18 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Брэста вынесены прысуд 29-гадоваму палітзняволенаму Антону Якавуку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі») і асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Прысуд агучыла суддзя Марына Скалковіч.

Антон быў затрыманы 29 верасня 2022 года. Мужчыну судзілі за тое, што ён выклаў у сторыз у Інстаграм відэа з Лукашэнкам з каментаром з аднаго слова, які абвінавачанне палічыла зневажальным.

Вядома, што Якавук — футбольны фанат, заўзее за ангельскі «Ліверпуль». Як мінімум з 2015 да 2019 ён гуляў за аматарскі берасцейскі клуб «Смена».

Марына Скалковіч вядомая палітычна матываванымі прысудамі. 16 лютага  яна прызнала Ігара Новікава вінаватым у надпісах на фасадах будынкаў і каментары ў бок Лукашэнкі, прызначыўшы яму два гады калоніі агульнага рэжыму. Яна ж асудзіла палітвязня Аляксандра Антанюка на 1,5 года пазбаўлення волі паводле "справы карагодаў". Таксама суддзя прызнала вінаватым Вячаслава Панасюка ў каментары пад фатаграфіяй губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, накіраваўшы яго на два гады "хіміі"

Падтрымаць Антона можна па адрасе: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37. Антон Вячаслававіч Якавук.

Крыніца: Палітзняволенага асудзілі на год калоніі за адно слова ў бок Лукашэнкі