19.01.2023 Тэгі: гісторыі вязняў Студэнтку другога курсу Факультэта міжнародных адносінаў БДУ Дар'ю Кароль затрымалі з хлопцам Уладзіславам Мальцавым і сябрамі ў чэрвені 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Дзяўчыну адлічылі з універсітэта праз тое, што яна не здала адзін іспыт. Дар'я прабыла ў СІЗА № 1 на Валадарскага роўна чатыры месяцы ў камеры над сваім хлопцам. У кастрычніку ім прызначылі "хатнюю хімію" і адпусцілі ў зале суда. На працягу месяца пасля прысуду яны ажаніліся і пакінулі Беларусь. Былая палітзняволеная Дар'я Кароль распавяла "Вясне" пра затрыманне вайсковай контрвыведкай, сукамерниц і пра тое, як вынесла блізкае расстанне з хлопцам.

dasha_vlad.jpg
Дар'я Кароль і Уладзіслаў Мальцаў. Фота з асабістага архіву герояў

"Я зразумела, што яго затрымліваюць, але не зразумела, што і затрымліваюць мяне"

Дар'я з Уладзіславам жылі разам. Яна вучылася ва ўніверсітэце, а ён працаваў паводле кантракту ў войску — хлопца прызвалі служыць у жніўні 2021 года, да гэтага ён працаваў у буйной IT-кампаніі. Пасля ваеннай кафедры яму трэба было адслужыць год. 14 чэрвеня 2022-га да Уладзіслава на працу з фатаграфіямі з пратэстаў прыйшла вайсковая контрвыведка КДБ. Гэта прывяло да затрымання ў межах крымінальнай справы і зняволення для адразу чатырох чалавек.

"Хутчэй за ўсё, яго "здалі" на працы, таму што супрацоўнікі контрвыведкі прыйшлі з некалькімі фатаграфіямі з яго закрытага Instagram, якія ён даўно выдаліў, але на момант паступлення на службу яны яшчэ былі. Хлопец напісаў нібыта чыстасардэчнае раскаянне. У яго забралі тэлефон і ноўтбук, і яго адпусцілі на тыдзень. Мы гэты час не ведалі, што будзе далей. Мы тады не ўяўлялі маштабы затрыманняў і не ведалі, што дагэтуль затрымліваюць людзей і што за ўдзел у Маршах судзяць паводле крымінальнага артыкулу, а не паводле адміністрацыйнага. Мы гэтага не ведалі, таму і не з'ехалі. 

Праз тыдзень хлопцу патэлефанавалі і сказалі, што хочуць вярнуць тэлефон, але ў выніку яго затрымалі. Па яго прыехалі супрацоўнікі контрвыведкі і павезлі на вобшук па месцы рэгістрацыі, дзе жылі яго родныя. Сястра хлопца, якая на той момант была дома, вельмі спалохалася і патэлефанавала маці, а тая патэлефанавала мне. Мама Улада патэлефанавала мне і папрасіла прыехаць, таму што па тэлефоне пра КДБ не маглі распавесці. Але я ўжо зразумела, што быў вобшук і, хутчэй за ўсё, яго затрымліваюць, але не зразумела, што затрымліваюць і мяне. Я ехала пасля заліку па фізкультуры. Я атрымала залік і праз гадзіну мяне затрымалі. Я прыехала, і нас з хлопцам павезлі на вобшук на нашу кватэру, дзе мы разам жылі. У нас забралі сцягі, стужкі сініх і жоўтых колераў, значкі, налепкі, адзенне, у якім мы былі на фота на акцыях пратэсту. У хлопца забралі кофту з дзяўчынкай з БЧБ-сцягам і надпісам на японскай "Жыве Беларусь" (ベラルーシ生活). Дарэчы, пасля суда гэтую кофту яму вярнулі".

Пасля гэтага дзяўчыну і хлопца павезлі ў Следчы камітэт. Дар'ю накіравалі да следчых з аддзела, які займаецца расследаваннем забойстваў.

"На момант здзяйснення "злачынства" мне было 17 гадоў — я была непаўнагадовай. Следчыя не разумелі, што са мной рабіць. Яны чыталі Крымінальны кодэкс і артыкул 342 пры мне. А следчая з кабінета, дзе дапытвалі хлопца і ягонага сябра, прыходзіла ўвесь час у наш кабінет і пыталася, як запаўняць дакументы. Я была ў шоку, але гэта было смешна, што яны ходзяць з кабінета ў кабінет і не разумеюць, што пісаць".

