22.01.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы былы выкладчык БДУІР
У Мінску 18 студзеня затрымалі Мікалая Васільевіча Банькова, былога выкладчыка кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці.
Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Затрымалі аспіранта гістфака БДУ Юрыя Уласюка
Паводле @volnyBDY, затрыманне адбылося яшчэ ў снежні 2022 году. Юрыю інкрымінаваны арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Супраць віцебскага арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага распачалі крымінальную справу
Паводле інфармацыі @zamkadomby, сілавікі знайшлі ў яго фотаздымкі з паслявыбарчых акцый пратэсту.
Нагадаем, што Уладзімір быў затрыманы 14 снежня мінулага году і мусіў вызваліцца пасля «сутак» 1 студзеня, але на волю так і не выйшаў.
15-гадовага брата адміністратара каналу «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» затрымаў КДБ
Супрацоўнікі КДБ выставілі ўмову выдаліць канал і спыніць дзейнасць – верагодна, тады бы брата адпусцілі.
У ІЧУ на Акрэсціна хлопца трымалі трое сутак. Супраць яго распачалі крымінальную справу за «вымагальніцтва». Бацькоў і адваката да хлопца не пускалі.
У пятніцу 15-гадовага хлопца перавялі ў «Навінкі».
Палітыка Андрэя Дзмітрыева перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага
Нагадаем, былы сустаршыня руху «Гавары праўду» быў затрыманы 11 студзеня. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Падтрымаць яго можна па адрасе: Мінск, СІЗА-1, Валадарскага 2, 220030
У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка
Яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Да суда Алеся змясцілі ў ІЧУ Слоніма.
Раніцай 21 студзеня ў Мінску быў затрыманы Павел Падабед
Прычыны і падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя. Вядома, што восенню 2020-га Паўла затрымлівалі пасля адной з акцый пратэсту.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу на выходных 21-22 студзеня Дапоўнена