17.01.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрымалі грамадзяніна Грузіі, які нібыта хацеў паехаць ваяваць за Украіну 

Затрыманы — Георгій Зіракашвілі. Сцвярджаецца, што пасля затрымання ён ва Украіну ехаць перадумаў. Што з мужчынам цяпер, ці распачалі супраць яго крымінальную справу або выправадзілі з краіны — невядома.

Вядучыя БТ, выкарыстоўваючы гісторыю грузіна, наўпрост абвінавацілі амбасаду Украіны ў Мінску ў вярбоўцы замежных наймітаў для вайны. Якіх-небудзь доказаў таго, што канкрэтна амбасада ў Мінску займаецца вярбоўкай, на БТ не прывялі.

Улады прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу — на сайце Мінінфарма яе назву на беларускай мове напісалі з памылкамі

Суд Цэнтральнага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу «"Вызваленыя" i Заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941 г.г. у дакументах беларускiх архiваў». Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў назва кнігі напісана з памылкамі («Вызваленныя» i «Заняволенныя»).

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі:

  • Telegram-каналы і чаты: «Ивье. НОВОСТИ», «by_help Molo», «МОЛОДЕЧНО Chat»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «Ирина Боровик»;
  • Facebook-старонкі «BYPOL News», «1Пинск»;
  • Telegram-стыкеры «WotanJugend by @fStikBоt».

Палітвязня Сяргея Лаўкайціса змясцілі ў ШІЗА другі раз запар 

Сяргея затрымалі 5 снежня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 339 КК (Хуліганства) — нібыта ён «падрыхтаваў не менш чым у 4 пластыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск "Табакерка” і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгаранне». Сяргея асудзілі да трох гадоў калоніі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Сяргея другі раз запар змясцілі ў ШІЗА. Адной з прычын маглі стаць вершы на беларускай і расейскай мовах, якія вязень піша па падзеях у калоніі. Сяргея перавялі ў атрад да Паўла Севярынца і ў іншыю брыгаду. Адміністрацыя цісне на яго празадмову працаваць «у прадлёнцы» бясплатна. Таксама Сяргея караюць рапартамі за "надуманыя" парушэнні: расшпілены гузік ці у бараку зняў куртку і апрануў майку. Пры гэтым ён адмаўляўся пісаць паясняльную, бо не бачыў сваёй віны.

Падтрымайце Сяргея: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Сяргей Анатольевіч Лаўкайціс

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманне грамадзяніна Грузіі і чарговая "экстрэмісцкая" кніга: хроніка пераследу 17 студзеня