"Я дагэтуль памятаю нумары сукамерніц з Акрэсціна"

Пазней Дар'ю і Улада павезлі ў ізалятар часавага ўтрымання на Акрэсціна. Як распавядае дзяўчына, у двухмеснай камеры ўтрымлівалі адначасова да 13 жанчын. 

"Калі нам сказалі, што нас вязуць на Акрэсціна, то я перапужалася, бо я начыталася тых гісторый са жніўня 2020 года пра збіванні людзей і перапоўненыя камеры. Я думала, што цяпер мяне пасадзяць у камеру, дзе будзе гэта ўсё адразу. Я як цяпер памятаю гэты момант: я заходжу дзесьці апоўначы ў камеру, за мной зачыняюцца жалезныя дзверы, бачу камеру памерам восем на два метры, і тут устае дзесяць чалавек з ложкаў, лавак, падлогі — яны ляжалі нейкімі клубочкамі. Я гляджу на іх і не разумею, як яны тут змяшчаюцца. Яны пытаюцца ў мяне: "За што?", — я не запомніла артыкул і кажу, што за пратэсты 2020-га, а яны адказваюць: "А, 342-гі… Мы ўсе тут такія!" І мы ўсе 11 чалавек у маленькай камеры паводле аднаго артыкулу. Яны мне кажуць: "Ну нічога, будзем неяк класціся". На наступны дзень нас перавялі ў шостую камеру — "кантрольную". Умовы былі жудасныя, але праз тое, што побач "палітычныя", то было нармальна: мы ўвесь час размаўлялі і гулялі ў гульні. Ежа на Акрэсціна была жахлівай, таму мы амаль не елі. Шмат хто з нас хварэў, таму гэтая гарбата раніцамі — гэта было штосьці неверагоднае, а часам яна была нават цёплая.

Са мной на Акрэсціна паводле артыкулу 342 сядзелі Святлана Шарамецьева, галоўная рэдактарка ABW.ВY Юлія Мудрэўская, сястра добраахвотніка Яна Мельніка Вікторыя Навіцкая — іх усіх потым асудзілі да калоніі. У апошні дзень, калі мяне везлі, то прыехала жанчына паводле справы "Чорнай кнігі Беларусі" і мы чулі, што ёй свеціць да 12 гадоў калоніі". 

Сукамерніцы Дар'і запэўнівалі дзяўчыну, што яе адпусцяць да суда пад заклад, бо яна студэнтка, у яе сесія і на момант удзелу ў Маршах яна была непаўнагадовай. Але яны памыляліся. 

"Усе былі ўпэўненыя, што я выйду, таму я на памяць вучыла нумары сваякоў сукамерніц, каб патэлефанаваць ім і сказаць, што з людзьмі. Я дагэтуль памятаю нумары сукамерніц з Акрэсціна. 

І вось увечары, калі я ўжо ўлеглася клубочкам, каб мяне не кусалі клапы, пачула, як у калідоры называюць прозвішчы майго хлопца і двух нашых сяброў. Пасля гэтага былі пяць хвілін цішыні і я падумала, што мяне ўсё ж такі адпусцяць пад заклад. І тут адчыняюцца дзверы ў нашу камеру, называюць маё прозвішча і кажуць, што мяне таксама вязуць на "Валадарку". Як потым расказвала Віка Навіцкая, гэта быў адзіны момант за чатыры месяцы, калі яна заплакала. Яна не чакала, што мяне могуць забраць у СІЗА, яна мяне вельмі падтрымлівала".

"Марфа мяне супакоіла і распавяла, як выглядаюць дні на "Валадарцы"

Чатырох сяброў уначы перавезлі ў аўтазаку ў СІЗА-1 і да размеркавання ў камеры змясцілі ў транзітныя камеры, так званыя “адстойнікі”. Уначы яны прайшлі медыцынскі агляд, зранку ў іх узялі аналізы крыві. 

"Нас усіх перавозілі ў асобных кабінках, таму паразмаўляць не атрымалася. Як потым сказалі на "Валадарцы", у нас непітушчая арганізацыя, таму гэта не "стаканы", а камеры. 

