20.01.2023 Тэгі: суды, ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, затрыманні, гісторыі вязняў У Беларусі штодня затрымліваюць дзясяткі чалавек паводле палітычных матываў. Падчас затрымання да іх ужываюць фізічную сілу і спецсродкі, а потым адпраўляюць людзей на суткі ў невыносныя ўмовы беларускіх ізалятараў. Былы арыштант Акрэсціна распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў ЦІПе ў снежні 2022 года, пра сустрэчу з Надзеяй Астапчук у ІЧУ і пра недааказаную медыцынскую дапамогу. Таксама ён падзяліўся гісторыямі пераследу сукамернікаў за данаты для BySol, калекцыянаванне радыёстанцый і за тое, што брат цяпер знаходзіцца ва Украіне.

Катаванні Мікіты Старажэнкі. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

"Зранку ўвесь час грала патрыятычная музыка"

У снежні да мужчыны прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што яму трэба праехаць з імі на прафілактычную гутарку і ўзяць з сабой тэлефон. У РУУС у яго прагледзелі сацыяльныя сеткі, у якіх знайшлі падпіскі на экстрэмісцкія каналы. Але ў выніку пратакол склалі за "дробнае хуліганства" згодна з арт. 19.1 КаАП і на некалькі гадзін адправілі ў камеру РУУС. Пры гэтым блізкім мужчыны ўвечары ва ўпраўленні сказалі, што яго ўжо павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, хоць у гэты момант ён яшчэ знаходзіўся ў іх. Мінчук мяркуе, што так супрацоўнікі міліцыі робяць адмыслова для "палітычных".

"Мяне павезлі на Акрэсціна позна. Суд быў у той жа дзень а 14-й гадзіне дзесьці. Камера была на траіх, але чалавек сем-восем было і нас дваіх яшчэ прывялі. Куртку забралі ў мяне. Камера смярдзючая. Зранку ўвесь час грала патрыятычная музыка (Ярмоленка і іншыя) і "Саня останется с нами".

"Міма па калідоры на допыт правялі спартоўку Астапчук"

Пакуль чакалі суд, міма па калідоры на допыт правялі спартоўку Астапчук [Надзея Астапчук — лёгкаатлетка, чэмпіёнка свету і Еўропы, а таксама прызёрка Алімпійскіх гульняў-2008]. Вонкава была спакойная, але відаць, што "груз на плячах несла".

Пасля суда гадзіне а 18-й дзесьці перавялі ў ЦІП у сямнаццатую камеру. Дзень не кармілі — толькі зранку пярлоўку на вадзе далі. У камеры ў хлопцаў быў хлеб — пачаставалі.

У ЦІПе ў камеры на шэсць чалавек было ўжо 24, і нас дваіх яшчэ прывялі: у выніку 26. Максімальна было 28 чалавек, пакуль я сядзеў. Святло не выключалася ніколі, уначы а 2-й і а 4-й будзілі з пераклічкай ці без. У камеры клапы, некаторых моцна пакусалі. І вошы былі, але няшмат. Спалі на ўсім, што можна. На стале — маленькі і худы, на лаўках, пад сталом, пад ложкамі і г. д. Уся падлога была занятая і ўсе лаўкі, і ложкі. Матрацаў не давалі, у некаторых, хто спаў на ложках, сінякі былі на целе. Ежа так сабе, але разладу не было. Але катлеты рыбныя з плаўнікамі — гэта нешта.

Акуляры забралі ў РУУС і не аддалі. Пры мне адзін раз было, што туалетнай паперы не далі, яна скончылася і яе не было суткі дзесьці. Мыла гаспадарчае толькі было. У душ не вадзілі, прагулак няма".

Паводле мужчыны, у камеру падсаджвалі бяздомных людзей:

"Але іх за дзень да майго прыходу хлопцы пераканалі "прасмажыцца" і памыцца. Былі чыстыя ўжо. Да гэтага казалі, што вошы па адным поўзалі кучамі. Потым падсялілі на месца чыстага, які пайшоў, ужо смярдзючага".

"Яму хуткую выклікалі праз 30 гадзінаў"

У арыштантаў не было за ўвесь час канфліктаў з адміністрацыяй ЦІПа, але сукамернікі распавядалі мужчыну, што да яго некалькі разоў падчас ранішняй праверкі ў камеру залівалі вядро хлёркі.

"Медыцынская дапамога так сабе. Да мяне быў чалавек пасля аперацыі на сэрцы, 59 гадоў. У яго збіўся рытм увечары. Выклікалі доктарку: прыйшла, паглядзела і сказала, што да раніцы даляжыць (дажыве). У выніку яму хуткую выклікалі праз 30 гадзін, паводле хлопцаў. Яго з лякарні дадому адпусцілі, але сілавікі сказалі яму, каб прыехаў тэрмін даседжваць. Ён даседжваў свае суткі са мной. Лекі з таго, што перадавалі, доктарка глядзіць і называе, што ёсць, але могуць прапусціць штосьці ці сказаць абы-што, як мне сказала, што трэба рассмоктваць таблеткі (гадкія), а іх трэба было проста піць.

