16.12.2022 Тэгі: адміністратыўны перасьлед, палітвязьні, затрыманьні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы «Белое & Черное», «Bielaruski_Partyzan»;Youtube-канал «Sapraudny_Belarus»;Старонка ў Аднакласніках «Страна позора»;TikTok-акаўнты «+Belarusian Battalion +», «Беларусь на теле», «Свежие новости из Польши», «Pavel Latushka/Павел Латушко», «NEXTA», «oppositia_1_».
Супраць палітвязняў Уладзіміра Гундара і Паўла Рэзановіча ўзбуджаны новыя крымінальныя справы
Па інфармацыі праваабаронцаў, супраць фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара ўзбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора паводле арт. 369 КК. Вядома, што бок дзяржабвінавачвання на судзе па "справе Аўтуховіча" падтрымлівалі адразу два пракуроры і пакуль невядома, каго менавіта "абразіў" палітвязень. Абвінавачванне яму яшчэ не прад'явілі, гэта павінна адбыцца на наступным тыдні.
Канал «Право имеют» паведамляе, што, меркавана, крымінальная справа таксама ўзбуджана супраць Паўла Рэзановіча.
Нагадаем, Уладзіміра і Паўла 17 кастрычніка асудзілі да 18 і 19 гадоў калоніі адпаведна. Цяпер усе фігуранты справы чакаюць разгляду апеляцыйнай справы.
Адрас для падтрымкі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 (Уладзімір Тадэвушавіч Гундар, Павел Сяргеевіч Рэзановіч)
У Мінску затрымалі прызёрку Алімпіяды Надзею Астапчук
Як паведамляе @stranafund, стала вядома аб затрыманні чэмпіёнкі свету і Еўропы, прызёркі Алімпійскіх гульняў 2008 Надзеі Астапчук.
На момант вечара 15 снежня Надзея знаходзілася на Акрэсціна. Прычыны затрымання невядомыя. Перадачу для яе не прынялі.
Віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі, магчыма, затрыманы ДФР
Раніцай 14 снежня ў Віцебску былі затрыманыя трое асобаў, звязаныя з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Гэта заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін, а таксама нехта Ларкоў, імя і пасада якога пакуль не вядомыя.
Як паведамляе Віцебская Вясна, паводле меркаванняў наведнікаў паба, адной з прычын затрымання мог быць нядаўні канцэрт беларускай спявачкі, якая выступае пад псеўданімам Iva Sativa (сапраўднае імя Яна Смаляга, яна жонка былога палітвязня Лявона Халатрана). Але, верагодна, канцэрт быў толькі нагодай для праверкі дзейнасці ўстановы.
Як высветлілася пазней, УДФР распачаў справу за нясплату падаткаў. Найверагодней, што Булаўскага як арганізатара канцэртнай дзейнасці ў Віцебску, таксама затрымалі ў межах гэтай справы.
Чарговая аблава, цяпер у Жлобіне: затрымалі не менш за пяць чалавек
Як паведамляе Наша Ніва, 15 снежня на праўладных каналах выйшла відэа з затрыманымі, гэтым разам — са Жлобіна. Затрыманыя (на фота злева направа і зверху ўніз): Марына Ляхновіч, Таццяна Дземчанка, Вадзім Кір'янаў, Настасся Татарынава і Кірыл Камароў.
Затрыманыя (прынамсі, частка з іх), мяркуючы па ўсім, знаёмыя між сабой. Сілавікі абвінавачваюць людзей у тым, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах у Жлобіне ў жніўні 2020 года.
Інфармацыя дапаўняецца