16.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, свабода слова Андрэй Пачобут. Гродзенскі абласны суд пачынае 16 студзеня разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага гарадзенскага журналіста і сябра "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэя Пачобута. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: спачатку працэс прызначалі на 28 лістапада, затым на 9 студзеня, цяпер — на 16 студзеня 2023 г.

Судовы працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гародні пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Яго пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага напачатку ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Пазней быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз - у турме №1 Гародні.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

4 кастрычніка 2022 г. КДБ дадаў журналіста ў "Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

У сярэдзіне жніўня 2022 года, калі Пачобут пачаў знаёміцца са справай. Стала вядома, што палітвязню таксама выставілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

У Пачобута маюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым яго змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

Раней, у 2013 годзе, Андрэй Пачобут быў асуджаны з адтэрміноўкай прысуду паводле крымінальнай справы за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Быў вызвалены ад адбыцця пакарання ў сувязі з тым, што ён не парушаў заканадаўства - паклёпу ў ягоных словах новы суд не знайшоў. 

Крыніца: Пачынаецца судовы працэс над вядомым гарадзенскім журналістам і сябрам "Саюзу палякаў Беларусі" Андрэем Пачобутам