У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Верхнядзвінску затрыманая грамадская актывістка Валянціна Болбат
У Верхнядзвінску 22 лістапада пасля ператрусу затрымалі грамадскую актывістку Валянціну Болбат. Сілавікі вынялі тэхніку і звезлі ў невядомым накірунку. Падставы для затрымання не паведамілі.
Меркавана, затрыманне адбылося ў межах рэйда на былых актывістаў Руху "За Свабоду". Праваабаронцам вядомы ўжо пяць фактаў пераследу.
Затрыманні супрацоўнікаў "СветлагорскХімвалакно"
Паведамляецца, што 22 лістапада ў Светлагорску былі затрыманыя галоўны энергетык "СветлагорскХімвалакно" Канстанцін Дзікун і вядучы эканаміст прадпрыемства Руслан Міхаленка. Па папярэдней інфармацыі, прычынай затрыманняў сталі каментары ў інтэрнэце.
КДБ прыйшоў з ператрусам у баранавіцкага актывіста Юрыя Казакевіча
Казакевіч — гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай "Росквіт" і актывіст руху "За Свабоду".
Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння з ператрусам да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ у Баранавічах. Прычыны візіту пакуль высвятляюцца.
Нагадаем, учора таксама праводзілі ператрусы ў Георгія Станкевіча, Аляксея Атрошчанкі і Уладзіміра Кацоры. Сілавікі распытвалі ў іх пра рух «За Свабоду».