16.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, дыфамацыя У судзе Бярозаўскага раёну 24 лістапада асудзілі Алега Бязбабіча павдоле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вікторыя Нямкова прызначыла Алегу два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”).

2 сакавіка 2021 мужчына прачытаў “Вконтакте” публікацыю аб тым, што жанчыну асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады. Пад публікацыяй Алег пакінуў у дачыненні да Сяргея Лабаева, супрацоўніка Інспекцыі па справах непаўнагадовых Бярозаўскага РАУС, каментар, які суд палічыў абразлівым.

Мужчына раскаяўся і цалкам прызнаў сваю віну.

Акрамя “хатняй хіміі” з Бязбабіча спагналі 1500 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Супрацоўнік Бярозаўскага РАУСа Сяргей Лабаеў абгрунтаваў свае патрабаванні тым, што каментаром “Вконтакте” яму была нанесеная маральная шкода. Ён як супрацоўнік органаў унутраных спраў Беларусі адчуў маральныя пакуты.

Алег прызнаў віну часктова і заявіў, што сума пазова занадта буйная. Суд пакінуў суму кампенсацыі маральнай шкоды без зменаў.

Алег Бязбабіч мае вышэйшую адукацыю, гадуе непаўнагадовае дзіця.

Крыніца: Супрацоўнік РАУС адчуў маральныя пакуты. За гэта асудзілі на два гады “хатняй хіміі” яго земляка