06.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы, ціск, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны, гісторыі вязняў Асобы: Марфа Рабкова Ужо трэці раз палітзняволеная праваабаронца "Вясны" Марфа Рабкова сустракае свой дзень народзінаў у няволі. 6 студзеня 2023 года ёй споўнілася 28 гадоў. У СІЗА-1 яна з 17 верасня 2020 года. За гэты час Марфа прайшла некалькі камер і сустракала шмат людзей. "Вясна" сабрала ўспаміны пра Марфу ад яе былых сукамерніц.
Усе сукамерніцы прайшлі СІЗА-1 праз палітычна-матываваны крымінальны пераслед. У артыкуле іх імёны зменены ў мэтах бяспекі.
Віка правяла з Марфай з лістапада па люты 2020 года.
"Пра Марфу я ведала задоўга да гэтага і нават хацела напісаць ёй ліст. І калі мяне пасадзілі і я сустрэла Марфу, мы з гэтай сітуацыі пасмяяліся — як лёс нас звёў. Яна добры, адкрыты і сумленны чалавек, вельмі энергічная. У псіхалогіі ёсць такое слова "эмпатычная" — гэта таксама пра Марфу. Бо яна прапускае лёс кожнага чалавека праз сябе.
Гэта было адразу відаць, калі я патрапіла ў камеру — Марфа імкнулася з усіх бакоў мяне атачыць клопатам, падказаць штосьці. Бо для мяне зняволенне ў СІЗА было шокам".
Віка заспела першы дзень народзінаў Марфы ў СІЗА — 6 студзеня 2021 года. Вось як яго святкавалі:
"У нас было тыпу "шампанскае" — мы бралі мінералку і выціскалі туды сок лімона. У той дзень ейны муж перадаў усялякія ласункі, мы накрывалі стол. Спадзяваліся, што хуткім часам гэта ўсё скончыцца і наступны дзень народзінаў яна будзе святкаваць на волі. Ніхто не думаў, што гэта так зацягнецца".
Па ўспамінах Вікі, Марфа шмат распавядала пра сваіх катоў. На момант затрымання іх было трое — усе падабраны з вуліцы.
"Яна вельмі перажывала, як яе муж будзе з катамі адзін. Але яе сябры вельмі дапамаглі ў гэтым плане — прыносілі корм і прыглядалі за імі.
Марфа [да зняволення] хадзіла ў цэнтр дапамогі жывёлам. Гэта было нашым пунктам дотыку — мы абедзве любім жывёл, бярэм іх да сябе дадому, лечым, аддаем любоў і ласку".
А яшчэ Марфа — вельмі добрая, прыгадвае Віка:
"Яна дапамагала ўсім, заўсёды дзялілася. Бо часам жанчынам па "побытавых" артыкулах не заўсёды дасылалі перадачы (у адрозненне ад палітзняволеных). І калі ў кагосьці з іх не было прадметаў гігіены, Марфа давала іх са сваіх рэчаў. У адзін перыяд яна нават пісала апеляцыйныя скаргі для дзяўчат".
Віка заспела той час, калі да Марфы на працягу двух тыдняў амаль кожны дзень прыходзіў ГУБАЗ:
"Яны казалі ёй: вось падпішы паперу, здай такіх-та — і зможаш патэлефанаваць тату ці пагаварыць з мужам. Але Марфа заўжды адмаўлялася ад такіх пагадненняў. Яна б так не зрабіла ніколі".
Бацька Марфы ў той момант сур'ёзна хварэў на анкалогію. На гэта і ціснулі сілавікі. У жніўні 2021 года бацька памёр. А Марфу так і не пусцілі на яго пахаванне.
"Штораз мы заміралі, калі выклікалі Марфу. Таму што ёй выстаўлялі новыя крымінальныя артыкулы, — узгадвае Віка. — Бо спачатку Марфу затрымалі паводле аднаго артыкулу. А потым дадавалі новыя".
