28.12.2022 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, гісторыі вязняў 28 снежня ў Беларусі налічваецца 1453 палітвязня. “Вясна” працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы, і асабліва востра расстанне з роднымі адчуваецца напярэдадні святаў. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі.

Ці па-свойму няшчасныя ўсе гэтыя сем’і, калі ўсе яны звязаныя адной прагай – хутчэй абняць родных? У такой сітуацыі апынуліся мінімум дзесяць сем'яў, пра якія мы яшчэ не распавядалі ў межах гэтых матэрыялаў.   

Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах. Частка першая

У такой сітуацыі апынуліся мінімум сем сем'яў– сёння мы распавядаем гісторыі чатырох з іх.

Повязь кратамі: якія сем’і апынаюцца ў турмах. Частка другая

У такой сітуацыі апынуліся мінімум дзевяць сем'яў – сёння мы распавядаем гісторыі пяці з іх.  

Ян і Алесь Папковічы. Браты 

Братоў затрымала група “Альфа” другога верасня 2022 года. Напярэдадні яны планавалі ад’езд у Польшчу. Падчас затрымання былі моцна збітыя, стрэлам паранілі сабаку Яна. Таксама была затрыманая жонка Яна Анастасія, але яе неўзабаве адпусцілі.

Ян — былы інкасатар "Белгазпрамбанка". Яго паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі яго наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну. Алеся затрымалі на кватэры бацькоў па месцы прапісцы Яна: ён прыйшоў праведаць бацькоў за 20 хвілін да прыезда сілавікоў. Браты некаторы час утрымліваліся ў СІЗА КДБ, пасля ім прад’явілі абвінавачанні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Адрас для лістоў:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Ян Валер'евіч Папковіч

Алесь Валер'евіч Папковіч

Сяргей і Андрэй Клютчэні. Браты 

Андрэй і Сяргей Клютчэнібылі затрыманыя 16 лістапада 2021 года пасля вобшуку дома. 17 сакавіка 2022 года іх асудзілі да двух гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса кожнага. Мяркуючы па фотаздымках у сацсетках, у Андрэя ёсць 10-гадовы сын. Сяргей працаваў на Беларускай чыгунцы, у 2021 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта.

Адрасы для лістоў:

Андрэй Мікалаевіч Клютчэня: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183

Сяргей Мікалаевіч Клютчэня: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1

Карына і Інга Рэйдальф. Сёстры

23-гадовую Карыну і 33-гадовую Інгу затрымалі ў Бабруйску 12 кастрычніка 2022. Карыну спачатку асудзілі да 15 сутак арышту паводле адміністрацыйнага пратакола. Пазней ім прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Цяпер дзяўчыны знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага. Вядома, што на волі Інгу чакае непаўнагадовы сын. Падчас навучання ў Бабруйскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным каледжы Карына ўдзельнічала ў конкурсе сінквейнаў — гэта форма кароткіх вершаў.

Адрас для лістоў:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Карына Юр'еўна Рэйдальф

Інга Юр'еўна Рэйдальф

Сняжана Інанец і Аляксандр Лычаўка. Муж і жонка

Аляксандр разам з жонкай Сняжанай Інанец

Аляксандр Лычаўка – краявед і журналіст з Мінску. Сняжана Інанец – журналістка з Мінску, раней супрацоўнічала з TUT.BY, цяпер – з Onliner. Яна – аўтарка тэкстаў на краязнаўчую і культурную тэматыку. На вокладцы яе старонкі на Facebook стаіць фотаздымак пустых крэслаў з імёнамі палітвязняў, Раніцай 6 кастрычніка муж і жонка былі затрыманыя, на наступны дзень у праўладным тэлеграм-канале выклалі "пакаяльныя" відэа з імі — у роліку яны кажуць, што былі затрыманыя за падпіску на тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, а таксама за ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе.

«Даже послы у нас покупают». Истории продавцов-старожилов легендарной Комаровки

Адзін з тэкстаў Сняжаны Інанец

«Мы слишком долго на чемоданах». Как живет призрак огромного частного сектора в самом центре Минска

Адзін з тэкстаў Сняжаны Інанец

Адрас для лістоў:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Дзіяна Чарнушына і Андрэй Асмалоўскі. Грамадзянскія муж і жонка

Андрусь Асмалоўскі і ягоная грамадзянская жонка Дзіяна Чарнушына — сябры АГП. Былі затрыманыя ў дні, калі затрымалі яшчэ некалькіх сябраў партыі. У Дзіяны на выхаванні ёсць непаўналетняе дзіця. 27 кастрычніка 2022 года іх прызналі вінаватай паводле арт. 342 КК і асудзілі Дзіяну да двух, а Андруся – да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Смалякоў, Асмалоўскі і Чарнушына ўзялі актыўны ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 23 жніўня 2020 года. Сябры АГП груба парушалі грамадскі парадак, на заклікі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі, парушалі спакой грамадзян і першкаджалі руху грамадскага транспарту.

У 2017 годзе Андрусь Асмалоўскі стаў знакамітым, бо выратаваў бела-чырвона-белы сцяг з-пад ног амапаўцаў. Ён даўно ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў, мае двух сыноў, па адукацыі – інжынер-будаўнік. Да затрымання займаўся архітэктурным праектаваннем. У 2019 годзе ад АГП вылучаўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Адрасы для лістоў:

Андрусь Сяргеевіч Асмалоўскі: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

Дзіяна Аляксандраўна Чарнушына: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Дзмітрый і Алена Паўловічы. Муж і жонка

Алена Паўловіч — гаспадыня салону друку "Ліса" з Барысава. Яе затрымалі разам з мужам Дзмітрыем напрыканцы ліпеня 2022 года. Падчас вобшуку сілавікі прымусілі Алену здзіраць са сцяны бел-чырвона-белыя шпалеры. Сям’я мае двух непаўнагадовых дзяцей. 13 кастрычніка 2022 года Алену асудзілі да двух гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Дзмітрыя — да 1 года і 6 месяцаў зняволення. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Іх дзеці засталіся з бабуляй.

