10.12.2022 Сумесны прагляд анлайн-трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру прайшоў у Вільні — у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Беларускім доме). А пасля прагляду прысутныя падзяліліся сваімі ўспамінамі ад знаёмства з Алесем Бяляцкім і бачаннем яго дзейнасці. "Вясна" прыводзіць іх словы.

pinchuk_nobel_transliacyja_vilnia.jpg
Замест Алеся Бяляцкага, які ў зняволенні, узнагароду атрымала яго жонка Наталля Пінчук

Сяргей Дубавец, журналіст і літаратар

Алесь Дубавец
Алесь Дубавец

"Я ехаў на гэтую імпрэзу і разважаў, наколькі ўсёж файна літоўцам: маюць сваю дзяржаву, якая займаецца забяспячэннем іх правоў. У тым ліку права на нацыянальную ідэнтычнаць.

У Беларусаў сёння сваёй дзяржавы няма (будзем спадзявацца, часова). І функцыі абароны беларусаў і іх правоў бяруць на сябе праваабаронцы. Бярэ на сябе грамадзянская і культурніцкая  супольнасць Беларусі. І на чале гэтага ўсяго мне бачыцца Алесь Бяляцкі, які аб’ядноўвае ў сваёй працы і вакол сябе каласальную колькасць народу.

Алесь Бяляцкі — асветнік. Алесь — чалавек адраджэння. Алесь — заступнік, які заступаецца за свой народ. І пройдзе 50, 100 гадоў, а можа быць і не пройдзе (бо не паспеее), калі імя гэтага чалавека мы будзем называць у адным шэрагу з імём, напрыклад, Францішка Скарыны".

Людвіка Кардзіс, дырэктарка Віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча

Людвіка Кардзіс
Людвіка Кардзіс

"Выразна памятаю 1989 год, другі сойм моладзевых суполак у Вільні. І Алесь падыйшоў да мяне і спытаў: “Як ты ставішся да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні?” Я кажу: “Станоўча”. І ён сказаў: “Пайшлі”. І я вельмі выразна памятаю, як мы шлі ў стары горад у бок касцёла Святога Мікалая і ўвесь час гаварылі з ім. І фактыча гэта быў штуршок да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні. Алесь — не толькі праваабаронца, але і хрысціянін.

Калі Алесь пасля [вызвалення з калоніі пасля першага зняволення] прыехаў ў Вільню, мы спаткаліся з ім і таксама гаварылі пра музей. Адразу пайшлі ў мэрію і гаварылі пра лёс музея ў Вільні.

Я памятаю апошнюю нашу сустрэчу: Мы падыйшлі да гэтага будынку, на вуліцы Віленскай, 20 — і Алесь адразу выказаў сваё бачанне, як мусіць працаваць музей. Ён казаў, што музей павінен быць абавязкова".

*па адрасе вул. Віленская, 20 (Вільня) і існуе цяпер Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

Алесь Пашкевіч, гісторык

ales-pashkievich.jpg
Алесь Пашкевіч

"Калі Алесь балатаваўся ў 2003 годзе ў дэпутаты Мінскага гарадскга савета, я запісаўся ў яго каманду. І мы праводзілі папярэднюю дзейнасць: хадзілі па кватэрах, збіралі подпісы, насілі агітацыйныя матэрыялы. І з таго часу мне запомнілася: базавай праблемай у агітацыі было тое, што калі прыходзіш і гаворыш людзям позвішча, якога яны не ведаюць, і тлумачыш, чым Бяляцкі займаецца — абаронай правоў чалавека — гэта людзей не натхняла. Была праблема, хаця нам ўдалося назбіраць подпісаў. Але факт: такія людзі (якія займаюцца праваабаронай — Заўв.) не карысталіся тады адназначным ўхваленнем па змоўчванні.

Цяпер сітуацыя змянілася. Таму шо падзеі 2020 года і пасля паказалі, што такое правы чалавека і што такое, калі іх няма. І вялікай частцы людзей, а можа і большасці, ужо не трэба тлумачыць важнасць таго, на што Алесь паклаў сваё жыццё. І гэта адзін з вынікаў яго шматгадовай дзейнасці".

Васіь Санковіч, дырэктар Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Васіль Санковіч
Васіль Санковіч

"Пра Алеся я даведаўся ў 1996, калі былі маршы свабоды і першыя сутычкі. Тады з’явіліся людзі, якія сталі запісваць, каго арыштавалі. І тады стала гучаць, што ёсць праваабаронцы —“Вясна”. Потым я даведалася, што ў Мінску існуе беларускамоўная парафія, і там ёсць Алесь Бяляцкі. Асоба Алеся сапраўды была значнай і ў грамадскім, і палітычным жыцці Беларусі.

Значным этапам быў 2011 год, калі Алеся арыштавалі і прысудзілі тэрмін. І ён свядома нікуды не з’ехаў, прайшоў праз адсідку. Для мяне гэты было моцным уражаннем: чалавек за свае ідэалы і каштоўнасі гатовы на такія ахвяры. Бо гэта не проста пустыя словы і не проста прафесійная праца—гэта пазіцыя ўсяго жыцця, а можа быць і больш…

Калі ізноў здарыўся арышт (цяперашні) — гэта было яшчэ адным пацведжаннем таго, на што чалавек гатовы дзеля сваіх ідэалаў".

Васіль Завадскі, праваабаронца і прадстаўнік ініцыятывы "Урачы за праўду і справядлівасць"

Васіль Завадскі
Васіль Завадскі

"Тое, шо людзі змаглі аб’яднацца — гэта заслуга Алеся. Аб’ядналася шмат людзей, нераўнадушных да іншых, гатоўных дапамагаць не за нейкую узнагароду. А ўзнагарода, бачыце, якая: гэта турмы, гэта катаванні для многіх, рэпрэсіі, эміграцыя… Але негледзячы на ўсё тое, што зараз Алесь і яго паплечнікі знаходзяцца ў турмах, справа жыве, і “Вясна” працягвае дзейнічаць, з’явілася шмат іншых праваабрончых арганізацый. І гэта ўстойлівасць існуе і будзе існаваць. Яна сапраўды прывядзе да вынікаў. І тое, што сёння мы бачым, натхняе. Я ўпрэўнены, што змены будуць да лепшага і змены будуць да хуткага".

transliacyja_nobe-vilnia.jpg
Падчас прагляду тарнсляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі, Вільня

Акрамя прагляду ўрачыстай цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, прысутныя мелі магчымасць падпісаць паштоўкі салідарнасці палітвязням.

Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка

У Осла 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека — адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе прэстыжную прэмію атрымалі адразу тры намінанты: кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, украінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” і расійскі “Мемарыял”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі не змог асабіста атрымаць узнагароду — ён ужо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.

Крыніца: Асветнік, заступнік, чалавек адраджэння. Што казалі пра Алеся Бяляцкага ў Вільні, у дзень уручэння Нобелеўскай прэміі міру