19.01.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, рэпрэсіі, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца працэс па "справе Вясны". На гэтым тыдні пасяджэнні праходзяць штодзённа — справу разглядаюць у паскораным рэжыме. Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Палітзняволеныя праваабаронцы, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года, не прызналі віну — іх допыт адбудзецца пасля вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. "Вясна" распавядае, як прайшлі восьмае, дзевятае і дзясятае судовыя пасяджэнні, і што новага па справе супраць палітзняволеных калег.
Да 27 тамоў за дзень — паскораныя тэмпы разгляду крымінальнай справы
Насудовых пасяджэннях па справе "Вясны" працягваюць зачытваць матэрыялы справы — іх 283 тамы па 300 старонак. На судзе ўжо агучылі 60 тамоў справы. За першыя пасяджэнні агучылі 18 тамоў, на восьмым пасяджэнні, 17-га студзеня, агучылі 27 тамоў, а 18-га і 19-га студзеня даследвалі 15 тамоў крымінальнай справы.
Падчас дзясятага пасяджэння агучвалі інфармацыю з электронных носьбітах, вынятых ва Уладзя Лабковіча падчас ператрусаў, а таксама яго перапіскі ў мэсэнджэрах. Акрамя гэтага, 19 студзеня агучылі яшчэ адзін пратакол допыту праваабаронцы "Вясны" Алены Лапцёнак, якую таксама затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года з іншымі вясноўцамі. Пытанні тычыліся сумеснага праваабарончага праекту з газетай "Народная воля". Адзін пратакол допыту Алены ўжо агучылі на другім судовым пасяджэнні па "справе Вясны".
Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы працягваецца. Наступнае пасяджэнне прызначана на 20 студзеня на 10:30.
Валянцін Стэфановіч: "Я не здамся ніколі"
Нядаўна, падчас суда, Валянцін Стэфановіч даслаў ліст на волю. Праваабаронца адзначыў, што судовы разгляд справы адбываецца ў паскораным рэжыме, і, відавочна, гэта не рашэнне суддзі. Валянцін коратка пракаментаваў працэс:
"Я вельмі моцным сябе адчуваю цяпер. Я не здамся ніколі. Я іх не баюся. Веру, што хутка мы ўсе пабачымся і абдымемся".
"Да якасці доказаў ўзнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных"
"Абвінавачванні праваабаронцаў будуюцца на падставе канфіскаваных дакументаў у выглядзе распісак, банкаўскіх выпісак аб руху грашовых сродкаў, дагавораў падраду і перадаручэння, праектных заявак, паказанняў сведак і выемкі перапіскі ў мэсэнджарах. Да "якасці" прыводных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў перыядычна ўзнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных. Адвакаты акцэнтуюць увагу суда і абвінавачвання на тым, што ў шэрагу дакументаў не змяшчаецца афіцыйнага перакладу на мову крымінальнага працэсу. Дзяржаўны абвінаваўца адказаў на гэта, што нібыта ў наступных тамах крымінальнай справы завераны афіцыйны пераклад будзе прадстаўлены і абвешчаны.
Актыўную пазіцыю ўласнай абароны ажыццяўляе Алесь Бяляцкі. Старшыня "Вясны" акцэнтуе ўвагу на тым, што на цэлым масіве канфіскаваных дагавораў з "Pavasaris" адсутнічае подпіс другога боку — дырэктара, а з бухгалтарскага пункту гледжання такія дакументы з'яўляюцца нікчэмнымі. Алесь Бяляцкі звяртае ўвагу на тое, што шэраг дакументаў адносіцца да перыяду, які не ставіцца ім у віну па артыкуле аб фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", — распавядаў слухач.
"Да якасці доказаў узнікаюць пытанні як у адвакатаў, так і ў саміх абвінавачаных". Як два тыдні судзяць праваабаронцаў "Вясны"
Сведкам па «справе Вясны» суд рассылаў падрыхтаваныя заявы аб няяўцы на суд
Па «справе Вясны» падчас следства было дапытана каля 100 сведак, але на сам суд выклікалі толькі некалькі чалавек: галоўных рэдактараў «Народнай Волі» і «Свабодныя навіны плюс», супрацоўнікаў мытнай службы, некалькі праваабаронцаў з рэгіёнаў. Таксама зачыталі паказанні, дадзеныя падчас следства, яшчэ некалькіх праваабаронцаў і галоўнай рэдактаркі «Новага Часу», а таксама двух засакрэчаных сведак са змененымі прозвішчамі.
Астатнія сведкі ў суд не з'явіліся. На працэсе заявілі, што яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. У асноўным, яны спасылаліся на адсутнасць сродкаў, каб прыехаць, на наяўнасць непаўналетніх дзяцей, на стан здароўя. Але адвакаты праваабаронцаў выступілі супраць зачытвання паказанняў, бо заяўленыя прычыны не з'яўляюцца выключаючымі магчымасць іх прысутнасці. Абаронцы вясноўцаў заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку, і дзіўна, што ва ўсіх няма грошай, хоць усе яны ў Беларусі. Дакументаў, якія пацвярджаюць дрэннае самаадчуванне, сведкі не прадаставілі. Адвакатка заўважыла, што гэта пазбаўляе абвінавачаных права на абарону, бо ў іх няма магчымасці задаць дадатковыя пытанні. Яшчэ адна адвакатка заўважыла, што сведак на суд можна даставіць і прымусова. Але, негледзячы на пярэчанні адвакатаў, суд прызнаў паважлівымі прычыны няяўку сведак і вырашыў зачытаць іх паказанні, дадзеныя падчас следства.
Пазней высвятлілася, што такія капіркі сапраўды былі. Праваабаронцам перадалі бланк заявы адказу на неяўку, якія суд рассылаў сведкам. Згодна падрыхтаванай заяве, сведка прасіў слухаць крымінальную справу без яго, бо ён «адтрымлівае паказанні, якія даваў падчас следства». Гэта сведчыць пра тое, што суд першапачаткова не быў зацікаўлены ў допыце сведак па «справе Вясны». Гэта зроблена для таго, каб праваабаронцы і іх абаронцы не маглі задаць удакладняючыя пытанні, ці каб не выявіліся супярэчнасці ў паказаннях.
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Храналогія суда па "справе Вясны":
У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы
Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.
Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень
У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".
Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"
Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"
Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"
"Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.
Сёмае пасяджэнне па "справе Вясны": другая "хуткая" за тыдзень і паперы без подпісаў як доказы віны
У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 студзеня адбылося сёмае судовае пасяджэнне па "справе Вясны".
Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"
Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны".
Крыніца: 60 тамоў з 283 за некалькі дзён. Паскораны рэжым разгляду ў судзе "справы Вясны"