23.12.2022 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы муж Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі

Гэта адбылося ўчора раніцай у яго дома. Прычыны пакуль невядомыя.

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ дваццаць беларусаў — сярод іх Вадзім Пракоп'еў

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Цяпер у ім 988 чалавек, з іх 242 — беларусы.

Сярод іх юрыст Дайнэка Юрый, Валянцін Музыкін, Анатоль Міхайлаў, Яўген Бужынскі, Вячаслаў Беганскі, Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайтэховіч, Вольга Вайтэховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Пятух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Яўген Віславух, Аляксандр Колпак, Максім Ражкоў, Алег Канавалаў.

Следчы камітэт распачаў "спецвытворчасць" у дачыненні да экс-дыпламата Уладзіміра Астапенкі

Яму інкрымінаваная ч.3 арт. 210 (завалоданне маёмасцю ў буйным памеры, учыненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Следчы камітэт просіць Астапенку прыехаць у Беларусь і даць паказанні ў Следчым камітэце.

У Беларусі затрымалі расейца. Яго вінавацяць у супрацы з Украінай

Актывіста Данііла Крынары затрымалі ў Горадні і даставілі ў Маскву.

Мужчыну ставяць у віну артыкул аб супрацы з замежнай дзяржавай і звязваюць яго з Украінай. Раней яго разам з іншымі актывістамі і журналістамі затрымлівалі ў Расеі па справе аб «тэлефонным тэрарызме».

Палітвязню Віктару Шауру, якому раней замянілі «хімію» на калонію, збіраюцца ўзмацніць пакаранне

Віктара Шауру і Віталя Шыцікава абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за падзеі 10 жніўня ў Наваполацку. 21 студзеня 2021 года хлопцаў асудзілі да 2 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Віктар Шаура. Фота з сацыяльных сетак

У чэрвені 2021 года Віктара і Віталя выпусцілі з «хіміі» пад падпіску аб нявыездзе да паўторнага апеляцыйнага суда. Але 22 ліпеня падчас суда па пратэсце пракурора абодвум хлопцам «хімію» замянілі на калонію — на 2 і 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна.

Віктар адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 22. Стала вядома, што заўтра адбудзецца суд аб пераводзе яго ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоў рэжыму. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Кірыловіч.

Берасцейца Івана Соўпеля перад Днём народзінаў змяшчалі ў ШІЗА

Палітвязня Івана Соўпеля асудзілі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) за падзеі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. Іван быў на волі пад падпіскай аб нявыездзе, але 22 сакавіка 2021 яго выклікалі да следчага і там затрымалі. Меру стрымання змянілі на ўтрыманне пад вартай.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста яму прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. З 19 студзеня ён адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі.

Стала вядома, што адміністрацыя калоніі ў канцы лістапада закінула палітвязня ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны невядомыя.

Падтрымайце Івана тэлеграмамі, паштоўкамі і лістамі салідарнасці па адрасе: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Іван Андрэевіч Соўпель.

Дзейнасць "Кнігазбора" прыпыненая

Мінінфарм прыпыніў на месяц дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор», якое выдае беларускамоўныя кнігі

Фармальная прычына — «парушэнне тэрмінаў звароту ў Мінінфармацыі з паведамленнем аб змяненьні звестак, абавязковых для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў і вырабнікоў друкаваных выданняў».

Раней Мінінфарм ужо прыпыняў дзейнасць «Кнігазбору», а таксама беларускіх незалежных выдавецтваў «Галіяфы» і «Лімарыус».

Таксама Мінінфарм на 3 месяцы забараніў Wildberries.by прадаваць друкаваныя выданні.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Узмацненне пакаранняў для палітвязняў, затрыманне грамадзяніна Расіі: хроніка пераследу 22-23 снежня Дапоўнена