26.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, ціск, рэпрэсіі 26 снежня 2022 года Мінгарсуд абвясціў «завочны» абвінаваўчы прысуд спартсменцы Аляксандры Герасімене і Аляксандру Апейніку. Паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса ім прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі: Герасімені — ва ўмовах агульнага рэжыма, Апейкіну — ва ўмовах ўзмоцненага рэжыма.

Самі абвінавачаныя на судзе не прысутнічалі, яны знаходзяцца за мяжой з восені 2020 года. Гэта першы прысуд у Беларусі па крымінальнай справе, якая расследавалася ў межах "спецвытворчасці".

Экс-старшыню BSSF Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонда Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Справу разглядзела суддзя Святлана Бандарэнка, працэс пачаўся 19 снежня.

Згодна з інфармацыяй праўладных каналаў, спартоўцаў прызналі вінаватымі ў тым, што яны стварылі "Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці", які прызнаны ў Беларусі "экстрэмісцкім", і "распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі пасля выбараў-2020" са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Таксама ім у віну ставілася тое, што яны патрабавалі санкцый супраць НАК Беларусі і іншых спартыўных арганізацый, настойвалі на пераносе міжнародных спаборніцтваў, у прыватнасці чэмпіянату свету па хакеі, заклікалі адмовіцца ад іх спансаравання.

Паводле абвінавачання, праз дзеянні Апейкіна і Герасімені некаторыя міжнародныя турніры ў Беларусі былі адмененыя. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі не дапускаць спартсменаў беларускай зборнай да спаборніцтваў, у тым ліку на Алімпійскія гульні, а таксама не выступаць пад чырвона-зялёным сцягам.

У кастрычніку Аляксандр Апейкін выказаўся наконт завочных судоў у інтэрв’ю “Еўрарадыё”:

“Я думаю, у гэтым ёсць персанальная помста. Але ніякай асаблівай рэакцыі ў мяне не было. У такіх падзеях, у якіх мы зараз знаходзімся, гэта не ўспрымаецца як нешта асаблівае. Гэта перш за ўсёне ўспрымаецца як нейкі легітымны працэс”.

Крыніца: У Беларусі вынесены першы "завочны" прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі