28.12.2022 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-28 снежня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

"Списки задержанных" паведамляюць пра затрыманне з 23 па 26 снежня 12 чалавек

Сярод затрыманых:

  1. Аляксеевіч Уладзімір Анатольевіч
  2. Алуф Уладзімір Якаўлевіч (ЦІП Акрэсціна)
  3. Багдан Арцём Андрэевіч (Акрэсціна)
  4. Бут-Гусаім Мікіта (24.11.1994)
  5. Відагольд Уладзімір Аляксандравіч
  6. Давыдзенка Юрый Аляксандравіч (01.11.1995, Акрэсціна)
  7. Каўтуновіч Алена Віктараўна
  8. Майсіеня Аляксей Анатольевіч

Да палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў калоніі часта прыходзяць з праверкамі 

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці
Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці

Па інфармацыі праваабаронцаў адміністрацыя віцебскай калоніі працягвае ціснуць на Леаніда СудаленкуПаведамляецца, што да Леаніда пастаянна прыходзяць з праверкамі і часта выварочваюць яго рэчы, аднак трымаецца ён добра, настроены бадзёра. Раней праваабаронца працаваў на лесапільні, але пазней быў пераведзены на іншую працу — разбор правадоў. Умовы на новай працы горш.

Нядаўна жонка Леаніда дзялілася, што лісты яму амаль не аддаюць. З верасня яго зрабілі «парушальнікам» з усімі наступствамі (пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання, пазбаўленне права на пакупкі ў краме).

Нагадаем, 3 лістапада 2021 года праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. У верасні Таццяна выйшла на волю па памілаванні.

Сілавікі затрымалі супрацоўніка МТЗ Яўгена Фіцава 

25-гадоваму хлопцу інкрымінуюць ч.1 арт. 342 КК — за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Папярэдне, акрамя Яўгена на МТЗ таксама затрымалі яшчэ некалькі чалавек.

Супраць коміка Андрэя Скарахода пачалі праверку — яму інкрымінуюць «распальванне варожасці»

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.Нібыта ён пакінуў абразлівы каментар пра «жанчыну-патрыётку, якая прыйшла падтрымаць сілавікоў у цяжкія часы». ГУБАЗіК намякае яму на экстрадыцыю з Расіі ў Беларусь.

Палітвязня Антона Сташэўскага змяшчалі ў карцар на 10 сутак

Антон Сташэўскі — валанцёр фонда "Страна для жизни". Па інфармацыі MAYDAY TEAM, адміністрацыя магілёўскай турмы змясціла палітвязня 17 снежня ў карцар на 10 сутак. Сёння ён выйшаў адтуль. Прычыны спагнання невядомыя.

Валанцёрыць Антон стаў задоўга да выбараў 2020 года, быў ратавальнікам ПРА «Анёл», часта браў удзел у мерапрыемствах па пошуку зніклых людзей. Антона судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Суддзя Дзіна Кучук прызначыла Сташэўскаму 8 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Падтрымайце валанцёра лістамі і тэлеграмамі: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Антон Аляксандравіч Сташэўскі

Палітвязня Уладзіміра Гундара будуць судзіць за "абразу" пракуроркі па "справе Аўтуховіча" 

Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня
Уладзімір Гундар на судзе 18 траўня

Па інфармацыі "Брэсцкай Вясны", супраць фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара ўзбудзілі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка паводле арт. 369 КК.

«Гэта адбылося, пэўна, тады, калі Уладзіміра прынеслі на працэс распранутым. Ён нешта крычаў, але неразборліва», — пракаментавала прысутная на тым судовым пасяджэнні жонка Гундара Алена Гундар.

Нагадаем, падчас суда Гундар абвесціў галадоўку, пратэстуючы супраць прымусовага распрананне перад працэсам. У выніку палітвязня судзілі ў адных майтках, прыкаваўшы за рукі да клеткі.

Паводле Алены, Гундар адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказанняў па новай справе. 17 кастрычніка Уладзіміра асудзілі да 18 гадоў калоніі адпаведна.

Адрас для падтрымкі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 (Уладзімір Тадэвушавіч Гундар, Павел Сяргеевіч Рэзановіч)

«Пад выглядам аглядаў архітэктуры прасоўваў пратэсна-дэструктыўны парадак дня». ГУБАЗіК пракаментаваў затрыманне адміністратара тэлеграм-канала «Спадчына» Уладзіслава Чаховіча 

Паводле сілавікоў, Уладзіслаў удзельнічаў у акцыях пратэсту, публікаваў рэпосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў», БЧБ-сімволіку, заклікі да парушэння закона і нібыта пакінуў больш за 3 тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў у публічных чатах.

Гэта затрыманне нагадвае кейс палітвязня Мікіты Слепянка — адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans, які пасля затрымання хлопца прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

ГУБАЗіК затрымаў стыліста Ігара Кароліка з-за відэа ў падтрымку Украіны — яго прымусілі прасіць прабачэння ў «братоў-славянаў»

Ігар Каролік
Ігар Каролік

«Пакаяльнае відэа» з ім з'явілася на старонцы Ігара ў TikTok. На ім хлопец просіць прабачэння за тое, што «падтрымліваў фашысцкую ідыялогію». Праваабаронцам пра затрыманне Ігара стала вядома 23 снежня. Разам з ім затрымалі Дзмітрыя Лапаціна.

Палітзняволенага Дзяніса Івашына хочуць скапраметаваць, падсаджваючы да вязняў з нізкім сацыяльным статусам — журналіст прыгразіў, што перарэжа вены 

Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org
Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына паведаміла інфармацыю адносна правакацый супраць мужа. Паводле яе слоў, у ход ідуць як фізічныя, так і інфармацыйныя метады ціску.

Сям’я атрымала інфармацыю, што неаднаразова Дзяніса спрабавалі скампраметаваць, пераводзячы ў камеру з людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак, паводле яе, Дзяніс даволі хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі.

Як піша "БАЖ" Івашын запатрабаваў ад ахоўнікаў перавесці яго ў іншую камеру — бо інакш фізічна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены.

Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА — гэта 21-е спагнанне за паўгады 

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч у сваім facebook.

"Тэрмін "пакарання" мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы. А тое ж у адзіночцы 1 метр на 3 можа расслабіцца, святочны настрой адчуць. Так і ўяўляю шыкоўны святочны стол на 1 базавую, якую, дарэчы, яму не кожны месяц удаецца атаварыць з-за ШІЗО. (На наступны скарыстацца "сэканомленым" не дазваляюць).

Агулам, гэта ўжо не меньш, чым 21-е спагнанне з ліпеня".

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Сайт і сацсеткі рэсурса «Царква»;
  • Telegram-каналы «КОНСТИТУЦИЯ», «Свободный ВГУ»; «Свободный ВГУ Чат»;
  • Суполкі ва «Укантакце» «НОВОСТИ БЕЛАРУСИ», «Беларусь», «Настоящая Беларусь», «Докшицы Live»;
  • Электронная версія друкаванага выдання «Пратэсная Беларусь».

Крыніца: Ціск на палітвязняў і затрыманні: хроніку пераследу 27-28 снежня