23.01.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага юнака
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 18-гадовага студэнта Інстытуту бізнеса БДУ Даніілу Гомана. Паводле іх, у чат-рулетцы хлопец сказаў, што нібыта яго прадзед спальваў Хатынь.
Данііла ў чат-рулетцы справакаваў 41-гадовы Юрый Комар — ён вядомы тым, што правакуе людзей у чат-рулетцы, а пасля іх затрымліваюць сілавікі.
Палітвязня Віктара Шауру, якому раней замянілі «хімію» на калонію, перавялі ў магілёўскую турму
Віктара Шауру і Віталя Шыцікава абвінавацілі ў «актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за падзеі 10 жніўня ў Наваполацку. 21 студзеня 2021 года хлопцаў асудзілі да 2 гадоў «хіміі» па арт. 342 КК.
У чэрвені 2021 года Віктара і Віталя выпусцілі з "хіміі" пад падпіску аб нявыездзе да паўторнага апеляцыйнага суда. Але 22 ліпеня падчас суда па пратэсце пракурора абодвум хлопцам «хімію» замянілі на калонію — на 2 і 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна.
Віктар адбываў тэрмін у папраўчай калоніі № 22. У канцы снежня адбыўся суд пастанавіў перавесці Віктара на турэмны рэжым да канца тэрміну. Цяпер палітвязень знаходзіцца ў магілёўскай турме.
Падтрымайце палітвязня: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Віктар Валер'евіч Шаура.
За каментары ў інтэрнеце затрыманы жыхар Віцебска Дзмітрый Загалавец
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 40-гадовы мужчына «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізічныя расправы над сілавікамі».
У канцы «пакаяльнага відэа» пералічаныя артыкулы, якія, верагодна, інкрымінаваныя Дзмітрыю — арт. 368, арт. 369, арт. 130, арт. 361-4 КК.
Яшчэ адзін затрыманы ў Магілёве, на гэта раз - аспірант
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне аспіранта МДУ ім. Куляшова Віталя Палавінскага. Яго ў чат-рулетцы справакаваў 41-гадовы Юрый Комар — мужчына сам сказаў Палавінскаму «Жыве Беларусь» і атрымаў у адказ «Жыве Вечна».
На «пакаяльным відэа» Віталь кажа, што затрыманы за тое, што казаў «дэструктыўныя лозунгі ў падтрымку Украіны», а таксама за тое, што на відэа прагназуе паразу Расіі ў вайне і што пасля гэтага ў Беларусі можа пачацца рэвалюцыя.
Тэлеграм-канал газеты «Новы час» прызналі «экстрэмісцкім»
Па заяве пракуратуры Ленінскага раёну Мінска Telegram-канал газеты «Новы час» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі.
«Новы час» — адна з незалежных беларускіх газэт, якая выходзіла як на паперы, так і ў электронным выглядзе на беларускай мове і трапіла пад пераслед уладаў. 15 чэрвеня 2022 галоўную рэдактару выдання Аксану Колб асудзілі на 2,5 года «хіміі», неўзабаве пасля гэтага яна выехала з Беларусі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: З-за правакацый у чат-рулетцы затрымліваюць студэнтаў і аспірантаў: хроніка пераследу 23 студзеня