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Дзмітрый Мікалаевіч Паўловіч

Алена Аляксандраўна Паўловіч

Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша. Муж і жонка

Паліна разам з Дзмітрыям Лукшам

Дзмітрый Лукша — журналіст, раней шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядоўцам праграмы "Зона X". Ён быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры ў Мінску 11 сакавіка 2022 года. Дзмітрый працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала "Хабар 24", і падставай для яго затрымання стаў яго апошні сюжэт на канале. Ягоная жонка Паліна Палавінка таксама была затрыманая пазней – 2 чэрвеня 2022. Паводле версіі абвінавачвання, Лукша з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчалі загадзя ілжывую інфармацыю Спачатку Дзмітрыю інкрымінавалі арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу, пазней дадалі арт. 342 КК. 2 снежня яму вынеслі прысуд: чатыры гады калоні ва ўмовах агульнага рэжыму. Паліну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК і ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК і асудзілі да двух з паловай год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адрас для лістоў: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Дзмітрый Міхайлавіч Лукша

Паліна Аляксандраўна Палавінка

Яна і Святлана Хромавы. Дачка і маці

Святлана Хромава — намесніца дырэктара гімназіі №42 Мінска, была затрымана разам з дачкой Янай 22 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). 12 красавіка 2022 года іх прызналі вінаватымі паводле гэтага артыкула і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму кожную. Вядома, што ў віну ім ставіўся ўдзел у трох маршах.

Бацькі, дзеці якіх навучаліся ў Святланы Аляксандраўны, называюць яе спакойным, разумным і добрым педагогам. Яна выкладала прадмет "Мастацтва", арганізоўвала гімназійныя мерапрыемствы. Адзін з бацькоў таксама распавёў, што яна ўваходзіла на прэзідэнцкіх выбарах-2020 яна ўваходзіла ў выбарчую камісію, дзе паводле афіцыйнай інфармацыі перамог Аляксандр Лукашэнка, а паводле звестак платформы «Зубр» — Святлана Ціханоўская. Сама жанчына тлумачыла на "пакаяльным" відэа, што яна выходзіла на маршы, таму што яе абурыла несправядлівае прымяненне сілы з боку міліцыі.

Адрас для лістоў: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Яна Паўлаўна Хромава

Святлана Аляксандраўна Хромава

Даніла Бандарукі Марк Салонікаў. Стрыечныя браты

salonikau.jpg

Марк Салонікаў з Магілёва, са шматдзетнай сям'і. Данііл Бандарук таксама са шматдзетнай сям'і, старэйшы з васьмярых дзяцей. Каб дапамагчы бацькам забяспечыць сям'ю, пасля вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання з'ехаў у Мінск, дзе працаваў на кладцы тратуарнай пліткі. Там іх 22 жніўня 2020 года затрымалі разам ў Маркам. Са сталіцы абодвух хлопцаў даставілі ў Брэст, у ізалятар. Вядома, што Марка білі галавой аб падлогу падчас перавозкі ў Брэст. Двое сутак родныя не ведалі, куды знік іх сын. Яны сталі фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Берасці пасля прэзідэнцкіх выбараў. Абодва хлапцы веруючыя.

Паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Данілу асудзілі да пяці, а Марка – да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адрасы для лістоў:

Марк Міхайлавіч Салонікаў: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Даніла Віктаравіч Бандарук: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1

Ігар і Дар’я Лосікі. Муж і жонка

Ігар Лосік з жонкай Дашай

Ігар Лосік – журналіст і блогер, родам з Баранавічаў. Адвучыўся на настаўніка замежных моў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, але па спецыяльнасці не працаваў — яму выдалі свабодны дыплом. З жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе праз ліставанне ў «ВКонтакте». Ажаніліся яшчэ студэнтамі. 25 чэрвеня 2020 года ў доме ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік з сям'ёй, прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі. 14 снежня 2021 яму быў вынесены прысуд: прызнаць вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 293 КК і ч. 3 арт. 130 КК і прызначыць 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Амаль праз год, 18 кастрычніка 2022 года, затрымалі ягоную жонку Дар’ю. Супраць Дар'і распачалі крымінальную справу за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК), а менавіта за каментар у красавіку 2022 года "Белсату", прызнанаму ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем. На пачатку снежня 2022 г. пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала справу Дар'і ў суд.

У сям’і расце маленькая дачка Паўліна, цяпер яна знаходзіцца з бабуляй.

Адрасы для лістоў:

Дар'я Аляксандраўна Лосік: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37

Ігар Аляксандравіч Лосік: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Іна і Валерыя Глінскія. Маці і дачка 

Іна і Валерыя Глінскія

Маці і дачка працавалі ў МТБанку, днямі іх пачалі судзіць за перадачу дадзеных у ЧКБ. Іна працавала на кіруючай пасадзе. 28 снежня 2021 года жанчын затрымалі. Маці і дачку судзяць за перадачу ў 2020 годзе дадзеных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі» па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй).

Адрас для лістоў:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Іна Валер'еўна Глінская

Валерыя Андрэеўна Глінская

Крыніца: Повязь кратамі. Якія сем’і апынаюцца ў зняволенні?