Калі нас прывезлі, то размеркавалі ў "адстойнікі". Мне чамусьці ніхто не расказаў, што такое будзе. Я была ў шоку. Уначы мы прайшлі медыцынскі агляд на сінякі і тэмпературу — з гэтым на "Валадарцы" не прымаюць. Нам дазволілі схадзіць у душ. Я думала, што не змагу заснуць у гэтай жудаснай прасторы, таму што сцены там не фарбавалі, здаецца, з моманту пабудовы. Там жудасныя туалет і рукамыйнік, усё пракурана. Я спалохалася, што буду там жыць усе чатыры месяцы. Але калі я адчула пад сабой падушку, коўдру і матрац пасля Акрэсціна, то я адразу заснула, як лягла. Не рухаючыся я праспала да сняданку. Зранку прынеслі кучу ежы. На Акрэсціна даюць порцыі, як катам, дык яшчэ і нясмачныя. На "Валадарцы" далі цэлую талерку кашы. Я падумала нават, што яна на малацэ звараная, але потым расказалі, што на муцэ. Далі бутэрброд з адварным мясам, яйка і гарбату. Мне налілі цэлы кубак гарбаты 400 мл. Пасля Акрэсціна я была ў шоку. Праз гадзіны дзве да нас прывялі людзей і я ўжо дазналася, што я на "адстойніку". Сярод іх былі палітзняволеныя Аніта Бакуновіч і Марфа Рабкова. Яны ехалі на свае суды. Марфа мяне супакоіла і распавяла, як выглядаюць дні на "Валадарцы". Распавяла, што камеры ў СІЗА выглядаюць па-іншаму і там нармальныя ўмовы, што ў камерах адэкватныя людзі, сярод якіх вельмі шмат затрыманых паводле палітычных артыкулаў. Марфа падзялілася са мной сурвэткамі, таму што ў мяне з сабой нічога не было. І ў нас адбылася прыкладна такая размова:

— А куды вы едзеце?— На суд, — кажа Марфа.— На які?— На 54-ты, — бадзёра адказвае яна.

Я тады была ў шоку ад гэтай лічбы. І Марфа паехала на свой 54-ты суд. Я так запомніла гэту лічбу. Пасля гэтага ў "адстойнік" перад следчымі дзеяннямі прывялі фігурантку справы TUT.BY Людмілу Чэкіну — яна мне таксама распавядала пра побыт на "Валадарцы".

"У нас была цалкам палітычная камера, таму ў ёй была цудоўная атмасфера"

Зранку Дар'ю, яе хлопца і сяброў вызначылі ў камеры. Дзяўчына патрапіла ў шасцімесную.

"Мяне прывялі ў камеру, калі ўсе былі на прагулцы. Яна мне здалася супермаленькай, таму што былі высунутыя ўсе сумкі. Калі сыходзяць на прагулкі, то павінны скруціць матрацы і выставіць сумкі ў цэнтр, каб наглядчыкі маглі правесці праверку. Праз гэта прастора здаецца вельмі маленькай. Я была радая, што адразу апынулася адна і магу трохі выдыхнуць: я пасядзела хвілін 20-30, разаслала матрац на вольнай шконцы, пахадзіла па камеры, агледзелася, паглядзела, што дзяўчаты чытаюць, якія ў іх прыгожыя пеналы. Пабачыла пад сталом шмат яблыкаў і ўзрадавалася, што можна перадаваць садавіну, гародніну. 

Пасля прыйшлі дзяўчаты. Пасля Акрэсціна я вельмі моцна хварэла, праз гэта ў мяне амаль не было голасу. Мне зрабілі гарбату і мы пазнаёміліся. У мяне ў камеры былі палітзняволеныя Вольга Петух, Паліна Палавінка, праз два дні прыехала Вікторыя Навіцкая, з якой мы былі на Акрэсціна. У нас у нейкі момант зрабілася цалкам палітычная камера, таму ў ёй была цудоўная атмасфера: мы ўвесь час балбаталі, жартавалі, былі чымсьці заняты. Распавяду пра дзяўчынак падрабязней.

Вольга Петух — фігурантка справы за спробу падпалу дома Гайдукевіча

Ольга Петух
Вольга Петух

Як нам было вядома, паводле гэтай справы на "Валадарцы" было толькі два чалавекі, і ў СІЗА КДБ трошкі. Вялікая частка знаходзілася на волі пад закладам, што вельмі дзіўна (заўв. — хоць прэс-служба КДБ нядаўна паведаміла, што да ўсіх 15 абвінавачаных ужылі меру стрымання ў выглядзе зняволення пад варту).