Хварэлі ўсе і даволі моцна. У іншых камерах, як казалі тыя, каго пераводзілі дзеля падтрымання колькасці, не хварэлі. Дый яны прыходзілі без кашля і нейкіх сімптомаў. Я захварэў на трэці дзень і хварэў усю рэшту дзён. Прыйшоў хворы, заразіў усіх дома. Усё зроблена, каб усе хварэлі. Прагулак няма. Паветра спёртае, калі кармушку зачынялі. Зачынялі яе часта".

"Прыехаў, увесь трасецца, заплакаў. Білі там"

"Са мной сядзеў уласнік буйной фірмы за тое, што пералічыў 30$ у фонд дапамогі пацярпелым у 2020 годзе. 15 сутак.

Затрымалі 27-28 снежня Дзяніса, які граў у пераходзе "Воины света". 10 сутак.

19-гадоваму хлопцу далі дзевяць сутак за каменты. ГУБАЗіК яго браў, пабілі ногі, відэа знялі, валасы спераду абрэзалі.

Былі два браты. Сілавікі прыехалі па аднаго, а другога "да кучы" забралі без аніякіх прычынаў, проста так.

Айцішнікі былі. Адзін са свайго акаўнта страчыў каменты ў NEXTA і яшчэ пару каналаў. Другі бяздумна ў працоўным чаце запосціў спасылку на "Зеркало" і яго хтосьці здаў.

Хлопец прыехаў з Польшчы. Сур'ёзны спец па запуску аўтаматыкі на заводах. ГУБАЗіК у шродары яго пашпарт і карту побыту знішчылі. Сказалі: "Новы зробіш". А як паехаць ізноў у Польшчу без докаў на працу — пытанне! Аляксей сядзеў 70 сутак сумарна. Яму працягвалі суткі ўвесь час. Працуе ў лізінгавай кампаніі.

Быў яшчэ ў нас хлопец, працаваў у сістэме МУС, здаецца, у цэнтры судмедэкспертыз. Ён быццам бы ў шапцы БЧБ выйшаў на вуліцу. У яго дома знайшлі яе і яго забралі. А потым усплыло, што ў яго стрыечны брат ва Украіне штосьці робіць (ваюе ці не, я так і не зразумеў) і яго ў КДБ на допыт павезлі. Прыехаў, увесь трасецца, заплакаў. Білі там. Намагаліся прымусіць сказаць, што ён перадаваў брату нейкую інфармацыю і што брат яго ў палку Каліноўскага ваюе. Ён адзін, бацькі памерлі, яму гадоў 30. Няма да каго нават звярнуцца па дапамогу. Такая журба за яго, няма слоў... Яму ў КДБ сказалі, каб ён падумаў добра, і 30 снежня яго на паліграф павязуць. Яго забралі і больш ён не вяртаўся да нас.

Яшчэ адзін хлопец — радыёаматар: радыёстанцыі рамантуе. У яго дома шмат радыёстанцый розных — калекцыянуе. У 2020 годзе яго ўзялі, вывезлі ўсе радыёстанцыі, платы. Але потым аддалі, справу закрылі, не даказалі нічога. Цяпер ізноў прыехалі, забралі яго і ўсё, што дома было, — шыюць крыміналку, што радыёстанцыі даваў для каардынацыі пратэстаў. Ён кажа ім, што ўжо праводзілі расследаванне, а яны кажуць, што “мы тады памыліся”. Яго на паліграфе правяралі, ён яго прайшоў, але сілавікі яму кажуць, што іх пэўныя адказы не задавальняюць, а тое, што ён спакойна і ўпэўнена трымаецца, — яго рыхтавалі да допытаў.

Сядзеў мужчына, 46 гадоў, працуе на падшыпнікавым заводзе. Яго бралі, здаецца, у 2020 годзе за тое, што хадзіў на пратэсты. А цяпер проста прыехалі дадому, без усялякіх тлумачэнняў забралі, прывезлі, пратакол склалі, што ён махаў рукамі, крычаў — і пасадзілі на 15 сутак. Ён наогул нічога не рабіў! Ім трэба было проста дзеля птушкі гэта зрабіць".

Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце: на Telegram @zvarot96 або на Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Гэта трэба, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Крыніца: Данаты для BySol, "каардынацыя пратэстаў" у 2020 годзе: за што беларусаў адпраўлялі за краты ў снежні 2022-га