З камеры Марфу перавялі знянацку.
"Мы доўга развітваліся, плакалі. Бо прывязаліся адна да адной", — кажа Віка.
Гісторыю з ціскам сілавікоў на Марфу заспела і Таня. Іх яна называе "гасцямі". Вось як яна гэта ўспамінае:
"Дзесьці ў пачатку снежня 2020 года на Марфу пачаўся аказвацца моцны псіхалагічны ціск з боку "гасцёў", якія рэгулярна пачалі яе наведваць [сілавікі, якія выклікалі Марфу на "размову" — Заўв.]. Краналі за жывое, згадваючы яе тату, які на той момант быў цяжка хворым. Усё накіроўвалася на тое, каб Маша прызнала сваю віну. Вельмі розны настрой быў у Машкі. Бывала, што яна плакала. Гэта не праява слабасці. Проста рэакцыя на прававы дэфолт і несправядлівасць. Страх за мужа. Яна дужа перажывала за яго. Але доўга ў такім стане яна старалася не сядзець. Ды якое там сядзець! Машка кнігі чытала, на лісты адказвала, дзяўчатам дапамагала: дзялілася прысмакамі, рэчамі, добрым словам, парадамі. Нягледзячы на стрэс, у якім яна амаль пастаянна знаходзілася, прысутнічаў і гумар. Неяк яна сказала мне: "Я не думала, што ты палітычная, бо ў цябе такі мафіёзны выгляд быў, калі ты ўвайшла", — яна так смешна гэта сказала, я не перадам!" — падчас гэтых успамінаў Таня усміхаецца і дадае: "Марфа — добры, светлы чалавечак, з сэрцам, якое балела за кожнага".
На гэты момант муж Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі затрыманы. 6 студзеня 2023 года стала вядома, што яго адміністрацыйны арышт працягнулі.
А вось як Таня ўзгадвае сваё знаёмства з Марфай:
"З першых хвілін, як толькі я ўвалілася ў камеру з сумкамі-клумкамі, Машка неяк адразу прывабіла сваёй гасціннасцю і прыязнасцю. Канешне, я распавяла гісторыю, за што я была затрыманая. На той момант пра мяне не было ніякай інфармацыі нідзе, я не мела статус палітзняволенай — і Машка прапанавала паведаміць пра маю сітуацыю ў "Вясну". Яна заўсёды імкнулася дапамагчы кожнаму, незалежна ад таго, хто перад ёй: палітвязень ці чалавек па іншым артыкуле. Праваабаронца — ён і ў турме праваабаронца. Праваабаронца сядзіць — дапамога людзям аказваецца. Мяне заўсёды ўражвала, адкуль у ёй застаецца ўнутраны рэсурс на вырашэнні чужых пытанняў і праблемаў".
Падчас асповеду пра Марфу Таня адзначыла, што ў ейнай памяці паўстаў верш Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны Васілю Быкаву. Бо, як кажа былая палітзняволеная, Марфа — "рыцар барацьбы і гонару". Вось ён:
"Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...
Ўсё мінае- Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў.
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды".
"Марфачка, трымайся. Захавай у сабе Чалавека. Душэўных сіл табе. Мы побач", — дадае Таня.
Раптам Марфу і Таню перавялі ў іншую камеру. Там іх сустрэла Лена. Вось як яна ўспамінае гэты момант:
"Было заўважна, што для іх дваіх гэта было нечаканай падзеяй. Для нас таксама. У той вечар мы шмат балбаталі пра тое, як яны жылі раней. Абмяркоўвалі навіны. Марфа і Таня сядзелі разам, дакранаючыся адна да адной. Было відаць, што яны даражаць адна адной і спрабуюць падтрымаць.
Першае ўражанне пра Марфу — адэкватны, праніклівы чалавек. Добра прыстасаваны да жыцця. Трошкі мітуслівы, але адказны".
