20.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Ілюстрацыйнае фота. Суд Ленінскага раёна Мінска 21 снежня вынес прысуд Алене Клімовіч, якая з’яўляецца інвалідам ІІ групы, за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Юля Шчоткіна.

Па матэрыялах абвінавачання Алена Клімовіч, у перыяд са жніўня па верасень 2020 года двойчы прымала удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Мінску.

Дзейнічаючы разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі, груба парушала грамадскі парадак, непадпарадкоўвалася законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіла на праезную частку праспекта Пераможцаў і іншых вуліц, чым парушыла працу грамадскага транспарту. Пры гэтым выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі паветраны балонік чырвонага колеру і бел-чырвона-белы сцяг.

Алену Клімовіч затрымалі 1 чэрвеня 2022 года на трое сутак, пазней бала пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

 Сваю віну ў судзе жанчына прызнала цалкам.

Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.

Крыніца: "Ішла па вуліцы з балонікам чырвонага колеру": у Мінску вынесены прысуд за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе