У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 лістапада распачаўся суд над гітарыстам «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіславам Плюшчавым. 4 жніўня палітвязня ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі з канфіскацыяй яго асабістага аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў. Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (Паклёп); ч. 3 арт. 203-1 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка. Дзяржабвінаваўца запрасіла для палітвязня тры гады зняволення і 300 базавых велічыняў штрафу з улікам папярэдняга прысуда. "Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць музыку Уладзіслава Плюшчава. Уладзіслаў Плюшчаў — знакаміты беларускі музыка, які граў у гуртах "Крамбамбуля", ZET, Pomidor/off и Hasta la Fillsta. Палітвязня затрымалі 12 красавіка гэтага года. Спачатку яго арыштавалі на 25 сутак, а пасля арышту перазатрымалі па крымінальнай справе. 4 жніўня Плюшчава прызналі вінаватым па арт. 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп) і арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і прысудзілі яму два гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суддзяАлена Бушава прызначыла палітвязню штраф у памеры 6 400 рублёў і прыняла рашэнне аб канфіскацыі яго асабістага аўтамабіля. 28 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня, але рашэнне суддзі пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення.
Гітарысту "Крамбамбулі" і Pomidor/off Уладзіславу Плюшчаву прысудзілі 2 гады калоніі
У канцы кастрычніка стала вядома, што супраць Уладзіслава ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп) і ч.3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Новую крымінальную справу Плюшчава зноў разглядаюць у судзе Фрунзенскага раёна Мінска, суддзя — Андрэй Млечка.
Паводле абвінавачвання, "Плюшчаў у перыяд з 2 верасня 2021 года па 4 лютага 2022 года, рэалізуючы незаконны збор і распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё, персанальных дадзеных іншых асобаў і іх блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці і выкананнем грамадскага абавязку, без іх згоды наўмысна здзейсніў збор, у тым ліку з дапамогай капіявання з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюдзіў у агульнадаступным тэлеграм-чаце "Пружаны — это не ваш город", а таксама ў агульнадаступных тэлеграм-чатах, прызнаных экстрэмісцкімі, інфармацыю пра прыватнае жыццё, персанальныя дадзеныя іншых асобаў і іх блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці і выкананнем грамадскага абавязку, з-за чаго паказаныя звесткі сталі даступныя для выкарыстання нявызначанаму колу асобаў, чым прычыніў істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелым.
Таксама ён у гэты ж перыяд часу, маючы і рэалізуючы намер на распаўсюд загадзя ілжывых і прыніжаючых гонар і годнасць іншай асобы звестак ці іншай інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце, наўмысна размясціўпублікацыі, у тым ліку з дапамогай капіявання з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюдзіў у агульнадаступным тэлеграм-чаце "Пружаны — это не ваш город", а таксама ў агульнадаступных тэлеграм-чатах, прызнаных экстрэмісцкімі, загадзя ілжывыя і прыніжаючыя іншую асобу звесткі".
Падчас суда Уладзіслаў адмовіўся ад дачы паказанняў, таму на судзе зачыталі тыя, якія ён даваў падчас папярэдняга следства. На допыце са следчым ён цалкам прызнаў віну.
Агулам па справе прызналі пацярпелымі 43 чалавекі. Сярод іх дырэктарка дзіцячай школы мастацтваў імя Шырмы Вераніка Крылова, начальніца аддзела адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірына Казарэз, дырэктарка прадпрыемства "Пружанская Архітэктура" Ала Шахновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі пружанскага райвыканкама Аляксандр Момлік, старшая следчая пружанскага Следчага камітэту Святлана Мікус, былы начальнік АПП Пружанскага РАУСа Павел Сандрыгайла, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пружанскага раёна Мікалай Кудравец,галоўная спецыялістка аддзела ідэалагічнай працы, культуры па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама Алена Сабітава, ейны муж, былы міліцыянт Эдуард Сабітаў, і ейны сын Ігар Сабітаў, які ў 2020 годзе працаваў старшым оперупаўнаважаным 1-га аддзела 6-га ўпраўлення ГУБАЗіКу па Брэсцкай вобласці, а цяпер — тэсціроўшчыкам праграмнага забеспячэння.
Як сцвярджаецца ў абвінавачванні, Плюшчаў рабіў рэпосты ў тэлеграм-чат "Пружаны — это не ваш город" з такіх "экстрэмістскіх" каналаў, як "Каратели Беларуси", "Все нарушения", "Чёрная книга Беларуси", "Народный контроль судей". А таксама нібыта пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і размяшчаў інфармацыю, якая змяшчае загадзя ілжывыя, прыніжаючыя іншую асобу звесткі і паклёп.
Так, напрыклад, экспертыза прызнала, што "ў паведамленні ад 06.12.21 у 10:57 ёсць выказ, у якім негатыўна ацэньваецца Юрый Пісун. Негатыўная ацэнка рэалізавана з дапамогай праграмна-моўнай гульні, суб'ект выкарыстоўвае асацыяцыйнае збліжэнне прозвішча Пісун і …, ператвараючы пры дапамозе словозамены прозвішча ў крыўдную мянушку, сугучную са словамі, што выклікаюць адмоўныя асацыяцыі".
Таксама "негатыўнай ацэнкай" былі прызнаныя словы "Дебилы" и "Олень".
Адзіным, хто заявіў пазоў для кампенсацыі яму маральнай шкоды, стаў былы начальнік АПП Пружанскага РАУСа Павел Сандрыгайла. На суд ён не прыйшоў. А ў сваіх паказаннях адзначыў, што пасля публікацыі ягоных дадзеных ён адчуў маральныя пакуты. Пазоў склаў 1 500 рублёў. Суд яго задаволіў.
З улікам папярэдняга пакарання ў выглядзе двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у 200 базавых велічыняў, дзяржабвінаваўца просіць агулам пакараць палітвязня трыма гадамі калоніі і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.
Прысуд Уладзіславу будзе агучаны 24 лістапада ў 14:00.
Падтрымаць Уладзіслава грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіслаў Яўгенавіч Плюшчаў
Крыніца: Палітвязню Уладзіславу Плюшчаву заўтра агучаць прысуд па новай крымінальнай справе