14.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Гомельскі абласны суд Гомельскі абласны суд 9 студзеня вынес прысуд па крымінальнай справе двух жыхароў Гомеля – Уладзіслава Яцэнкі і Кірыла Плакушчава. Іх абвінавацілі паводле арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і ч. 2 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

Справу разглядаў суддзя Мікалая Доля.

Судовы працэс пачаўся яшчэ 29 лістапада і доўжыўся паўтапры месяцы з перапынкамі. Аднаму з хлопцаў - 21 год, другому - 24.

Паводле матэрыялаў следства адзін з іх неаднаразова размяшчаў у адной з сацсетак публікацыі з заклікам да ўдзелу ў батальёне Кастуся Каліноўскага, «Азове» і іншых фармаваннях Узброеных Сіл Украіны. А яшчэ перавёў 21 еўра для батальёна Кастуся Каліноўскага.

Таксама абодвух хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны наносілі цынічныя надпісы і малюнкі на сцены будынкаў у абласным цэнтры. Суд ацаніў шкоду ў 130 рублёў.

Праваабаронцам пакуль не вядома хто менавіта з хлопцаў «заклікаў далучыцца да батальёна Каліноўскага», а хто «наносіў надпісы». За першае «злачынства» аднаго з гамельчукоў пакаралі пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а яго сябар атрымаў за «надпісы» паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Крыніца: За дапамогу батальёну Каліноўскага – пяць год калоніі, за "цінічныя" надпісы супраць вайны – паўтара