19.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы гамельчук Андрэй Пуканаў
18 студзеня быў затрыманы Андрэй Пуканаў — праваслаўны вернік, бакалаўр багаслоўя, выкладчык нямецкай мовы.
Сілавікі прыйшлі да яго на працу, па месцы жыхарства быў праведзены ператрус. На дадзены момант няма інфармацыі ні пра тое, дзе ён знаходзіцца, ні пра прычыны затрымання.
Стаў вядомы артыкул, паводле якога затрыманая экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая
Праваабаронцам стала вядома, што культуралагіня Аксана Зарэцкая знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, ёй інкрымінаваны арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Нагадаем, Аксана — член асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, магістарка педагогікі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс над Зарэцкай адбудзецца ў лютым. Яе будуць судзіць разам з палітзняволеным заснавальнікам кампаніі Astronim і фестывалю маркетынгу і рэкламы «Белы Квадрат» Багданам Караўцом.
Папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі тэлеграм-канал выдання «Новы час», тэлеграм-чаты «Молодечно. Центральный район», «Молодечно, 11й микрорайон», «Молодечно 1-4 районы 97%». Адпаведнае рашэнне прынятае 17 студзеня судом Ленінскага раёну Мінска.
У Брэсце затрыманы журналіст Дзмітрый Гарбуноў
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дзмітрый зрабіў рэпост нейкага допісу, у якім змяшчаліся асабістыя дадзеныя супрацоўніка міліцыі.
Крыніца: Затрыманні, папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 18-19 студзеня