24.01.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, гісторыі вязняў У гомельскай жаночай калоніі № 4 на гэты час утрымліваюцца не менш за 58 палітзняволеных жанчын, сярод якіх маці непаўнагадовых дзяцей, пенсіянеркі, журналісткі, актвысткі. Адміністрацыя калоніі ўвесь час аказвае ціск на жанчын, асуджаных па палітычных матывах. Іх прымушаюць прыбіраць снег на тэрыторыі калоніі і працаваць амаль без выходных. Па надуманых прычынах на іх складаюць рапарты за "парушэнне правілаў унутранага распарадку" і пазбаўляюць пасылак, спатканняў, а таксама змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ. Акрамя гэтага, адразу па прыбыцці ў калонію ім пагражаюць узбуджэннем крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 Крымінальнага кодэкса) і ставяць на прафулік як "схільных да экстрэмізму". "Вясна" сабрала сведчанні жорсткіх умоваў утрымання палітзняволеных жанчын і ціску на іх з боку адміністрацыі гомельскай калоніі.

gomel-kaloniya.jpeg
Гомельская жаночая калонія № 4

Праца без выходных і прыбіранне снегу на тэрыторыі калоніі

Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя гомельскай калоніі № 4 пачала складаць спісы жанчын, якія з'яўляюцца ваеннаабавязанымі. Праверка адбываецца як сярод палітычных зняволеных, так і непалітычных.

Апошнія некалькі месяцаў зняволеныя ў калоніі працуюць толькі з двума выходнымі ў месяц — кожныя 13 дзён. Пры гэтым у вольны час яны таксама вымушаны ўвесь час чысціць снег і хадзіць на дзяжурствы. Амаль усе нядзелі для жанчын у калоніі працоўныя. За адмову працаваць без выходных на зняволеных адразу пачынаецца ціск.

Узімку жанчын да або пасля працы масава прымушаюць прыбіраюць снег — яго спачатку чысцяць, а потым выносяць у торбах. Калі рыдлёўкай немагчыма расчысціць снег, то яны вёдрамі носяць кіпень, растапляюць, а потым лужы зграбаюць у вёдры і выносяць. За дзень на прыбіранне снегу зняволеных могуць выклікаць нават тры разы. Праца на вуліцы ў мароз можа цягнуцца больш за гадзіну. Але пасля гэтага ў жанчын няма магчымасці прасушыць іхныя рэчы, таму пасля чысткі снегу яны могуць увесь дзень хадзіць у мокрай вопратцы і абутку, з-за чаго яны часта хварэюць. Пры гэтым зняволеныя скардзяцца на холад у калоніі — не толькі на працы, але і ва ўсіх памяшканнях. 

За размовы пра палітыку — спагнанне

У калоніі для палітычных зняволеных адмыслова ствараюцца невыносныя ўмовы. Так, яны павінны спаць выключна на другім ярусе ложкаў, а рэчы ў капцёрцы дазволена захоўваць на верхняй паліцы, залезці на якую можна толькі па лесвіцы.

Амаль адразу па прыбыцці ў калонію адміністрацыя пачынае дамагацца падпісання паперы аб прызнанні віны палітзняволенымі. Жанчыны лічаць, што адміністрацыі важна, каб чалавек прызнаў сваю віну ўжо менавіта ў папраўчай установе.

Усіх палітычных зняволеных амаль адразу ставяць на прафулік як схільных "да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці", а некаторых таксама як "схільных да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю". Таму ўсе жанчыны, асуджаныя па палітычных матывах, ходзяць у калоніі з жоўтымі біркамі.

Камунікацыі паміж палітзняволенымі адміністрацыяй не вітаюцца, а за размовы пра палітычныя падзеі ў краіне іх могуць пакараць суткамі ў ШІЗА. Хаця фармальна прычына парушэння будзе мець іншую назву. Зняволеныя ў калоніі знаходзяцца ў інфармацыйным вакуме. Адзіная крыніца — прапагандысцкія навіны. Таксама зняволеных некалькі разоў на дзень прымушаюць праглядаць не толькі праграмы па дзяржтэлебачанню, але і адмысловыя прапагандысцкія відэа на палітычныя тэмы — гэта называецца "рэжымнае мерапрыемства "Вектар"".

Кожны дзень для "палітычных" праводзяць тры-чатыры праверкі на вуліцы пры любым надвор'і. Нават пасля прыбірання снегу ў мокрай вопратцы жанчыны мусяць стаяць прыкладна 30 хвілінаў на вуліцы.

Рапарт або нарад зняволеныя атрымліваюць і за тое, што памыліся не ў той час або памылі валасы не ў спецыяльна ўстаноўлены для гэтага дзень.

Лісты да палітзняволеных ужо амаль год даходзяць толькі ад сваякоў. Званкі па відэасувязі са сваякамі адбываюцца без навушнікаў і па громкай сувязі, а таксама ў прысутнасці аператыўнага супрацоўніка, тады як астатнія асуджаныя могуць размаўляць з роднымі ў прыватным парадку. 

