзе Мёрскага раёна. Справу пенсіянеркі разглядала суддзя Ірына Яскевіч.

Спачатку паведамлялася, што яе вінавацяць паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэкса, але судзілі за абразу Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Па інфармацыі праваабаронцаў, у першы дзень суда жанчыне стала дрэнна — у яе падняўся ціск. Таму Эме Антонаўне выклікалі хуткую дапамогу.

17 лістапада суддзя Ірына Яскевіч прызнала Сцепулёнак вінаватай паводле артыкулаў 369 і 368 Крымінальнага кодэкса і асудзіла яе да двух гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Кайданкі на палітзняволеную надзелі ў зале суда. У зняволенні ёй засталося адбыць прыкладна 4 месяцы. 

Крыніца: Пенсіянерку Эму Сцепулёнак асудзілі да 2 гадоў калоніі і ўзялі пад варту ў зале суда