28.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, палітвязьні, справа Вясны Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць супраць старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года. Па гэтай жа справе будуць судзіць і Зміцера Салаўёва ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Дата суда пакуль непрызначаная. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
Згодна версіі абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі.
Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".
Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з мая 2020 года па 14 ліпеня 2021 года".
У прыватнасці, праваабаронцам ставіцца ў віну:
- аплаты штрафаў за асобных асоб, прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь;
- выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
- аплаты замест некаторых асоб, якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў;
- аплаты працы адвакатаў, у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.
"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.
На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь са згоды Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь у дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.
Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні
Крыніца: "Справу Вясны" накіравалі ў суд. Хутка палітзняволеных праваабаронцаў пачнуць судзіць