24.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, дыфамацыя У Брэсцкім абласным судзе 21 лістапада асудзілі Сяргея Нікіцюка паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў Сяргею Нікіцюку тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў пракурор Аляксандр Бацюшка.
Сяргею паставілі ў віну два эпізоды.
Як паведамляе "Брэсцкая Вясна", 19 траўня 2021 года мужчына ў сацсетцы “Вконтакте” пад допісам на старонцы “Белсат TV” пакінуў каментар “Трепло” у адрас Лукашэнкі. Суд палічыў каментар публічнай абразай.
27 лютага 2022 года Сяргей, у межах акцыі “Перакрэслі рэферэндум, перакрэслі беззаконне”, даслаў у тэлеграм-бот рэдакцыі NEXTA фота бюлетэня для галасавання на рэферэндуме аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Беларусі. Абвінавачанне кваліфікавала гэта, як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Мужчына цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Сяргею Нікіцюку 33 гады, ён навучаўся ў Валынскім нацыянальным універсітэце імя Лесі Ўкраінкі. Жыве ў Жабінцы Берасцейскай вобласці. Мужчына мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.