24.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч У судзе Ленінскага раёна Мінска трэці тыдзень амаль штодзённа праходзяць судовыя пасяджэнні па "справе Вясны". Старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча судзяць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Палітзняволеныя праваабаронцы, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года, не прызналі віну ні па ніводным артыкуле, які ім ставіцца ў віну. Больш за два тыдні на судзе вывучаюць 284 тамы пісьмовых матэрыялаў справы, пасля гэтага будуць дапытваць саміх праваабаронцаў. "Вясна" распавядае,што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях.
Дакументы без подпісаў і пячатак, праверка больш за сто чалавек падатковай
24 студзеня на судзе па "справе Вясны" адбываецца 13-е пасяджэнне. На працэсе вывучылі ўжо каля 120 тамоў – амаль палову матэрыялаў справы. На апошніх пасяджэннях абвяшчаецца інфармацыя, вынятая з электронных носьбітах Дзмітрыя Салаўёва, у прыватнасці, лісты ў адрас арганізацый, якія, па версіі абвінавачвання, падавалі гранты на ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці. Таксама прадметам вывучэння з'яўляюцца дакументы, вынятыя на носьбітах інфармацыі ва Уладзіміра Лабковіча, а таксама перапіска з партнёрамі.
У ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў справы вывучаюцца запыты ў беларускія банкі, на рахункі якіх паступалі грашовыя сродкі ад Pavasaris, падатковыя дэкларацыі абвінавачаных, перапіска паміж Следчым камітэтам і падатковымі органамі.
Паводле версіі следства і дзяржаўнага абвінавачвання, доказную базу складаюць і падрабязныя даведкі аб зняцці з карты Алеся Бяляцкага грашовых сродкаў у банкамаце літоўскага банка, пераводы грашовых сродкаў на адрас Людвікі Кардзіс.
Алесь Бяляцкі, робячы заўвагі пасля абвяшчэння тома крымінальнай справы, растлумачыў, што дакументы, прадстаўленыя абвінавачваннем, не могуць служыць доказам, паколькі так званыя даведкі "не маюць ні пачатку, ні канца", не завераныя подпісамі службовых асоб і не ўтрымліваюць пячатку банка.Таксама ён заўважыў, што прадстаўленыя абвінавачваннем даты зняцця наяўных грашовых сродкаў з літоўскага банка не супадаюць са звесткамі сістэмы "Пасажырапаток", паколькі ў названыя даты ён не знаходзіўся фізічна на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, а значыць і не мог здымаць грашовыя сродкі асабіста.
У ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, што ў перыяд расследавання ў адносінах да больш за сто чалавек праводзілася камеральнай праверка падатковымі органамі. Амаль у двух дзясяткаў чалавек былі знойдзеныя неадпаведнасці даходаў і выдаткаў. На этапе абвяшчэння звестак аб камеральных праверках, якія праводзіліся ў тым ліку ў дачыненні да сына Алеся Бяляцкага Адама, жонкі Валянціна Стэфановіча Аліны і жонкі Уладзіміра Лабковіча Ніны, Валянцін Стэфановіч растлумачыў, што, знаходзячыся ў СІЗА ён не меў магчымасці пісаць пярэчанні на акт камеральнай праверкі.
Алесь Бяляцкі: Справа супраць праваабаронцаў — палітычная матываваная, а дзейнасць "Вясны" — законная
Старшыня "Вясны", каментуючы агучаныя тамы справы, звяртае ўвагу і на тое, што калі іх ацаніць дэталёва, то выснова вынікае адна: з прадстаўленых дакументаў вынікае, што 90% грашовых сродкаў па дакументах, прадстаўленых следствам, ішлі на заработныя платы. Праваабаронца настойвае, што дзейнасць "Вясны" цалкам законная і адпавядае ўсім міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Дэкларацыі аб праваабаронцах, прынятай у 1998 годзе.
Алесь Бяляцкі на судзе чарговы раз заявіў, што справа супраць вясноўцаў з'яўляецца палітычна матываванай, за што іх "555 дзен утрымліваюць у смярдзючых катухах Валадаркі". Старшыня "Вясны" задаў дзяржаўнаму абвінаваўцу Аляксандру Каралю пытанне аб тым, чаму іх затрымлівалі па падазрэнні ў нявыплаце падаткаў у ліпені 2021 года, а ўжо ў верасні 2022 года абвінавачванні былі знятыя і цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе, ці не ў тым прычына, што па артыкуле 243 Крымінальнага кодэкса тэрмін пакарання складае ад 3 да 7, а па 228 – ад 7 да 12? На гэта суддзя цынічна прапанавала Бяляцкаму звярнуцца да сваёй адвакаткі, якая растлумачыць юрыдычную частку пытання.
Алесь падчас судовага разбору займае актыўную пазіцыю, у прыватнасці, заяўляючы хадайніцтва аб прадастаўленні яму дадатковага часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. У прыватнасці, Нобелеўскі лаўрэат прасіў суд даць яму час азнаёміцца з тамамі справы 89-92, а таксама тамамі 105-115, матываваўшы гэта тым, што бакі працэсу мусяць знаходзіцца ў роўных умовах. Гэтае хадайніцтва ў поўным аб'ёме было падтрымана яго абаронцай. Суд на месцы адмовіў у задавальненні хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што Бяляцкі знаёміўся з матэрыяламі справы на працягу месяца, адведзенага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, а таксама на працягу шасці дзён, калі справа знаходзілася ў судзе.
На судзе Алесь Бяляцкі задаў пытанне суду і пракурору, куды яны гоніць так хутка справу, як у 70-е гады, калі як палітычным, так і не палітычным, не давалі знаёміцца з матэрыяламі справы, а потым дадаў: "Дайце 10 гадоў". Суддзя Марына Запаснік запатрабавала спыніць рэплікі, якія не маюць дачынення да заўваг па справе.
Суд працягваецца.
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Храналогія суда па "справе Вясны":
У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў. Дзень першы
Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.
Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень
У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".
Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"
Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"
Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны"
"Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення.
Сёмае пасяджэнне па "справе Вясны": другая "хуткая" за тыдзень і паперы без подпісаў як доказы віны
У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 студзеня адбылося сёмае судовае пасяджэнне па "справе Вясны".
60 тамоў з 283 за некалькі дзён. Паскораны рэжым разгляду ў судзе "справы Вясны"
Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"
Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны".
Крыніца: "555 дзён у смярдзючых катухах Валадаркі". Як праходзіць працэс па "справе Вясны"