04.01.2023 Тэгі: правы чалавека Як і на працягу ўсяго года, дэ-факта ўлады Беларусі працягваюць шырокамаштабны і сістэмны пераслед ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, а таксама іншадумцаў і апанентаў рэжыму. 

Высновы:

  • на працягу месяца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвала пагаршацца; улады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў;
  • у месцах няволі па прысудах судоў на 31 снежня знаходзіліся 1 448 палітвязняў, іх колькасць расце, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 40 чалавек;
  • прызначана дата пачатку судовага разгляду па крымінальнай справе змешчаных у следчым ізалятары паводле надуманых адвольных абвінавачванняў сябраў ПЦ "Вясна": старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, юрыста, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў зняволення адпаведна, чакаюць апеляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да трох гадоў і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі;
  • працягваюцца адвольныя затрыманні беларусаў і беларусак за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у снежні 2022 года "Вясне" стала вядома пра больш як 100 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. 26 разоў грамадзяне былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, 77 — у выглядзе адміністрацыйнага арышту;
  • па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • фармуецца практыка пераследу за погляды, перакананні, пратэсную актыўнасць пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
  • 8 снежня ў Гаазе адбылася цырымонія ўзнагароджання праваабарончай прэміі "Цюльпан правоў чалавека 2022", заснаванай урадам Нідэрландаў. Лаўрэатам прэміі стаў Праваабарончы цэнтр "Вясна";
  • 10 снежня адбылося ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру; ад імя аднаго з сёлетніх лаўрэатаў — беларускага палітзняволенага Алеся Бяляцкага — прыняла медаль і дыплом, а таксама прачытала нобелеўскую лекцыю яго жонка, Наталля Пінчук. Беларускія ўлады не далі лаўрэату магчымасці ўзяць удзел у цырымоніі;
  • 16 снежня пайшоў з жыцця Алег Гулак — праваабаронца, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту, чалавек, які прысвяціў сваё жыццё прасоўванню ідэалаў і каштоўнасцяў правоў чалавека, развіццю і кансалідацыі беларускіх грамадскіх інстытутаў, пошуку шляхоў уплыву на палітыку беларускіх уладаў дзеля паляпшэння становішча з выкананнем правоў чалавека, вызвалення палітвязняў.

Палітычна матываваны пераслед і палітзняволеныя

Палата прадстаўнікоў (ніжняя палата парламенту Беларусі) у першым чытанні прыняла законапраект "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які прадугледжвае ўвядзенне смяротнага пакарання за "здраду дзяржаве" службовай асобай або вайскоўцам (ч. 2 арт. 356 КК). Таксама ў Крымінальным кодэксе з'явяцца артыкулы з пакараннем за дыскрэдытацыю Узброеных Сіл, прапаганду тэрарызму і парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў.

Працягваецца практыка "завочных судоў" — спецыяльнай вытворчасці па крымінальных справах. Разгляд крымінальных спраў праводзіцца без абвінавачаных, што канчаткова пазбаўляе іх асноватворных правоў, якія адпавядаюць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, у тым ліку права на абарону, і закладае падставы для вынясення несправядлівага прысуду.

Фігуранты палітычна матываваных спраў становяцца ахвярамі парушэння працэсуальных правоў, у тым ліку на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую установу ("хатняй хіміі") працягваюць узмацняць жорсткасць рэжыму: павялічваецца частата праверак, скарочваецца вольны час, павялічваецца колькасць абавязковых да прысутнасці прафілактычных мерапрыемстваў.

Крымінальны пераслед застаецца найбольш распаўсюджаным, аднак як форма ціску на грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў працягваецца выкарыстоўвацца адміністрацыйны пераслед, а менавіта прысуджэнне некалькіх адміністрацыйных арыштаў запар. Наогул з адміністрацыйным пераследам у снежні 2022 года, паводле звестак "Вясны", сутыкнулася больш за 100 чалавек: 26 разоў быў прызначаны штраф, 77 — адміністрацыйны арышт.

