01.12.2022 Тэгі: крымінальны перасьлед, адміністратыўны перасьлед, грамадства, перасьлед, рэпрэсіі, затрыманьні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У палітзняволенага Віктара Бабарыкі новая праца ў калоніі

Праз гэта яго ўмовы знаходжання за кратамі рэзка пагоршыліся. Палітвязень цяпер выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень (9 гадзін) 6 дзён у тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы. Без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены.

Раней Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30.

Палітычным «хатнім хімікам» працягваюць узмацняць жорсткасць рэжыму

Праваабаронцам паведамляюць, што ў некаторых гарадах да тых, хто адбывае палітычную «хатнюю хімію», пачалі часцей прыходзіць міліцыянты з праверкамі — часам прыходзяць нават па начах. Вядома пра выпадкі, калі да людзей прыходзяць двойчы за вечар.

Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Баранавічах такім людзям скарацілі вольны час з 2 да 1 гадзіны, кожную нядзелю ім трэба быць на «мерапрыемствах» (раней — раз на два тыдні). Таксама ў людзей узніклі праблемы з камандзіроўкамі. А палітычныя «хатнія хімікі» з Мінску распавядаюць, што ў іх кожны тыдзень начныя праверкі, людзям забараняюць вадзіць дзяцей на кружкі і секцыі.

Вядома, што за парушэнне рэжыму людзям даюць суткі, чаго раней не было.

Бармэна Вальтэра Гома арыштавалі на 13 сутак. Ці выйшаў ён на волю — невядома

Вядома, што Вальтэра Гома затрымалі ў пачатку лістапада ў Мінску — ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з ім пад песню "Убили Негра". У Савецкім РУУСе на яго склалі партакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Паводле пратакола, Вальтэр "адмовіўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся і хапаўся за дзверы аўтамабіля".

Віну сваю мужчына прызнаў і растлумачыў, што адмовіўся выйсці з машыны, бо думаў, што гэта розыгрыш. Пазней, калі ўсё зразумеў, то дабраахвотна выйшаў.

У выніку суддзя Савецкага раёна Мінска Вольга Емяльянчанка 11 лістапада прызнала Гома вінаватым і прызначыла яму арышт тэрмінам на 13 сутак.

ГУБАЗіК разграміў кватэру маці загінулага каліноўца Паўла «Волата» 

suslava_kvatera.jpg
Скрыншот відэа з праўладнага тэлеграм-канала

Раней супраць Наталлі Суславай распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».

У канцы свайго роліка сілавікі просяць пакідаць заяўкі на тое, чыю кватэру ім разграміць у наступны раз.

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ чатырох чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ чатырох чалавек. Цяпер у ім 962 чалавекі, з іх 217 — беларусы.

Сярод іх Андрэй Андрасенкаў, Ілля Гольцаў, Паліна Арэхава і 19-гадовы Ілля Верамееў, якога асудзілі да 6,5 гадоў калоніі за заклікі дзейнічаць супраць вайны.

Адзначым, што ў спісе 963 чалавекі, але там двойчы ўнесена палітзняволеная Вольга Цыбульская — жанчыну дадалі ў тэрарыстычны спіс яшчэ ў верасні, а потым прадублявалі яшчэ раз у лістападзе.

За абразлівы каментар пасля смерці Макея затрымалі яшчэ двух людзей

Паводле сілавікоў, адзін з мужчынаў ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў цынічныя абразы і заклікаў да гвалту і ўкраінскай агрэсіі супраць Беларусі.

kamentar_makej.jpg
Скрыншот відэа з праўладнага тэлеграм-канала

На «пакаяльным відэа» другі мужчына кажа, што пакінуў «негатыўня водгукі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах пра смерць кіраўніка МЗС». 

kamentar_makej2.jpg
Скрыншот відэа з праўладнага тэлеграм-канала

Такім чынам, гэта ўжо трэці чалавек, пра затрыманне якога за каментар пра Макея паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Усяго, паводле іх, устаноўлены дадзеныя 20 чалавек, якія знаходзяцца ў Беларусі і напісалі абразлівыя каментары пасля смерці кіраўніка МЗС.Таксама нібыта ўстаноўлена каля 50 чалавек, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі — сілавікі абяцаюць ім «цёплы прыём пры вяртанні».

Следчы камітэт перадаў справу ў дачыненні Ціханоўскай, Латушкі і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады ў пракуратуру

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз.

Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

Крыніца: Затрыманні за каментары наконт смерці Макея, папаўненне спісу "тэрарыстаў". Хроніка пераследу 1 снежня