А вось як Лена апісвае будні Марфы:
"Я заўважала, што ў яе быў дакладна сфармаваны распарадак дня. Яна чытала, пісала лісты, рабіла ўсялякія побытавыя штукі. Памятаю, у нейкі момант мы пачалі стаяць у планцы кожны дзень. Марфа была з намі.
Яшчэ я памятаю, што яна хацела навучыцца маляваць. Малявала ўсякіх парсючкоў".
З гэтай камеры Марфу перавялі пасля своеасаблівай імпрэзы да Дня волі: 25 сакавіка 2021 года зняволеныя дзяўчыны ўплялі сабе ў валасы бел-чырвона-белыя стужкі, праз што камеру расфармавалі.
"Было сумна раставацца з Марфай", — кажа Лена.
Так Марфа трапіла ў камеру да Ані. Разам дзяўчыны правялі каля пяці месяцаў.
"Ужываліся мы добра, Марфа адзіная па ўзросце была блізкая, і мы знайшлі агульную мову, — успамінае Аня. — У нас была адзіная вялікая сварка — праз ката Валодзю. Ён прыходзіў пад вокны нашай камеры і галасіў, пакуль яму не кінуць катлету ці каўбасу праз краты. І я сцвярджала, што мы яго песцім і гэты кот вельмі нахабны. А Марфа не магла яго не карміць. У выніку мы знайшлі кампраміс: карміць паводле часу, а не паводле крыку ката. Тады гэтая праблема здавалася вельмі сур'ёзнай.
Яшчэ Марфа часта перапісвалася з зааабаронцамі-арнітолагамі, яны нам дасылалі мемы і жарты. Дзякуючы гэтым лістам мы ведаем іншы сэнс мема "Аўсянка, сэр!" Бо аўсянка — гэта птушачка".
"Марфа ўмее весяліцца і адцягваць увагу іншых ад дрэннага. Пасля чарговых допытаў ці дрэнных навін яна прыходзіла і казала: "Нічога, чым горш, тым лепш".
У яе былі свайго кшталту традыцыі. Напрыклад, роўна а чацвёртай гадзіне яна п'е какаву і робіць што хоча. Але звычайна піша лісты ў гэты час. Яна малюе вельмі крутых катоў, і я спадзяюся, што яна не перастала гэта рабіць. Яна вельмі моцная. Часам ранімая, але яна ніколі не дазволіць дрэнным акалічнасцям зламаць у сабе стрыжань", — дадае Аня.
Пра птушак датычна да Марфы ўспамінае і Аляксандра. Яна была сукамерніцай Марфы ўжо з пачатку траўня па канец чэрвеня 2022 года.
"Калі мы з дзяўчатамі разгадвалі крыжаванкі, то Марфа ўсё ведала: як называецца кожная птушачка. І яшчэ ведала назвы жывёл, раслін".
Магчыма, гэта і таму, што Марфа паводле першай няскончанай адукацыі з'яўляецца біёлагам. Пра студэнцкі шлях Рабковай "Вясна" пісала тут:
Перажывала, што "недавучаная". Студэнцкі шлях Марфы Рабковай
"Вясна" распавядае пра тое, які шлях прайшла праваабаронца Марфа Рабкова, каб вучыцца.
Аляксандра заспела час, калі над Марфай Рабковай праходзіў судовы працэс.
"Штодня яна ездзіла на суды (акрамя выхадных). І калі Марфа прыязджала адтуль (а гэта ўсё забірае вельмі шмат энергіі), то ёй было вельмі цяжка — і эмацыйна, і фізічна, бо яна мела праблемы са здароўем і лістоў пазбаўлялі. І штораз пасля судоў яна была проста нежывым чалавекам. Яна была без сіл. Прасіла ў сукамерніц некаторы час пабыць сам-насам з сабой.
Штораніцы яна ўставала да асноўнага пад'ёму — дзесьці ў 5.50-5.55, каб пайсці пачысціць зубы, паснедаць. І яна ўсім дзяўчатам потым дапамагала ставіць кіпяцільнік зранку — каб усе ўсё паспелі.