Палітычнымі зняволенымі ў снежні 2022 года было прызнана 40 чалавек. Агулам, па стане на 31 снежня 2022 года, у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1 448 чалавек. Ад пачатку выбарчай кампаніі 2020 года праваабаронцам вядома пра больш за 2,5 тысячы асуджаных і больш за 3,5 тысячы фігурантаў (падазраваных, абвінавачаных ці асуджаных) палітычна матываваных крымінальных спраў.

У спіс палітычных зняволеных у снежні трапілі тры чалавекі, якія сутыкнуліся з адміністрацыйным пераследам у мэтах палітычна матываванага ціску — Уладзіслаў Багамольнікаў, Вольга Анішчук і Наста Лойка (пазней ёй былі прад’яўлены крымінальныя абвінавачанні). Яны сутыкнуліся з шэрагам паўторных прысудаў аб адміністрацыйным арышце і, такім чынам, іх знаходжанне ва ўмовах зняволення па працягласці супастаўнае з крымінальным пакараннем.

Таксама ў снежні прызнаныя палітычнымі зняволенымі 19 чалавек (заявы ад 23 снежня і ад 27 снежня) у сувязі з крымінальным пераследам за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) па крымінальнай справе на нявызначанае кола асоб за ўдзел у пратэстах 2020 года. Агулам па гэтым артыкуле прызнана палітвязнямі больш за 680 чалавек, 400 з якіх усё яшчэ пазбаўлены волі. Па такіх выпадках праваабарончая супольнасць заўсёды адзначае, што ў сваёй масе выступы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы, а таму падставаў для пераследу іх ўдзельнікаў няма.

У спіс палітычных зняволеных трапілі 12 чалавек (заявы ад 22 снежня і ад 23 снежня), асуджаных ці ўзятых пад варту па дыфамацыйных артыкулах (абраза прадстаўнікоў улады) — то бок за негвалтоўныя дзеянні па выказванні меркавання. Прызнаныя палітычнымі зняволенымі 8 чалавек, што знаходзяцца ў няволі і ў дачыненні да якіх распачаты крымінальны пераслед за распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) — гэты артыкул селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца судамі дзеля абароны інстытутаў улады, калі ў якасці пацярпелай уразлівай групы вызначаюцца прадстаўнікі праваахоўных і сілавых структур. 

7 чалавек прызнаны палітычнымі зняволенымі, бо яны знаходзяцца ў няволі з прычыны пераследу паводле "экстрэмісцкіх" крымінальных артыкулаў (стварэнне, удзел, фінансаванне экстрэмісцкіх фармаванняў). МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, што прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі ў якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.

Працягваецца пераслед праваабарончай супольнасці. Разгляд "справы Вясны" ў дачыненні да зняволеных Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, а таксама Змітра Салаўёва прызначаны на 5 студзеня. Змітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці.

Адваката Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных — Віктара Мацкевіча — не атэставала кваліфікацыйная камісія Мінюсту. Гэта значыць, што ён не зможа працягнуць абарону правоў вязняў у якасці абаронцы падчас папярэдняга расследавання і разгляду спраў у судзе. 

У няволі працягваюць знаходзіцца кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.

Напрыканцы месяца стала вядома, што праваабаронцы Human Constanta Насце Лойцы, якая пяць разоў на працягу восені атрымлівала 15-суткавыя адміністрацыйныя арышты, прад’явілі палітычна матываваныя крымінальныя абвінавачанні, у тым ліку ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Катаванні і негуманнае абыходжанне

Практыка катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі ў межах крымінальнага і адміністратыўнага пераследу не спыняецца і не памяншаецца ў сваіх маштабах.

Рабочая група Платформы "Грамадзянская салідарнасць" па барацьбе з катаваннямі прадставіла свой трэці Індэкс катаванняў. Індэкс катаванняў 2021 года вымяраўся ў сямі краінах рэгіёна АБСЕ: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія і Украіна. Як і ў папярэдніх замерах, Беларусь займае апошняе месца з найгоршымі паказчыкамі.

