У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22Пра лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінчука адправілі за краты за "пікетаванне аб'явай пра продаж календара з Пагоняй" на "Куфары"
У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе "неабыякавай грамадзянкі". Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне, шляхам размяшчэння аб'явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі: "Жыве Беларусь!", "Жыве вечна!", "Не разбіць!", "Не спыніць!", "Не стрымаць!"». Міліцыянты расцанілі гэта як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.
Хлопец на судзе паведаміў, што аб'яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з'яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт "Kufar" і пабачыла аб'яву з Пагоняй і лозунгамі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Затрыманы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка
Як паведамляе "Народная Воля", мужчына не вярнуўся з допыта ў Баранавічах, куда ездзіў 21 лістапада.
«Беларускі Тэлеграм» у Беларусі прызнаны экстрэмісцкім
Па заяве пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска Telegram-канал «Беларускі Тэлеграм» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Кантрактнікаў будуць звальняць з арміі за рэпосты з "экстрэмісцкіх" каналаў
Мінабароны дадало некалькі новых падставаў для датэрміновага скасавання кантрактаў. Гэта вынікае з новай пастановы Мінабароны № 49 ад 12 кастрычніка.
Распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў стаў адною з новых прычынаў для датэрмінавага скасавання кантракта.
Таксама падставаю для звальнення будуць "парушэнне нормаў аб абароне персанальных дадзеных" і ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія ўлады палічаць несанкцыянаванымі, або заклікі аб іх правядзенні.
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Пераслед за нацыянальную сімволіку, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 22 лістапада