16.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Маскоўскім судзе Брэста 24 лістапада 2022 года асудзілі Аляксандра Труша паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Лаўранюк асудзіла Аляксандра на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў Ягор Кронда.

Як паведамляе “Брэсцкая вясна”, 16 жніўня 2022 года Аляксандр Труш у прысутнасці іншых людзей заявіў, што Аляксандр Лукашэнка здраднік і фашыст. Размова адбылася са знаёмымі на вуліцы каля пад’езду. Да кампаніі падыйшла жыхарка дома і запатрабавала замаўчаць. Пасля жанчына патэліла ў міліцыю і данясла на Аляксандра Труша, што “у двары кампанія з 8 чалавек, лаяць уладу, называюць Лукашэнку здраднікам ды фашыстам”. Праз 23 хвіліны ў двары з'явіліся міліцыянты, затрымалі Труша і яго знаёмую і даставілі іх у адззяленне. Там мужычну дапыталі і ставілі ў віну, што менавіта ён абразіў Лукашэнку. На словы затрыманага, што ён не мог такога сказаць, міліцыянты прыгразілі, што пасадзяць яго ў ізалятар, а самі знойдуць патрэбных сведак.

Міліцыянты прапанавалі, што калі Аляксандр падпіша заяву на імя начальніка РАУС з прызнаннем абразы Лукашэнкі, яго выпусцяць на волю. Мужчына пагадзіўся з версіяй міліцыі, падпісаў заяву і яго адпусцілі. Але ў верасні 2022 года зноў затрымалі і змясцілі ў СІЗА.

Падчас судовага паседжання суддзя спытала, чаму падчас пазнейшых допытаў Труш таксама прызнаваў што назваў Лукашэнку здраднікам і фашыстам, ці прымяняліся да яго недазволеныя метады вядзення следства. Труш адказаў, што паказанні не змяняў, бо баяўся, што ў ІЧУ ці СІЗА на яго могуць ціснуць, але ж канкрэтных недазволеных дзеянняў да яго не прымянялі. Хаця пры гэтым Труш адчуваў, што следчыя могуць прычыніць яму шкоду, калі захочуць. Пратакол яго другога дапросу у частцы сведчанняў Труша, следчы ў асноўным проста перапісаў з ранейшага дапросу, расказаў на судзе Труш.

З агучаных матэрыялаў справы вынікала, што Труш назваў Лукашэнку фашыстам, бо ў 2020 годзе сілавікі катавалі мірных пратэстоўцаў. А здраднікам назваў таму, што Лукашэнка падтрымаў Расею ў вайне супраць Украіны, такім чынам здрадзіўшы Украіне.

Праз тое, што сведчанні Труша на судзе і на папярэднім следстве значна разыходзіліся, у суд вырашылі выклікаць дадатковых сведак. У тым ліку тую жанчыну, па даносе якой міліцыянты затрымалі Труша 16.08.2022. Але ж гэтая сталая жанчына, грамадзянка Расеі, спаслалася на ўзрост ды прасіла пазбавіць яе ад неабходнасці яўкі на суд, дадзеныя раней сведчанні падтрымала.

У выінку пракурор палічыў віну Труша цалкам даказанай. Суддзя пагадзіўся з абвінавачаннем і прызначыў мужчыну паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

13 студзеня 2023 года ў абласным судзе разглядалася апеляцыйнага скарга на гэты прысуд. Трое суддзяў пакінулі рашэнне суду без зменаў.

Крыніца: Па даносу “неабыякавай грамадзянкі” берасцейца асудзілі на паўтара года калоніі за абразу Лукашэнкі