07.12.2022 Тэгі: адміністратыўны перасьлед, палітвязьні, перасьлед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 7 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Крымінальную справу ў дачыненні да палітвязня Юрыя Касцюка накіравалі ў суд
Яму інкрымінаваны арт. 361-4 КК ("садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"). Згодна з матэрыяламі справы Юрый нібыта звязаўся з "прадстаўнікамі экстрэмісцкіх фармаванняў" для атрымання грашовых выплат. Пасля мужчына быццам шукаў іншых асуджаных "за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці", на імя гэтых людзей у Польшчы адкрываліся карткі, на якія пазней пералічваліся грошы. Пазней гэтыя грошы пералічваліся сваякам асуджаных.
Нагадаем, Касцюк адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» і 6 студзеня выйшаў на волю. 15 лютага яго затрымалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію». Хлопец з'ехаў у Расію, аднак быў затрыманы ў Сочы. Пазней мужчыну таемна вывезлі ў Беларусь.
Падтрымаць палітвязня: СІЗА-6. 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В, Касцюк Юрый Андрэевіч
Telegram-канал «Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі» прызнаны «экстрэмісцкім»
Адпаведнае рашэнне 1 снежня прыняў суд Цэнтральнага раёну Мінска.
Таксама прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонка ў «Аднакласніках» «Виктор Лагодюк» і YouTube-канал «Беларусский расследовательский центр».
У Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сына забралі ў прытулак.
"Радыё Свабода" стала вядома, што гэта адбылося ўвечары 6 снежня.
"Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Толькі тое, што яна цяпер у ізалятары, сын Святаслаў — у прытулку. Ніякай ні актыўнай, ні журналісцкай дзейнасцю Ларыса апошнія гады не займалася", – паведаміла крыніца выдання.
Практычна не спала ў ШІЗА, губляла прытомнасць — што стала прычынай шпіталізацыі Марыі Калеснікавай
Экстранная шпіталізацыя з прабадной язвай і перытанітам сталі вынікам непрапарцыйна жорсткага ўтрымання ў штрафным ізалятары. У ШІЗА было вельмі холадна, Маша практычна не спала. Каб сагрэцца яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры ў адзін з дзён.
На працягу некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШІЗА губляла прытомнасць, у яе быў падвышаны ціск і млоснасць. Яна страціла прытомнасць у душы, падрапаўшы пры падзенні ногі.
28 лістапада Калеснікавай прызначылі яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката не пусцілі. Пасля абеду ў гэты дзень у яе пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасцю і непрытомнасцямі дадалася пакутлівая боль у страўніку, Маша літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстранна даставіла Марыю ў бальніцу.