Воля — мой боль і мая душа. Ёй 29 гадоў, была затрымана 13 жніўня 2021 года. І з таго часу яна сядзіць на "Валадарцы". Воля адразу са мной не пайшла на кантакт, таму што вельмі асцярожнічала. Да яе часта падсаджвалі оперскіх "качак", якія спрабавалі вычапіць хоць якую інфармацыю ў яе, бо яна, канечне, нічога не прызнае і ёй няма ў чым прызнавацца. Нават пры мне была оперская "качка", якая вельмі зацята спрабавала дазнацца у Волі, ці будзе яна пісаць памілаванне, калі яе асудзяць да калоніі. І некалькі дзён яна вельмі зацята спрабавала гэта дазнацца, таму мы зразумелі, хто яна такая. Таму Воля са мной пачала добра кантактаваць дзесьці праз месяц. Воля называла нашы размовы "ціўканнем". Яна нікога не пускала на сваю шконку — гэта было ейнай асабістай прасторай. Воля вельмі даўно сядзіць, таму гэта было важна для яе. І толькі мяне яна пачала пускаць. Я да яе прыходзіла і мы глядзелі яе фатаграфіі — іх быў цэлы стос. Яна паказвала сваю сям'ю, свой дом, вяселле сястры. Мне вельмі падабаліся ейныя куры на фатаграфіях. А апошнім часам перад маімі судамі я да Волі прыходзіла вечарамі абдымацца. Яна называла мяне "доняй", таму што я была самай маленькай у камеры. Гэта было вельмі міла. У жарт мы яе называлі "смотрящей за водой кипящей". Зранку яна ўставала першай і рабіла ўсім дзяўчатам у камеры гарбату. 

Вікторыя Навіцкая — сястра добраахвотніка Палка Кастуся Каліноўскага Яна Мельніка

Віку затрымалі ў канцы траўня і асудзілі паводле дзвюх адміністратывак. За гэты час у яе знайшлі фатаграфіі з Марша і распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ейны пераслед — гэта 100% помста за брата. За два дні да суда Вікі супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага, у тым ліку яе брата, завялі крымінальную справу. Яна сядзела перад тэлевізарам са слязьмі на вачах і казала: "Усё, я еду на калонію". У яе суд прайшоў за дзве гадзіны — абвінавачванне, чытанне справы, допыт сведак, спрэчкі бакоў, вынясенне прысуду. Гэта быў цырк. Яна нам распавядала — мы не маглі паверыць, але яе вельмі рана вярнулі з судоў. За ўдзел у трох Маршах яе асудзілі да паўтара года калоніі. Натуральна, гэта праз брата. Таму што мне за тры эпізоды прысудзілі паўтара года "хатняй хіміі". 

Да затрымання Віка штомесяц хадзіла ў ГУБАЗіК, і там з ёй праводзілі гутаркі з нагоды брата па чатыры гадзіны. Як яна расказвала, гэта было рэгулярна. Але яна была спакойная, бо яна нічога супрацьпраўнага не здзяйсняла. Але потым, як высветлілася, за ёй доўга сачылі і выпампавалі з Telegram перапіску з братам. Там яна брату пісала, што не збіраецца выкарыстоўваць нейкія сілавыя метады барацьбы, а толькі мірныя. І гэта яе выратавала ад лішніх артыкулаў, якія на яе маглі б навешаць. 

Паліна Палавінка — жонка былога журналіста БТ Дзмітрыя Лукшы 

Паліна разам з Дзмітрыем Лукшам
Паліна разам з Дзмітрыем Лукшам

Паліна — айцішніца і працавала ў сферы рэкламы ў Tik-Tok. Такіх спецыялістаў, як яна, цяпер вельмі мала. Паліна вельмі перажывала праз сваю працу, таму што вельмі доўга да гэтага ішла, а сфера вельмі хутка змяняецца. Яна вельмі спакойная, ніколі не плакала. Паліна вельмі злавалася на гэтую сістэму і часта нас вяртала на зямлю. У нас у камеры была рубрыка: "Раніца з душнілай", і Паліна шмат ведала розных цікавых фактаў і псіхалагічных сіндромаў. Яна ўвесь час чытала кнігі. 