Напрыканцы 2022 года "Вясна" падрыхтавала шэраг матэрыялаў, у якіх абагульняюцца вядомыя праваабаронцам выпадкі і практыкі негуманнага абыходжання:

У снежні пра жорсткае затрыманне, збіццё, негуманныя ўмовы ўтрымання ў РАУС і СІЗА распавёў былы палітзняволены Аляксандр Андрушкевіч. Пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА і жахлівы стан медычнай дапамогі распавяла жанчына, затрыманая за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Затрыманы па крымінальнай справе ў 2022 годзе мужчына распавёў пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна і катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

Арцём Чабатарэўскі распавёў пра затрыманне на мірным сходзе да Дня Волі ў 2021 годзе, здзекі і негуманныя ўмовы абыходжання на Акрэсціна. Пра нечалавечыя ўмовы абыходжання, перапоўненыя камеры і абразы ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна распавяла былая арыштантка, якая таксама паведаміла пра катаванні, якія ўжывалі да праваабаронцы Насты Лойкі.

Мінскі абласны суд у закрытым судовым пасяджэнні пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Мельніка, аднаго з "рэйкавых партызанаў". Пры затрыманні яму прастрэлілі калені, але інфармацыі пра тое, каб з гэтай нагоды праводзілася праверка аб прапарцыйнасці ўжытай сілы, няма.

Не спыняецца практыка запісу "пакаяльных відэа", дзе затрыманыя прызнаюцца ў дзеяннях, якія ўлады расцэньваюць як правапарушэнні. Вядома, што ў снежні з гэтай абуральнай практыкай сутыкнуліся як мінімум 52 чалавекі.

Свабода асацыяцый

Працягваецца крымінальны пераслед у дачыненні да сябраў грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, іншых ініцыятываў і недзяржаўных медыяў.

У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а Ярашука — таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК). Аляксандру Ярашуку прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргею Антусевічу — два гады, а Ірыне Бут-Гусаім — адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Раней рашэннем Вярхоўнага суда дзейнасць БКДП была спыненая нібыта ў сувязі з фактамі парушэння патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі.

Працягваецца пераслед пратэснага музычнага гурту TOR BAND: яго ўдзельнікаў Дзмітрыя Галавача і Яўгена Бурло трэці раз запар пакаралі 15-суткавым адміністрацыйным арыштам.

Следчы камітэт перадаў крымінальную справу ў адносінах да прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў пракуратуру. Справа ў дачыненні да найбуйнейшага беларускага медыя TUT.BY была перададзена пракуратурай у суд.

Пяць фігурантаў па "справе Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі" асудзілі на тэрміны ад 13 да 20 гадоў калоніі.

На разгляд у Палату прадстаўнікоў паступіў праект Закона "Аб змяненні заканадаўства аб дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў", якім прапануецца ўнесці змены ў Закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і ў Закон "Аб палітычных партыях". У прыватнасці, паводле праекту для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі будзе неабходна не менш за 5 000 заснавальнікаў (сябраў), што істотна — у пяць разоў — павялічвае і без таго надзвычай высокую колькасць неабходных для рэгістрацыі партыі заснавальнікаў.

Палітычным партыям, зарэгістраваным да таго, як гэты закон набудзе моц, на працягу трох месяцаў будзе неабходна забяспечыць прадстаўленне ў Міністэрства юстыцыі дакументаў, неабходных для перарэгістрацыі, з улікам патрабаванняў новага закона або прыняць рашэнне аб ліквідацыі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе азначаць ліквідацыю ўсіх апазіцыйных партый, якія з прычыны працяглага перыяду рэпрэсій і ганенняў, што яшчэ ўзмацніліся ў 2020 годзе, наўрад ці змогуць сабраць неабходную для перарэгістрацыі колькасць сябраў альбо не пройдуць праз бюракратычны бар'ер завышаных патрабаванняў да дакументаў.