Праз суды Марфа заўсёды прала ў выхадныя. Таму мы ў будні намагаліся самі праць — каб пакінуць час на выхадных зрабіць гэта дзяўчатам, якія ездзілі на суды. Спачатку гэта была толькі Марфа, а потым суды пачаліся ў Ірыны Леўшынай.
Кожны раз мы чакалі Марфу як праменьчык святла. Вось часам здаецца — дзень пусты, ніякіх навінаў. А Марфа прыходзіла пасля суда — і распавядала, што адбываецца ў свеце. І пра вайну мы актыўна дазнаваліся ад яе. Таму што ў тэлевізары адно — а Марфа прыносіла зусім іншыя навіны".
У самой Аляксандры таксама быў суд — але кароткі. Дзяўчын забіралі з камеры разам:
"Калі мы разам стаялі і чакалі, то Марфа ўсміхалася і смяялася — яна падтрымлівае так сябе вось гэтым станам. Яна не маркоціцца. Бываюць, вядома, у яе моманты суму — але яны ва ўсіх бываюць.
А яшчэ Марфа гатовая аддаць апошняе. Яна заўсёды ўсім дзялілася. Карміла сваіх "памагатых" на судах: рабіла бутэрброды хлопчыкам, бо ім складаней, яны хочуць есці больш — і Марфа ім прыносіла, у яе атрымлівалася торбу неяк схаваць.
Калі ў Марфы быў прысуд — я з заміраннем сэрца пачула гэтую жудасную лічбу. 15 гадоў. Дзіка, незразумела, крыўдна. З кім яны змагаюцца? З маленькай дзяўчынкай, якая рабіла вялікую справу. Горка і крыўдна за яе".
А вось як Аляксандра апісвае знешнасць Марфы:
"Яна вельмі схуднела [з моманту зняволення]. Але ў яе вельмі спартовае падцягнутае цела. У яе прэс падпампаваны і ногі. Бо калі мы выходзілі на прагулкі ў прагулачныя дворыкі, яна займалася спортам. І проста на ложку магла пападцягвацца.
Неймаверна крохкая, але вельмі моцная дзяўчынка. Вельмі прыгожая. З супердзіцячым і нібыта непасрэдным тварам. Але калі глядзіш у ейныя вочы (а яны шалёна прыгожыя з доўгімі вейкамі і густымі бровамі) — а там… Для мяне Марфіны вочы — гэта плынь, акіян. Нават калі яна ўсміхалася, то мне здавалася, што ў ейных вачах столькі болю і перажыванняў. Але, нягледзячы на гэта, яна заўсёды ўсіх падтрымлівала".
- Марфа Рабкова і Валянцін Стэфановіч.Як кажа Аляксандра, Марфа цяпер так не выглядае -- яна моцна схуднела
Аляксандра адзначае, што навучылася ў Марфы ўстойлівасці і веры ў добрае.
"Я яе запомніла вельмі светлым чалавекам. Яна назаўжды застанецца ў маёй памяці. Вельмі хочацца яе хутчэй абняць і пабачыць. Таму што без яе я б не перажыла той перыяд, у якім я знаходзілася. Без яе я б з'ехала з глузду".
Як можна павіншаваць Марфу Рабкову з Днём Народзінаў?
- дашлі паштоўку, тэлеграму ці ліст з віншаваннямі і цёплымі словамі, можна анлайн
- напішы віншаванне на дошцы анлайн
- распавядзі пра Марфу у сацсетках з хэштэгамі #FreeMarfa #FreeViasna
- адпраў пасылку ці бандэрольку з прыемнымі дробязямі, нават з-за мяжы
- зрабі грашовы перавод
Адрас для адпраўленняў:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня 2021 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.
6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды шмат іншых.
Крыніца: Камерны шлях Марфы Рабковай – ва ўспамінах былых палітзняволеных СІЗА-1