Паліна першая, хто ў камеры пайшоў са мной на кантакт. Яна вельмі добразычліва адразу пачала да мяне ставіцца. Паліна — першая, хто зрабіла мне гарбату і пачала пытацца, як я маюся. Мы з ёй зблізіліся праз тое, што ў нас падобныя сітуацыі — яе праз несправядлівасць затрымалі з мужам, а мяне з хлопцам. Яна мяне вельмі моцна падтрымлівала. У першы вечар яна мяне накарміла свойскім мясам і праснаком з сырам. Потым мы разам з ёй елі, і нават на ноч елі бутэрброды. З намі ніхто не хацеў есці позна ўвечары, а нам было ўсё адно. Так павялося, што ў камеры ўсе елі гадзіне а пятай, а адбой у нас а 22-й. І за пяць гадзін мы з Палінай рабіліся галодненькімі. Потым мы разам чысцілі зубы. У нас з ёй шмат чаго супадала: мы разам мерзлі, разам хварэлі. Паліне вельмі падабалася гарбата ў пірамідках Curtis, а мне сяброўка неяк прынесла іх тры пакункі па трыццаць штук. Я потым раздала іх усім. 

У Паліны яшчэ былі каляровыя падводкі — ёй сястра перадала на Дзень народзінаў. Яна заўжды хадзіла з яркімі стрэлкамі. Яна малявала іх запалкамі, а потым зрабіла пэндзлік са сваіх валасоў. Яна малявала прыгожыя стрэлкі рознымі ўзорамі. Яна так радавалася гэтаму — гэта было вельмі міла! 

"Блакаванне лістоў — гэта элемент ціску"

Паліна перажывала, што ёй мала прыходзіць лістоў. А я была той у камеры, каму лепш за ўсіх прыходзіла пошта. Але я і пісала шмат — за чатыры месяцы я напісала 124 лісты. Я пісала штодня, нават калі мне нічога не прыходзіла. Дзесьці тры гадзіны на дзень я праводзіла за напісаннем лістоў — гэта час, які я праводзіла за сваімі думкамі. У мяне неяк быў тыдзень, калі прыйшло толькі тры лісты, і гэта быў мой найгоршы тыдзень па лістах. Хоць у Паліны магло быць толькі два лісты за два тыдні. Мне неяк прыйшло пяць лістоў адразу з дзевяці на ўсю камеру — гэта мой рэкорд. Паліна засмучалася, што ёй не пішуць. 

Але наогул блакаванне лістоў — гэта элемент ціску. Па справе Паліны быў такі следчы, які закрываў ёй ліставанне. Напрыклад, ад сястры яна атрымлівае трэці ліст, а наступны — толькі дзявяты. Вельмі часта з ейных лістоў даставалі дзіцячыя малюнкі пляменніцы і фатаграфіі. Ёй амаль нічога не даходзіла. Гэта было жудасна. Але пры гэтым ейныя лісты ўсе даходзілі да сваякоў. Ведаю, што следчага Паліны павысілі за тое, што раскруціў іх справу з-за Лукшы да пяці чалавек, і ўсе былі асуджаны да калоніі. 

Такая ж сітуацыя была і ў Волі Петух. Ёй прыходзіла толькі па два лісты на тыдзень — ад мамы і таты. У яе больш не было лістоў. Яна ведала, што ёй належыць два лісты на тыдзень і больш не чакала. 

Малюнак Дар'і для Вольгі Петух
Малюнак Дар'і для Вольгі Петух

На прагулкі наша камера хадзіла штодня, нават дажджом і дрэнным надвор'ем. За мае чатыры месяцы на "Валадарцы" мы з дзяўчатамі не хадзілі толькі разоў пяць. Мы гулялі да дзвюх гадзін часам. Дворыкі для прагулкі ў СІЗА-1 розныя: ад дворыкаў-"стаканаў" да вялікіх. Маленькі дворык давалі дзесьці раз на тыдзень, а ў астатнія дні — нармальныя. Мы займаліся там фізкультурай. У самой камеры асабліва не пазаймаешся, таму што матрацы няроўныя, што не вельмі добра для спіны. Воля Петух вучыла мяне прысядаць, яна давала нам усялякія практыкаванні на рукі і ногі. У Волі вельмі спартовая фігура, і яна сказала, што напампавала яе ў СІЗА на прагулках. Воля — той чалавек, які заходзіць у дворык і адразу пачынае займацца да перамогі. Калі ў нас была цалкам палітычная камера, то мы проста хадзілі ўздоўж сцен па 15 хвілінаў туды-назад і проста размаўлялі”.

