19.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Кастрычніцкім судзе Віцебска 19 снежня 2022 года асудзілі Дзяніса Хаўханава паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла Дзяніса на адзін год і два месяца пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Таксама ў працэсе ўдзельнічаў перакладчык з мовы жэстаў.
Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пад пастом у тэлеграм-канале пакінуў каментары. Суд іх палічыў, як “негатыўна ацэньваючыя, прыніжаючыя аўтарытэт, гонар і годнасць Лукашэнкі”. У матэрыялах справы падаецца ідэнтыфікацыйны нумар яго тэлеграм-анаўнта і абаненцкі нумар.
Сведкам па справе выступаў супрацоўнік ГУБАЗ, які выявіў, што Дзяніс пад псеўданімам пакінуў каментары ў Telegram. Таксама сведкам на працэсе выступіў аднакурснік Дзяніса, які паведаміў, што “чуў неаднаразова ад яго негатыўныя выказванні на адрас Лукашэнкі. Таксама бачыў, як Хаўханаў у месенджары Тэлеграм праглядаў ролікі, якія крытыкуюць Лукашэнку”.
Мабільны аператар МТС прадаставіў следству дадзеныя, паводле якіх абаненцкі нумар Дзяніса ў інкрымінаваны час працаваў па месцы яго жыхарства.
У пастанове ёсць сказ са згадкамі агульначалавечай маралі і аўтарытэтам дзяржаўнай улады.
“Абразы, якія ўтрымліваюцца ў запісе, супярэчаць устаноўленым правілам камунікацыі паміж людзьмі, нормам агульначалавечай маралі, прыніжаюць гонар і годнасць главы дзяржавы, … падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады”.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым.
З Дзяніса спагналі на карысць фінупраўлення Віцебскага гарвыканкама 246 рублёў за прызначанага яму адваката.
Дзяніс Хаўханаў ураджэнец Віцебскай вобласці, мае прафесійна-тэхнічную адукацыю, мае групу інваліднасці.