02.12.2022 Тэгі: крымінальны перасьлед, палітвязьні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў СІЗА-1 ужо сямнаццаць месяцаў. Там жа праваабаронца дазнаўся, што ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Але на цырымонію ўручэння ён патрапіць не зможа — крымінальную справу супраць яго і іншых вясноўцаў накіравалі ў суд. У Беларусі Нобелеўскаму лаўрэату пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць. Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук распавяла "Вясне", як яна ўспрыняла навіну пра прэмію і як гэта ўспрыняў сам Алесь, падзялілася меркаваннямі, ці паўплывае яна на яго сітуацыю і як цяпер адчувае сябе Алесь.
"Не было ніякіх чаканняў "
7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, украінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял" сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру. Наталля кажа, што цяпер гэта было абсалютна нечакана, бо праваабаронцу вылучалі на прэмію ўжо пяць разоў:
"Гэта была ашаламляльная навіна, але пры ўсіх супярэчлівых пачуццях — прыемная і радасная. Цяпер, у адрозненні ад папярэдніх разоў вылучэння Алеся на прэмію ў ранейшыя гады, не было ніякіх чаканняў, бо пра ягонае намінаванне ніхто не ведаў і не казаў.
Калі ў пяпярэдні раз Алесь быў у зняволенні [2011-2014 гады], то да яго і іншых палітвязняў таго часу была пільная ўвага ў свеце, але цяпер такой увагі не адчувалася. Я тлумачыла гэта тым, што за кратамі цяпер утрымліваецца незлічоная колькасць людзей, і ўвагу трэба размяркоўваць паміж імі ўсімі. І гэтае зацішша сфармавала ў мяне думку, што на Алеся наогул забыліся, а пра прэмію такога ўзроўню нават і думак не было. Мы цяпер жывем у змрочныя часы, у якіх людзі закінутыя ў турмы і мусяць выжываць, як могуць, таму і разлічваць на нешта большае не прыходзілася".
"Гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю"
Наталля перакананая, што рашэнне Нобелеўскага камітэту стала падтрымкай для многіх беларусаў і беларусак, якія працягваюць барацьбу за свабоду:
"Я лічу, што гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія маюць спадзяванні на свабоду і волю. Гэта прэмія — арыентыр для іх. Я думаю, што беларусы ўспрынялі гэтую навіну радасна і са спадзевамі".
"За адно-два "лішнія" словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу"
Пасля навіны пра атрыманне прэміі за два месяцы з СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк бы выказваўся пра прэмію:
"На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной".
Падрабязнай інфармацыі пра тое, у якіх умовах утрымліваецца Алесь Бяляцкі, таксама няма. Напрыканцы жніўня праваабаронцам стала вядома, што старшыню Праваабарончага цэнтра ўтрымліваюць у так званым "спецкалідоры" — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.
"Вядома толькі, што ён цяпер утрымліваецца там жа, дзе і раней. Больш нічога невядома. Наколькі я зразумела за гэты час, яму наогул забараняюць распавядаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое як ідзе следства, выказвацца пра сучасную палітычную сітуацыю і іншае. Ад іншых палітвязняў пра гэта часам можна даведацца. Яго ж лісты вычышчаныя ад усяго, бо ўмоўна, за адно-два "лішнія" словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу. Але нават і пры гэтым не ўсе лісты выпускаюць на волю. Такое ўражанне, што проста выкідаюць ці цотныя, ці няцотныя".
"Умовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца "
Наталля адзначае, што Алесь выглядае спакойным, але ўсё роўна выклікае заклапочанасць і хваляванні за яго здароўе:
"Ён трымаецца, але, але ўсё роўна бачна, што здароўе пагаршаецца. Гэта вялікая праблема не толькі для Алеся, але і для ўсіх зняволеных. Даводзіцца канстатаваць, што ўмовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца. Ці выводзяць зняволеных на свежае паветра, ці адбываецца гэта рэгулярна, сказаць цяжка. Я толькі адзін раз за ўвесь час пра гэта прачытала ў ягоным лісце.
Алесь рэдка паказвае, што штосьці адбываецца дрэннае. Таму яго расповед пра сябе даволі сціслы і не заўсёды канкрэтны. І мне любую інфармацыю даводзілася даставаць праз ускосныя пытанні да яго. Гэта было першае спатканне за паўтара года. Я рада была яго бачыць, мы радыя былі бачыць адзін аднаго”.
"Гэта павінна даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах"
28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. Гэта стала вядома з прэс-рэліза Генеральнай пракуратуры. На жаль, падобныя прэс-рэлізы з'яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі пра ход "справы Вясны" для родных і калегаў зняволеных праваабаронцаў. Дата суда пакуль невядомая.
"Цяжка сказаць, ці будзе адкрыты, ці закрыты гэты суд. Бо сітуацыя непрадказальная, як паказвае досвед іншых палітвязняў".
Паводле Наталлі, калі прысуджэнне прэміі напрамую не зменіць сітуацыю Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных праваабаронцаў, то яна будзе вялікай надзеяй і падтрымкай для ўсіх палітычных зняволеных Беларусі:
"Ці паўплывае нейкім чынам прысуджэнне прэміі на сітуацыю з Алесем, сказаць цяжка. Як бачыце, завяршэнне справы адбылося ўжо пасля ўсіх гэтых падзей. Улады даюць знак, што нічога не мяняецца. Спадзявацца на нешта станоўчае не прыходзіцца. Адзінае, што важна ў гэтай прэміі, што Беларусь гучыць. Гэтая прэмія — знак таго, што пра беларусаў не забыліся, і гэта істотна важна. Гэта павінна ў нейкай ступені даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах".
Нагадаем, раніцай 14 ліпеня да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК і змясцілі пад варту. Праз год абвінавачванні змянілі на больш жорсткія. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу накіравалі ў суд, але дату разгляду пакуль не прызначылі. Праваабаронцам "Вясны" пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Крыніца: Жонка Алеся Бяляцкага пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію міру: "Ён моцна ўражаны гэтай навіной"