Парушэнне свабоды сходаў

Суды не спыняюцца пераследваць удзельнікаў мірных акцый пратэсту 2020 года.

У Фрунзенскім судзе Мінска 2 снежня суддзя Юлія Чыж прызначыла палітзняволенаму Валянціну Міцкевічу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У судзе Партызанскага раёна Мінска 6 снежня паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" сямейную пару Дар'ю і Міхаіла Суднікаў. Да суда іх утрымлівалі пад вартай. Мужа з жонкай абвінавацілі ў перакрыцці дарог на адным з Маршаў у 2020 годзе.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 снежня асудзілі палітзняволеную Ксенію Котаву паводле ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя Марына Клімчук прызначыла дзяўчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Парушэнне свабоды меркаванняў

Барацьба з выказваннем меркавання пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам працягваецца і замацоўваецца як на заканадаўчым узроўні, гэтак метадычна і на правапрымяняльным. 

Улады працягваюць не толькі масава уносіць людзей, інфармацыйную прадукцыю, суполкі і інш. у спісы, якія выконваюць функцыі кантролю і санкцыянавання, але і прымаюць новае рэпрэсіўнае заканадаўства. 14 снежня быў прыняты законапраект аб змене Закона "Аб грамадзянстве", які замацуе магчымасць уладаў пазбавіць беларусаў грамадзянства на падставе прысуда за так званую экстрэмісцкую дзейнасць.

Абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі і дзеючай Канстытуцыяй грамадзянам краіны гарантавана права выказвання меркавання ў любых формах і любымі спосабамі. Асноўная міжнародная дамова для Беларусі — гэта Міжнародны Пакт "Аб грамадзянскіх і палітычных правах", у ім таксама замацавана, якія абмежаванні свабоды выказвання меркавання з’яўляюцца дапушчальнымі. Яны павінны быць прадугледжаны законам, які адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве (a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або (b) для аховы дзяржаўнай бяспекі або грамадскага парадку (ordre public), або здароўя ці маральнасці насельніцтва. 

Згодна з гэтымі патрабаваннямі, дзеянні ўладаў Беларусі па прыцягненні людзей да адказнасці за выказванне меркавання не могуць быць прызнаныя дапушчальнымі, але ў судах разглядаюцца справы па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Так, у судзе Бярэзінскага раёна 23 снежня асудзілі Пятра Пятрушу паводле арт. 341 (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) Крымінальнага кодэкса да шасці месяцаў пазбаўлення волі за тое, што ён "…з дапамогай аэразольных балонаў з фарбавальнымі рэчывамі белага і чырвонага колераў 11 разоў нанёс на паверхню апор ліній электраперадач, сцен двух прыпынкавых пунктаў грамадскага транспарту, дарожнага знака "Пачатак населенага пункту" выявы ў выглядзе бел-чырвона-белых палос".

У Мінскім гарадскім судзе 30 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе грамадзяніна Латвіі Дмітрыйса Міхайлоўса, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў. 44-гадовага грамадзяніна Латвіі, які быў часова зарэгістраваны ў Мінскай вобласці, абвінавацілі ў закліках у сацыяльных сетках да мераў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 2 арт. 130 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК).

Улады працягваюць здзяйсняць ціск на людзей, якія выяўляюць супраціў вайне, распачатай Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны. Напрыклад, у снежні стала вядома пра прысуд, вынесены 24 лістапада ў Брэсцкім абласным судзе па справе за "агентурную дзейнасць" у Беларусі на карысць Украіны. Судзілі ўкраінцаў Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка за тое, што паводле версіі абвінавачвання, яны збіралі звесткі пра вайсковую тэхніку і аб'екты ў Беларусі па заданні Службы бяспекі Украіны. Дзяржаўны тэлеканал АНТ зняў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі далучыцца да добраахвотнікаў ва Украіне пасля ўварвання расійскіх войскаў 24 лютага 2022 года. 

