16.01.2023 Тэгі: суды, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 студзеня адбылося сёмае судовае пасяджэнне па "справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. "Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.

Вясноўцы на судзе 5 студзеня
Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Другая "хуткая" за тыдзень

Перад пачаткам сёмага пасяджэння да Уладзя Лабковіча выклікалі "хуткую". Шэсць дзён таму ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем да праваабаронца таксама вылікалі медыкаў у залю суда. Вядома, што Уладзь захварэў, у яго была высокая тэмпература. Але, як і папярэдні раз, медыкі сказалі, што прычын для гаспіталізацыі няма, і ён у стане прысутнічаць на судовым пасяджэнні. Уладзь вельмі дрэнна выглядае на судах — вельмі бледны, сёння медыкі яго аглядалі каля 40 хвілін. 

Пісьмовыя матэрыялы справы без подпісаў

Суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы — 283 тома па 300 старонак. Нагадаем, на першым судовым пасяджэнні Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў за месяц азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, а гэта больш за 70 тамоў. Праваабаронца прасіў даць яму час на азнаямленне з імі, але суддзя Запаснік заявіла, што ў яго было дастаткова часу на гэта, і цяпер няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу.

16 студзеня зачытвалі дакументы (табліцы, распіскі, матэрыялы да вебінараў, дакументы аб выдачы грошай), вынятыя з флэшак Дзмітрыя Салаўёва — усе яны без подпісаў і пячатак. Таксама на судзе агучвалі дадзеныя пра рух грашовых сродак літоўскай арганізацыі Pavasaris (з пер. літоўскай — "Вясна"). Адвакаты пярэчылі гэтаму, бо ў матэрыялах справы не было адпаведных перакладаў іх на рускую ці беларускую мову, з якімі яны маглі бы азнаёміцца. Пракурор зачытвай іх на замежнай мове.

У матэрыялах справы маецца шмат дакументаў 2014 і 2015 года, якія не адносяцца да перыяду, які інкрымінуецца вясноўцам — з 2016 па 2021 год. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу адвакаты і казаў сам Алесь Бяляцкі з першага судовага пасяджэння. 

Наступнае пасяджэнне прызначана на 17 студзеня ў 10:30.

МЗС Польшчы: "Мы чакаем спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці" 

Тым часам, МЗС Польшчы 16 студзеня заклікаў вызваліць Алеся Бяляцкага «і ўсіх іншых асоб, якія дзейнічаюць дзеля будавання дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі».

«Мы чакаем спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і пачатку працэсу дэмакратызацыі краіны сумесна з усімі палітычнымі коламі. Суверэнная і дэмакратычная Беларусь можа зноў стаць партнёрам і адказным чальцом міжнароднай супольнасці», — цытуе словы прэс-сакратара МЗС Польшчы Лукаша Ясіны "Белсат".

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда па "справе Вясны":

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы

Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".

Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх

У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"

Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў "Вясны".

Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"

"Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.

Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"

Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны". 

Крыніца: Сёмае пасяджэнне па "справе Вясны": другая "хуткая" за тыдзень і паперы без подпісаў як доказы віны