28.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, дыфамацыя Суд Цэнтральнага раёна Мінска 28 лістапада завяршыў разгляд крымінальнай справы 36-гадовага жыхара сталіцы Міхаіла Тарасевіча.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.
Міхаіла Тарасевіча меркавана затрымалі 30 жніўня 2022 года, да суда ён утрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска. Быў абвінавачаны па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 391 – абраза суддзі або народнага засядацеля;
- арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 1 арт. 366 – гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі;
- арт. 364 – гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
- ч. 2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, здзейсненыя паўторна.
Судовы працэс пачаўся 22 лістапада і завяршыўся абвінаваўчым прысудам: па сукупнасці абвінавачанняў суддзя Вікторыя Шабуня канчаткова прызначыла Тарасевічу пазбаўленне волі тэрмінам на шэсць гадоў ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць кампенсацыі маральнай шкоды пацярпелым і ўрон, нанесены спыненнем грамадскага транспарту ў памеры 49 тысяч рублёў, што складае амаль 20 тысяч долараў.