13.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, палітвязьні У Мінскім абласным судзе 12 снежня агучылі прысуд чатыром палітзняволеным жыхарам Салігоршчыны. Суддзя Алена Міснік прызначыла мужу па "пратэсным артыкулам" і жонцы Алегу і Таццяне Бірулям — па шэсць гадоў калоніі, трэнеру Алегу Гаўрылаву — 10 гадоў калоніі, Сяргею Пасюку — пяць гадоў і шэсць месяцаў калоніі. Іх затрымалі за распаўсюд "пратэсных" газет яшчэ 13 снежня 2021 года, але падчас следства спіс артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх іх абвінавачваюць, вырас да пяці. Ужо на судзе справу накіроўвалі на дадатковае следства, падчас якога палітвязняў унеслі ў "Спіс тэрарыстаў".
Згодна з матэрыяламі справы Гаўрылаў у студзені 2021 года набыў і прадаставіў двум знаёмым — Таццяне і Алегу Бірулям — аэразольныя балоны з фарбай. Тым самым ён стварыў умовы і забяспечыў названых асоб прыладамі здзяйснення злачынства. Пасля чаго апошнія са студзеня па люты 2021 года наносілі на розныя аб'екты інфраструктуры Салігорска надпісы і малюнкі, здзяйсняючы іх псаванне. Яны ж нанеслі на сцяну аднаго з дамоў надпіс у дачыненні да Лукашэнкі, "у якім абвінавацілі яго ў асабліва цяжкім злачынстве, гэта значыць здзейснілі паклёп".
У жніўні 2021 года Гаўрылаў шляхам дамоўленнасцяў, у тым ліку за матэрыяльнае ўзнагароджанне, уцягнуў іншага знаёмага — Сяргея Пасюка — у занятак экстрэмісцкай дзейнасцю. Затым абвінавачаныя з жніўня па снежань 2021 года распаўсюджвалі на тэрыторыі Салігорска улёткі і іншую друкаваную прадукцыю з заклікамі да захопу дзяржаўнай ўлады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Змест гэтых улётак было накіравана на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці.
Агулам чатырох палітвязняў асудзілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суд на палітвязнямі распачаўся 29 жніўня, але ў хуткім часе справу адправілі на дадатковае следства. 16 верасня КДБ дадаў іх у "Спіс тэрарыстаў", хаця ў абвінавачванні не было "тэрарыстычнага артыкула".
Падтрымайце палітвязняў: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Крыніца: Ад 5,5 да 10 гадоў калоніі — чатырох палітзняволеных салігарчан асудзілі на вялікія тэрміны