"Было складана, што я не магу цяпер данесці да яго, што вінаваты не ён, а вінаваты толькі рэжым"

Дар'я кажа, што ў першыя часы было маральна цяжка, у тым ліку і праз тое, што дзесьці побач сядзіць яе каханы чалавек, з якім яна не можа пабачыцца і абмеркаваць усё, што з імі адбываецца.

"Першы месяц у зняволенні было цяжка, таму што ты не можаш пабачыць сваіх родных і блізкіх, яшчэ няма вестачак. Я вельмі моцна перажывала праз свайго шчанятку. Я думала, што мы з хлопцам у адным корпусе "Валадаркі", але не ведала, дзе менавіта. 

Было маральна цяжка, што мы не маглі не толькі не ўбачыцца, але і ліставацца нават. Ты сядзіш, ведаеш, што дзесьці побач твой чалавек таксама сядзіць, але ты не ведаеш, як паўплываюць на яго гэтыя ўсе акалічнасці і што будзе далей, з вашымі адносінамі. Ты сядзіш са сваімі думкамі, а ён — са сваімі, і вы абое не ведаеце, якія ў вас пачуцці да гэтай сітуацыі. Але я ведала, што ён вельмі перажывае, што гэта ўсё нібы праз яго здарылася. І мне было складана, што я не магу цяпер данесці да яго, што вінаваты не ён, а вінаваты толькі рэжым.

Але потым зрабілася лягчэй, таму што родныя ў лістах заўсёды дапісвалі: "Табе прывітанне ад Улада". 

Але потым мы пачалі знаходзіць спосабы неяк падтрымаць адно аднаго. У прагулачным дворыку на сценах я пакідала маленькія надпісы і сэрцайкі аловачкам, хоць і не ведала, хто калі ў якім дворыку апынецца. Прыемна пабачыць новае пасланне знаёмым почыркам і замілавацца гэтаму. Праз месяц я пачала атрымліваць адказы. Але там усе сцены спісаныя — блізкія людзі пакідалі пасланні накшталт "я цябе кахаю", "усё будзе добра".

Так я зразумела, што Улад недалёка ад мяне. Потым высветлілася, што ягоная камера знаходзілася пад маёй. А калі мы хадзілі на прагулку, то, як Улад цяпер расказвае, бачыў мае ногі.  

Камера Уладзіслава ў СІЗА-1. Малюнак былога палітвязня
Камера Уладзіслава ў СІЗА-1. Малюнак былога палітвязня

Потым мы ўбачыліся на чытанні справы — пасля двух месяцаў расстання. Як быццам у першы раз пабачыліся! У пакоі была такая шуміха — нас чацвёра, чатыры адвакаты, следчы. Ён мне малюнак даў, я яму маленькі ліст напісала. Ужо зрабілася лягчэй”.

"У першыя некалькі дзён я не разумела, чаму так шмат прасторы навокал"

Судовы працэс над Дар'яй, Уладзіславам і іх двума сябрамі пачаўся 17 кастрычніка 2022 года. Асноўныя доказы іх віны паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — тыя выдаленыя фота з закрытага Instagram, на якіх хлопец з дзяўчынай былі разам. Судзіла іх суддзя Ленінскага раёна Анастасія Ачалава. 20 кастрычніка ўсім прызначылі "хатнюю хімію" і выпусцілі з залы суда.

"У першыя хвіліны на волі я плакала. Я пачала раўці яшчэ ў зале суда, таму што Уладу быў запрос тры гады "хіміі" з накіраваннем. Але калі яму прызначылі "хатнюю хімію", то я расплакалася ад шчасця і я ўжо не чула нічые прысуды.

З нас знялі кайданкі і мы пачалі абдымацца ўсе. Пасля запаўнення дакументаў мы пайшлі да сваякоў. Гэта было так дзіўна, бо мы так даўно не бачылі людзей. Нас адпусцілі 20 кастрычніка, а на наступны дзень у мяне быў Дзень народзінаў. Вось такі падарунак! У мамы Улада мы елі торт. Складана апісаць тыя пачуцці — проста вельмі незвычайна было ўсё. У першыя некалькі дзён я не разумела, чаму так шмат прасторы навокал. Вельмі нязвыкла было трымаць тэлефон, быць з усімі на сувязі, можаш сабе штосьці прыгатаваць. У СІЗА я вельмі засумавала па гатаванні. Мозг за чатыры месяцы прызвычаіўся да рэжыму і маленькай камеры. Вельмі незвычайна было бачыць прыроду — ты не разумееш, як такое можа адбывацца". 

