21.01.2023 Тэгі: ціск, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Музыкаў з гурта Litesound затрымалі разам з бацькамі

Па інфармацыі @by_culture, у кастрычніку 2022-га затрымалі ўсю сям'ю Каракіных: братоў-музыкаў Дзмітрыя і Уладзіміра, іх маці Вольгу і бацьку Юрыя. Раней паведамлялася толькі пра затрыманне братоў. Па інфармацыі праваабаронцаў, падчас ператрусу сілавікі разграмілі дом сям'і.

На ўсіх затрыманых крымінальныя справы па артыкуле 342 «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». У іх знайшлі сямейнае фота на праезнай частцы падчас аднаго з мірных нядзельных маршаў 2020-га.

У ІЧУ ў Юрыя Каракіна адбыўся інсульт, цяпер ён дома. Астатнія члены сям'і ўтрымліваюцца ў СІЗА на Валадарскага. Меркавана, суд над усімі чатырма адбудзецца напрыканцы студзеня.

Рагачоўскі гурт Tor band прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прыняў КДБ 16 студзеня.

Нагадаем, удзельнікаў гурта Tor Band разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. У канцы снежня паведамлялася, што яны не выйшлі на волю пасля 60 сутак арышту.

Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы — не "народец"», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 39 чалавек — цяпер у ім 2350 чалавек

20 студзеня МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Дмітрыйса Міхайлаўса, краязнаўца Ігара Хмару, а таксама фігуранты «справы БелаПАН» Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыну Злобіну, Ірыну Леўшыну

Слонімцу Паўлу Севасцьяну прысудзілі 10 сутак арышту за захоўванне "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у Facebook

Як паведамляе "Газета Слонімская", 20 студзеня ў судзе Слонімскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа слонімца Паўла Севасцьяна за захоўванне ў сацсетцы Facebook матэрыялаў, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі — ч.2 арт. 19.11 КаАП.

Суд прызнаў Севасцьяна вінаватым і пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі Севасцьяна каля яго дома ў Слоніме 11 студзеня. Наступныя суткі слонімец правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля суддзя задаволіў яго хадайніцтва пра пошук адваката да 20 студзеня.

Затрыманы ў Гомелі Павел Пялюх арыштаваны на 15 сутак

Пра гэта паведамляе актывіст Ілля Міронаў.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Павел нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і публічна заклікаў да антываенных мітінгаў у Гомелі. У дачыненні да затрыманага былі складзеныя пратаколы па ч.2 арт.19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і ч.1 арт.24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Падтрымаць мужчыну лістамі салідарнасці: 246144, Гомель, Міжгародняя, 26, Пялюх Павел Мікалаевіч (21.07.1992)

Праўладны тэлеграм-канал паведаміў аб узбуджэнні некалькіх крымінальных спраў у дачыненні да гомельскага верніка Андрэя Пуканава

Мужчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. У пацверджанне сваіх словаў сілавікі апублікавалі перапост з антываенным зместам, піша @flagshtok.

ГУБАЗіК затрымаў ураджэнца Расіі, які нібыта пакінуў 7687 каментароў у "дэструктыўных" каналах

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Мінску ўраджэнца РФ Дзмітрыя Пятрова. Паводле іх, 49-гадовы мужчына пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў, беларускую ўладу і расіян.

Сілавікі сцвярджаюць, што Дзмітрый нібыта агулам пакінуў 7687 каментароў у «дэструктыўных» тэлеграм-каналах .

Расійскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну дэпартавалі ў Расію

Зараз Яньшына ў аэрапорце ў Маскве — адтуль яна звязалася са сваячкай. Усе яе асабістыя рэчы беларуская міліцыя пакінула сабе, піша @polniypc.

Адзначым, што гэта распаўсюджаная практыка дэпартацыі замежных грамадзян — амаль усіх арыштантаў адразу пасля вызвалення адвозяць на мяжу ці ў аэрапорт на самалёт.

ГУБАЗіК пахваліўся тым, што затрымаў беларуса з-за фэйкавай рассылкі нібыта ад імя плана "Перамога"

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Максіма Ермаловіча — мужчына «павёўся» на фэйкавую рассылку сілавікоў нібыта ад імя плана «Перамога» і напісаў, што гатовы «выконваць заданні».

Паводле сілавікоў, супраць Максіма распачата крымінальная справа «за сувязь з тэрарыстычнай арганізацыяй».

Крыніца: Новыя затрыманні, "экстрэмісцкія" матэрыялы і "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 20 студзеня