30.11.2022 Тэгі: адміністратыўны перасьлед, перасьлед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Рэйд на інкасатараў у Гомелі
Праваабаронцам стала вядома, што сілавікі 24 лістапада прыходзілі ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю "ИНКАССО.ЭКСПЕРТ".
"Знялі з маршрутаў 5 ці 6 чалавек. І павялі з сабой. Некаторых хлопцаў проста апытвалі. А некаторых адпусцілі, адпісаўшыся пры сілавіках ад "экстрэмісцкіх" каналаў", — распавядаюць крыніцы.
Вядома, што на 10 сутак арыштавалі Мікалая Ашарчука, Аляксандра Губарэвіча і Максіма Баравікова.
У Мёрах "хапун" на заводзе — затрыманы як мінімум 5 чалавек
Праваабаронцам стала вядома, што сёння на Мёрскім металапракатным заводзе адбыўся масавы «хапун» — затрымана як мінімум пяць чалавек. Вядома, што затрыманні праводзяць сілавікі з Віцебску.
Падрабязнасці і прозвішчы затрыманых удакладняюцца.
Вядома, што сярод затрыманых у Мёрах — Сяргей Ерафееў. Паведамляецца, што сілавікі паехалі дадому да затрыманых ладзіць ператрусы.
Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманым інкрымінуюць "злівы" ў ЧКБ і абразы ў каментарах.
У Мінску была затрыманая сацыёлагіня і кандыдатка навук Аксана Шэлест
Разам з Аксанай таксама быў затрыманы Кірыл Мальцаў. Затрыманне, папярэдне, праводзіў ГУБАЗіК.
Дзе яны знаходзяцца і што ім інкрымінуецца — невядома.
Ініцыятыва "Страна для жизни" прызнана "экстрэмісцкім фармаваннем"
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Паводле сілавікоў, ініцыятыва прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» "за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы ўчынення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь".
Святар Уладзіслаў Багамольнікаў, які трэці месяц знаходзіцца на Акрэсціна, трымаў за кратамі галадоўку
Пра гэта піша навуковец Сяргей Гаранін, які сядзеў з праваслаўным сьвятаром на "сутках".
"Ён памрэ. Так, я ведаю пра "каруселі". І пра тое, што на Акрэсціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ... Да таго ж стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся, і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць... Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж ён і галадоўку трымаў...
Уладзіслаў чалавекмужны і трымаецца ён з годнасцю і моцна. Падтрымлівае іншых.
Зрабіць яму ЯНЫ нічога не могуць. Таксама прад'явіць яму па факце нічога не можна. Ну, адслужыў ён ліцію па Раману Бандарэнку — дык што? Гэта пастарскі абавязак...Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна".
Багамольнікаў быў затрыманы 31 жніўня і з таго часу знаходзіцца на Акрэсціна, адбыўшы 6 адміністрацыйных тэрмінаў запар.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: "Страна для жизни" – "экстрэмісцкае фармаванне" і новыя затрыманні: пераслед 30 лістапада Дапоўнена