03.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

3 студзеня 

У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ пяць беларусаў — цяпер у ім амаль тысяча чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Цяпер у ім 993 чалавекі, з іх 247 — беларусы.

Сярод іх Міхаіл Корзун, Аляксандр Емяльянаў, Дзмітры Каханоўскі, Мікалай Васілевіч, Мікалай Кацалапаў.

Сілавікі затрымалі Ганну Лівіянт — дачку рэпетытара Яўгена Лівянта

У снежні яе разам з мужам затрымалі пры вяртанні з Польшчы. У «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

Вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта затрымалі 28 снежня — сілавікі закідаюць яму ўдзел у пратэстах-2020, «перакрыццё дарог» і нават «спробу дзяржперавароту», бо Лівянт уваходзіў у склад Каардынацыйнай рады.

На пінскую актывістку склалі пратакол за фота ў Instagram з вадзяным знакам палка Каліноўскага

Вераніка Іванова. Фота

На Вераніку Іванову, актывістку з Пінску, склалі чарговы пратакол. Гэтым разам падставай стаў допіс у сацсетцы «Instagram».

Згодна з пратаколам, жанчына «выклала фотаздымак, на якім адлюстаравана экіпіроўка вайскоўца з вадзяным знакам у ніжнім левым кутку, назвай тэлеграм-каналу Полка Каліноўскага, які рашэннем МУС Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, такім чынам распазсюдзіла інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць».

2 студзеня

Працягваецца ціск на Мікалая Аўтуховіча

Дачка палітвязня Мікалая Аўтуховіча падзялілася апошнімі навінамі пра бацьку. У пасце ў сацыяльных сетках яна распавяла, што ціск на палітвязня павялічваецца:

"Апошнія навіны ад бацькі такія, што яму ствараюцца “спецыяльныя” ўмовы для таго, каб ён не выходзіў з карцара. Лісты даходзяць толькі і толькі ад яго маці, але з вялізнай затрымкай у тры тыдні… Бацьку «там» рабілі аналізы, пра вынікі якіх нічога невядома, і нават адвакату адмовіліся паведаміць іх…", — адзначыла яна.

Віцебскі арт-менеджэр і музыка Уладзімір Булаўскі не выйшаў на волю пасля «сутак»

Уладзімір Булаўскі

Мужчына знаходзіцца за кратамі з 14-га снежня мінулага году. Паводле меркавання праваабаронцаў і ягоных сяброў, віцебскі арт-менеджэр і музыка асуджаны да чарговага адміністрацыйнага арышту — ёсць звесткі, што 30-га снежня Булаўскага вазілі з ІЧУ ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну, найверагодней, для складання чарговага пратакола.

1 студзеня

Улады ліквідуюць яшчэ адну культурную арганізацыю

У пачатку студзеня па пазове Мінюста пройдзе суд аб ліквідацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — адной з найстарэйшых арганізацый у краіне, якая яшчэ з сярэдзіны 60-х гадоў займалася абаронай беларускай гістарычнай спадчыны.

Слуханне па справе аб ліквідацыі аб'яднання па раскладзе пройдзе 10 студзеня ў Вярхоўным судзе, пазоў аб гэтым падало Міністэрства юстыцыі. Працэс будзе весці суддзя Кацярына Якутовіч.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — адна з найстарэйшых культурна-гістарычных арганізацый у Беларусі: яна была заснавана яшчэ ў 1966 годзе. Спачатку дзейнічала як дзяржаўна-грамадская інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і фонд, які фінансаваў рэстаўрацыю шматлікіх помнікаў, у тым ліку Сафійскага сабора ў Полацку, кальвінісцкіх збораў у Заслаўі і Смаргоні.

Крыніца: Затрыманні, папаўненне ў спісе "тэрарыстаў", ціск на палітвязня: хроніка пераследу 1-3 студзеня