У Мінскім абласным судзе 23 снежня асудзілі палітзняволенага Ягора Лебядка паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв’ю незалежнаму выданню, якое ўлады адвольна прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Суддзя Алена Міснік прызначыла Лебядку 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вайсковы аналітык Ягор Лебядок быў затрыманы 13 ліпеня 2022 года. 

За снежань МУС чарговы раз абнавіла "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". На канец месяца ў спісе асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, апынулася 2 263 чалавекі. Улады за месяц дадалі 204 новых экстрэмістаў, гэта па 6,5 чалавека на дзень. 

Так, у спіс трапіла айцішніца Дар'я Фамічонак, муж і жонка Віктар і Ірына Арэхавы, дырэктар архітэктурнага бюро Канстанцін Высочын, былы актывіст "Моладзі БНФ" Арсеній Дзядок, а таксама 20-гадовая Данута Перадня, асуджаная да 6,5 года калоніі за рэпост, "рэйкавы партызан" Сяргей Глебка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі Анатоль Латушка, асуджаны да 10 гадоў калоніі Дзяніс Сальмановіч і іншыя.

З новага года не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле "пратэсных" артыкулаў. Гэта вызначана пастановай урада № 839 ад 7 снежня.

Таксама пад забарону трапяць экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі свядома ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Лукашэнкі).

У лістападзе паводле арт. 342 КК быў асуджаны краязнавец Ігар Хмара, якога затрымалі, калі ён праводзіў экскурсію па Мінску. За кратамі чакаюць суду экскурсаводкі Аксана Манкевіч і Валерыя Чарнаморцава, якім таксама інкрымінуюць "народны" арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

За снежань улады прызналі 44 адзінкі інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі. 

Гэтым разам у спіс трапілі, сярод іншых, Telegram-канал "Менск 97%"; кніга "Толкование десяти последних джузов Благородного Корана, и следует за ним важные вопросы, касающиеся мусульманина"; суполка ў сацсетцы "УКантакце" "Свободный Жлобин | Free Zhlobin"; сайт, сацсеткі і лагатып рэсурсу KYKY.ОRG, Telegram-каналы "Белое & Черное", "Bielaruski_Partyzan"; YouТube-канал "Sapraudny_Belarus"; старонка ў "Аднакласніках" "Страна позора"; TikTok-акаўнты "+Belarusian Battalion +", "Беларусь на теле", "Свежие новости из Польши", "Pavel Latushka/Павел Латушко", "NEXTA", "oppositia_1_"; TikTok-старонка "Кастусь Каліноўскі". Instagram-старонку "Zerkalo_io" таксама прызналі "экстрэмісцкай".

Экстрэмісцкай прызнаная платформа "Новая Беларусь". Пра гэта паведамілі праўладныя Telegram-каналы, хаця ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў "Новай Беларусі" пакуль няма.

Група грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Вестники", прызнана ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Такое рашэнне прыняў МУС; у фармаванне ўвайшлі выданні "Вестники", "Брестское время", "Витебский вестник", "Гродненское время", "Гомельский вестник", "Могилевские вести", "ByProsvet", "Беларусский вестник", "Протестная Беларусь", "Протестный Гомель", "Слово Беларусов", газета "7Чижей". У кастрычніку сілавікі паведамілі пра затрыманне меркаванага рэдактара і аўтара артыкулаў для сеткі газет "Вестник".

Таксама экстрэмісцкім фармаваннем прызналі "групу грамадзян "Чижовка Семь Чижей", якія аб’яднаныя, у тым ліку, праз рэсурсы мэсэнджара Telegram і ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць".

Па прызнанне парушанага Беларуссю права на выказванне меркавання яшчэ магчыма звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН, які пасля 8 лютага, праз дэнансацыю факультатыўнага пратаколу, больш не будзе прымаць індывідуальныя паведамленні ад грамадзянаў Беларусі.

Смяротнае пакаранне

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў першым чытанні прыняла законапраект "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які прадугледжвае ўвядзенне смяротнага пакарання паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве, здзейсненай службовай асобай ці вайскоўцам (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса).

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2022