10.01.2023 Тэгі: суды, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны", фігурантамі якой з'яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна. Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") — яны не прызналі віну ні па ніводным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставіцца ў віну. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай паўгады. Гэта тряцяе судовае пасяджэнне. 

Уладзь Лабковіч на судзе 5 студзеня
Уладзь Лабковіч на судзе 5 студзеня

Напачатку суда Уладзь Лабковіч заявіў хадайніцтва аб перапынку ў судовым пасяджэнні ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Суддзя Запаснік выдалілася, каб высвятліць дадзеныя аб стане здароўя праваабаронцы, бо ў судзе, зразумела, вясновец ніякіх медыцынскіх дакументаў з СІЗА прадаставіць не змог. У выніку, суддзя звязаўшыся з супрацоўнікамі СІЗА, вырашыла, што Лабковіч ў стане ўдзельнічаць у працэсе. Судовае пасяджэнне працягнулася.

Нагадаем, у лістах на волю Уладзь Лабковіч усе паўгады ўтрымання пад вартай скардзіўся на пагаршэнне здароўя, а менавіта на пастаянныя галаўныя болі, бяссоніцу і паніжэнне зроку.

На судзе праваабаронцаў "Вясны" працягваюць утрымліваць у залі суда ў клетцы ў кайданках. Сёння Валянцін Стэфановіч зноў патрабаваў зняць з праваабаронцаў кайданкі. А суддзя зноў не стала разглядаць гэтае хадайніцтва, спасылаўшыся на тое, што тут "падмяняюцца паняцці меры бяспекі і меры абароны" і гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі канваіраў. Толькі незразумела, чым выкліканы такія "меры бяспекі" ў адносінах да праваабаронцаў, якія і так утрымліваюцца за кратамі. Алесь Бяляцкі падтрымаў хадайніцтва калегі і нагадаў, што судзяць вясноўцаў па палітычных матывах. Ён узгадаў, што ў 2011 годзе, калі яго судзілі папярэдні раз, то ў залі суда ён быў без кайданкоў.

Калі з вясноўцаў у чарговы раз адмовіліся здымаць кайданкі, то Валянцін Стэфановіч заявіў адвод суду, бо ён парушае іх правы. Запаснік, чакана, адхіліла гэтае хадайніцтва.

Алесь Бяляцкі на судзе прапанаваў памяняцца з пракурором Аляксандрам Каролём прыладамі для пісьма, бо яны знаходзяцца ў няроўных умовах – у пракурора ноўтбук і ручка, а ў праваабаронцаў толькі стрыжань.

Інфармацыя дапаўняецца.

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Цяпер палітзняволеным вясноўцам вельмі патрэбная салідарнасць і падтрымка! Зрабіць гэта можна лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда па "справе Вясны":

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы

Суд адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".

Абодва пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"

"Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны".

Крыніца: Трэці суд па "справе Вясны": Уладзь Лабковіч дрэнна сябе адчувае, праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх