30.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, палітвязьні, дыфамацыя У судзе Пухавіцкага раёна 2 лістапада вынеслі другі прысуд у адносінах да палітзняволенага лекара-неўролага Аляксандра Цялегі.Напачатку года яго ўжо асудзілі ў Гродне да чатырох гадоў пазбаўлення волі за 32 каментары ў адносінах да суддзяў, чыноўнікаў, сілавікоў. Палітвязня ўжо накіравалі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію № 2, але супраць яго зноў узбудзілі крымінальную справу за каментары — у адносінах да вайскоўцаў, які застрэліў у жніўні 2020 года берасцейца Геннадзя Шутава. Цяпер лекара судзілі ў Мар'інай Горцы — менавіта там размяшчаецца вайсковая частка № 89417 сіл спецыяльных аперацый, у якой служылі гэтыя вайскоўцы. Яны, як і па справе супраць палітвязня Аляксандра Кардзюкова і загінулага Генадзя Шутава, праходзілі на гэтым працэсе пацярпелымі.

Аляксандра Цялега

Аляксандр Цялега працаваў у расійскім Нарыльску, а вясной 2021 года прыехаў у родны Барысаў у адпачынак, дзе і быў затрыманы. Ён быў затрыманы за 32 каментары, якія кваліфікавалі як абразы і пагрозы ў адносінах да суддзяў, чыноўнікаў і сілавікоў. Сярод іх — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Марыя Ярохіна, намеснік генпракурора Аляксей Стук.

На працэсе Цялега прызнаў толькі віну па артыкулах 369 і 391 Крымінальнага кодэкса. Па артыкуле 364 КК віну не прызнаў. Аляксандр казаў, што дапамагаў валанцёрам на Акрэсціна, яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. Раней ён працаваў ваенным лекарам. Аляксандр выказаў меркаванне, што калі сілавікі такія і "далікатныя", то іх нельга браць на службу. Палітвязень катэгарычна адмаўляў віну па эпізодах пра пагрозу гвалту, паколькі "знаходзіўся ў трох тысячах кіламетраў ад Беларусі".

21 студзеня 2022 суддзя Ленінскага раёна Гродна Ганна Лявусік прызнала Аляксандра вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі). У выніку, палітвязню прызначылі чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Адбываць тэрмін Цялегу накіравалі ў бабруйскую калонію № 2, дзе на яго аказваўся ціск: адміністрацыя рэгулярна складала рапарты на палітзняволенага з надуманых прычынаў. Яго пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач.

У Гродне лекара-неўролага асудзілі да 4 гадоў калоніі. На судзе ён заявіў пра збіццё

У выніку, суддзя Ганна Лявусік прызнала палітвязня вінаватым і асудзіла да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў у суда пракурор Ефімовіч.

28 кастрычніка МУС унёс Аляксандра ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці". Гэта значыць, што пасля вызвалення лекару-неўролагу будзе абмежавана яго прафесійная дзейнасць, бо на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці ўнесеным у гэты спіс асобам забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў.

1 лістапада над палітвязнем адбыўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна. Яго судзілі ў адкрытым рэжыме за старыя каментары паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 366 (пагроза гвалтам у адносінах да службовай асобы). Каментары тычыліся вайскоўцаў з часткі № 89417 сіл спецыяльных аперацый Рамана Гаўрылава, які стрэліў у берасцейца Геннадзя Шутава 11 жніўня 2020 года і той загінуў ад гэтага, і Арсенія Галіцына. Цяпер справу разглядала суддзя Вольга Бабук. Вядома, што пракурор запрашваў для Цялегі па новых эпізодах яшчэ паўгады пазбаўлення волі. У выніку суддзя прызначыла яму столькі ж — на агульны тэрмін гэта не паўплывала. Аляксандр падаў апеляцыйную скаргу — суда па ёй ён будзе чакаць у жодзінскай турме.

Падтрымайце палітвязня лістамі: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Аляксандр Анатольевіч Цялега

Крыніца: Палітзняволенага лекара асудзілі за каментары другі раз