27.12.2022 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, вайна ва Украіне У Гомельскім абласным судзе 27 снежня агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных светлагорскіх "партызанаў". Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава  да 21 года, піша "Гомельская Вясна". Таксама іх аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" 28 лютага на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за "здраду дзяржаве" і рэгістрацыю ў плане "Перамога" і сувязь з BYPOL. Працэс тры месяцыпраходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя палітвязняў па справе невядомая. Прысуд вынес суддзя Анатоль Сотнікаў.

Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч
Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч

Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за:

  • уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці — BYPOL і план "Перамога" (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
  • здзяйсненне падпалу агульнанебяспечным спосабам, якое пацягнула наступ цяжкіх наступстваў, у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку ў складзе арганізаванай групы (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); 
  • наўмысныя пашкоджанне, прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту, сродкаў сігналізацыі і сувязі, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, учыненыя ў мэтах акта тэрарызму (ч. 2 і ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); 
  • наўмыснае іншае аказанне дапамогі замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). 

Згодна з матэрыяламі справы жыхары Светлагорску, "атрымаўшы заданне ад прадстаўнікоў BYPOL і план "Перамога", 28 лютага 2022 года, каля 23.00, прыбылі да чыгуначнага пераезду ў Светлагорскім раёне на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" і здзейснілі акт тэрарызму на чыгунцы – знішчылі транспартнае абсталяванне (батарэйна-рэлейная шафа), якое забяспечвае бяспеку руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту і бяспечныя ўмовы праезду транспартных сродкаў". Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). 

"Матыў – аказаць уздзеянне на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, запалохаць насельніцтва і дэстабілізаваць грамадскі парадак", – гаворыцца ў абвінавачванні.

Акрамя таго, пасля падпалу рэлейнай шафы абвінавачаныя паведамілі пра зробленае прадстаўнікам BYPOL і плана "Перамога", якія распаўсюдзілі яе ў інтэрнэце. Тым самым яны здзейснілі злачынствы супраць дзяржавы, грамадскай бяспекі і бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, аказалі дапамогу замежнай арганізацыі BYPOL і яе прадстаўнікам у стварэнні крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. 

У выніку "Беларускай чыгунцы" нанесены ўрон у памеры больш за 54 тысяч рублёў, які быў часткова (7,5 тыс. рублёў) кампенсаваны ў ходзе папярэдняга расследавання крымінальнай справы. 

Жыхароў Светлагорска затрымалі 4 сакавіка і змясцілі пад варту. Яшчэ да суда іх унеслі ў "Спіс тэрарыстаў".

Падтрымайце палітвязняў: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Дзяніс Сяргеевіч Дзікун, Дзмітрый Алегавіч Равіч, Алег Анатольевіч Малчанаў)

Крыніца: Ад 21 да 23 гадоў калоніі: асудзілі трох светлагорскіх "партызанаў" за дыверсію на чацвёрты дзень вайны