"Гэта было пекла, у якім я не гатовая была існаваць такі доўгі час"

Менш як праз месяц Дар'я і Уладзіслаў вырашылі з'ехаць з Беларусі праз шэраг прычынаў, але галоўнае — з меркаванняў бяспекі. Перад ад'ездам хлопец з дзяўчынай ажаніліся ў Беларусі.

"Мы ведалі, што адбываецца вельмі шмат перазатрыманняў, вобшукаў, праверак тэлефона. Ты не можаш спакойна гуляць па вуліцы — ты ўвесь час абарочваешся, думаеш, што да цябе зноў прыйдуць, штосьці знойдуць і "прышыюць" іншы артыкул. Ты ўвесь час перажываеш з гэтай нагоды. Мы параіліся з рознымі людзьмі, яны сказалі, што калі ёсць магчымасць, то лепш з'ехаць. Мы схадзілі распісаліся — вырашылі, што так будзе правільна. Мы распісаліся 9 лістапада, а 17-га мы ўжо былі ў Польшчы. У нас было ўсё насычана, але трэба было ўсё хутка вырашаць. Мы разумелі, што гэты найлепшы час, каб з'ехаць і не думаць, што да цябе прыйдуць. Было проста невыносна жыць у гэтым. За тры тыдні я зразумела, наколькі стамілася ад няспынных думак, ці правільна я штосьці дзесьці напісала, ці магу я так напісаць, ці трэба сказаць сваякам, што я буду заўтра рабіць. Гэта было пекла, у якім я не гатовая была існаваць такі доўгі час. Магчыма, тры гады "хатняй хіміі" гучыць аптымістычна, але не для нас.

Акрамя гэтага, у Беларусі цяпер складана з працай у IT-сферы, а праз тое, што мы абое айцішнікі, то не хацелася заставацца проста ў чаканні хоць нейкай працы. Але мы можам жыць у бяспецы з нармальнай працай і не перажываць пра "заўтра". Проста не было сэнсу заставацца ў Беларусі, улічваючы эканамічную і палітычную сітуацыі ў краіне".

"Пасля таго, як я сама пабачыла маштабы рэпрэсій, то немагчыма не дапамагаць людзям"

Дар'я Кароль і Уладзіслаў Мальцаў. Фота з асабістага архіву герояў
Дар'я Кароль і Уладзіслаў Мальцаў. Фота з асабістага архіву герояў

Таксама мы разумеем, што за мяжой цяпер мы зробім нашмат больш для нашых палітвязняў, чым проста сядзець там тры гады і баяцца зрабіць лішні крок. Мы зможам дапамагаць данатамі і валанцёрствам.

Пасля таго, як я сама пабачыла маштабы рэпрэсій, то зараз немагчыма не дапамагаць людзям. Бо колькі людзей працягваюць дапамагаць іншым, рызыкуючы сваёй бяспекай. Тыя, хто носіць перадачы палітвязням па артыкулах, злучаных з тэрарызмам, таму што не ўсе сваякі могуць гэта рабіць. Людзі за свае грошы купляюць тую каўбасу і прыносяць яе на "Валадарку" для палітвязня. Людзі шлюць паштоўкі. Неяк дзяўчатам — Паліне Палавінцы і Віцы Навіцкай — прыйшлі аднолькавыя пасылкі з Германіі. Такія самыя прыйшлі і іншым зняволеным, відаць, паводле палітычных артыкулаў. Там быў такі набор: каляровыя нямецкія аловачкі, нататнічак, чатыры паштоўкі і шакаладка Ritter Sport. Калі ты бачыш такое, то немагчыма не дапамагчы пасля гэтага іншым. 

У Варшаве кожны тыдзень праходзіць акцыя "Лісты палітвязням". І калі я прыходжу туды і бачу гэтых людзей там, як яны проста выдаткоўваюць тры гадзіны свайго часу ў нядзелю, ведаючы, што 90% іх лістоў не дойдзе, але яны ўсё адно працягваюць пісаць незнаёмым людзям. І я сама не магу не далучыцца да гэтага".

Крыніца: "Было складана, што не магу данесці да яго, што вінаваты не ён, а толькі рэжым", — экс-палітзняволеная пра затрыманне з хлопцам