04.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня разглядзелі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса супраць 37-гадовага Віталя Енаровіча. Суддзя Вера Галоўкава прызначыла яму два гады калоніі. Мужчыну затрымалі ў сакавіку і ўтрымлівалі на "сутках" на Акрэсціна амаль тры месяцы без зменнага адзення і сродкаў гігіены. Яго былыя сукамернікі распавялі, што летам на Акрэсціна ён ўсё яшчэ быў у зімовай вопратцы.
"Пакаяльнае" відэа з Віталем з'явілася на праўладных тэлеграм-каналах 21 сакавіка 2022 году. Паведамлялася, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, а таксама пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да міліцыянтаў, беларускіх і рускіх вайскоўцаў. Больш пра лёс Віталя праваабаронцам не было вядома нічога. Былы арыштант ЦІП на Акрэсціна распавёў пра свайго сукамерніка Віталя Енаровіча:
"Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую адміністратыўку, не выходзячы на волю. Уявіце: чэрвень, а чалавек з зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час — ніякай тугі, пазітыўны, на правах старажыла ўжо падтрымлівае парадак".
Яшчэ адзін сукамернік Віталя — ужо з ІЧУ на Акрэсціна — распавёў, што ў межах крымінальнай справы ў ІЧУ мужчыну перавялі 11-12 чэрвеня. Да гэтага часу арыентыровачна з 21 сакавіка ён утрымліваўся ў ЦІП — два з паловай месяцы.
"На той момант аб ім чулі ўсе і распавядалі ізноў прыбылым, што "на ЦІПе ёсць чалавек, які сядзіць ужо амаль тры месяцы без выхаду!" Трымаўся бадзёра, быў, так бы мовіць, душой камеры. Вынаходзіў увесь час нешта. Навучыў, як можна стрыгчы валасы і бараду пры дапамозе лыжак! Выглядае... Усе мы там не вельмі выглядалі, але ён горш, усё ж такі ўжо тры месяцы".
Напрыканцы чэрвеня яго перавялі ў СІЗА-1. Былы сукамернік Віталя з "Валадаркі" распавёў, што адразу яму ставіўся ў віну ўдзел у адным Маршы. Але перад закрыццём справы яму прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 130 КК — у інтэрнэце знайшлі яго каментары за жнівень 2020-га.
"Потым выклікалі на "кабінеты", усплылі каментары за 8 ці 9 жніўня. Карацей, капалі далей".
Як і папярэднія сукамернікі Віталя з ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна, былы сукамернік з СІЗА-1 адгукаецца вельмі добра пра мужчыну:
"Адчуваў сябе бадзёра, але вядома быў падаўлены новымі нюансамі па справе, бо высокая верагоднасць трапіць у калонію. Ён наогул на пазітыве заўсёды, верыць у лепшае".
Падтрымаць вязня можна лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віталь Леанідавіч Енаровіч
Крыніца: Мінчука, якога ўтрымлівалі на Акрэсціна амаль тры месяцы, асудзілі да двух гадоў калоніі