ШІЗА, ПКТ, катаванне холадам і ўзбуджэнне новай крымінальнай справы

За парушэнне правілаў унутранага распарадку (ПУР) жанчын караюць суткамі ў штрафным ізалятары, а пасля пераводзяць на некалькі месяцаў у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Так, напрыклад, нядаўна адміністрацыя змясціла палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаук у ПКТ да 24 лютага, а перад гэтым некаторы час утрымлівалі ў ШІЗА.

У лістападзе на 10 сутак у штрафны ізалятар адправілі і Марыю Калеснікаву, з якой у калоніі забаронена камунікаваць астатнім зняволеным.

Камера штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Там ёсць толькі драўляная "нара" [ложак], якая адшпільваецца ад сцяны з 21:00 і да 5:00. Увесь астатні час зняволеным дазволена або хадзіць па камеры, або сядзець на каменным "пуфіку", як яго называюць самі супрацоўнікі. Пасцельныя прыналежнасці і бялізну не выдаюць. Прагулкі жанчынам у ШІЗА забаронены. Ні званкоў, ні пасылак, ні лістоў. Увесь час гарыць святло. Магчымасці атаварвацца няма, а на працу не выводзяць. Таксама нельга сядзець на падлозе — за гэта могуць дадаць новае спагнанне. А 5 раніцы па радыё перыядычна вельмі гучна ўключаюць правілы ўнутранага распарадку.

Акенца ў камерах ёсць, але ў іх вельмі вялікія шчыліны, праз што ўвесь час скразняк. Адзенне ў жанчын забіраюць і выдаюць замест яго адмысловае для штрафнога ізалятару. Пры гэтым панчохі і ласіны забіраюць, таму нават зімой зняволеныя знаходзяцца там з голымі нагамі. Але некаторыя знайшлі выйсце — абкручваць ногі туалетнай паперай. Таксама ўжо цягам больш за паўтара года па загаду адміністрацыі калоніі палітзняволеным на ноч не выдаюць целагрэйкі, таму накрывацца там няма чым. Такія ўмовы жанчыны расцэньваюць як катаванні холадам.

"Спаць немагчыма. Ты робіш практыкаванні, прысядаешь, разаграецца цела. І ў той момант, калі ты падмануў цела, трэба вельмі хуценька заснуць. Але калі цела пачынае астываць, ты прачынаешся ад дзікага холаду. Ускокваешь і, як ва ўгары, не разумеючы дзе ты і хто ты, пачынаеш зноў як вар'ят прысядаць і рабіць практыкаванні", — распавядаюць палітзняволеныя, якія прайшлі праз ШІЗА.

Пры сабе дазволена мець толькі туалетную паперу, мыла, меленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. Нягледзячы на тое, што ў камеры сыра і холадна, адміністрацыя можа ўтрымліваць там жанчын месяц запар і нават больш.

У ПКТ зняволеных адпраўляюць на некалькі месяцаў. Там ужо выдаюць бялізну, але "ложак" адшпільваюць таксама толькі на ноч. Камера крыху больш за ШІЗА, там ёсць стол і таксама каменнае крэсла. У ПКТ зняволеныя маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін, які адбываецца ў невялічкім дворыку як у СІЗА. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. У адрозненні ад штрафнога ізалятару, у ПКТ жанчынам тры разы на дзень даюць кіпень. З крана цячэ выключна халодная вада.

Ад маларухомасці і дрэнных умоваў у жанчын пачынаюцца праблемы з венамі, ацякаюць ногі і абвастраюцца іншыя праблемы са здароўем.

І ў ПКТ, і ў ШІЗА адрозніваецца харчаванне ад таго, якое даюць звычайна ў атрадах — не кладуць вяршковае масла. Такія дробныя абмежаванні таксама ўплываюць на здароўе, бо жанчыны не атрымліваюць ні вітамінаў, ні свежага паветра, а цяпер іх яшчэ абмяжоўваюць і ў неабходных прадуктах. 

Апроч усяго, двойчы на дзень адбываюцца праверкі і вобшукі. У гэты час жанчын ставяць тварам да сцяны. 

Таксама ўсім палітзняволеным адміністрацыя калоніі пагражае ўзбуджэннем крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Пагрозы пачынаюцца адразу па прыбыцці ў калоніі, калі жанчыны яшчэ знаходзяцца на "карантыне".

Праваабаронцам вядома пра двух палітзняволеных, асуджаных па арт. 411 КК — Вікторыя Кульша і Паліна Шарэнда-Панасюк. Суд прызначыў ім ў дадатак да іх тэрмінаў яшчэ адзін год зняволення. Нядаўна стала вядома, што супраць Паліны ўзбудзілі яшчэ адну справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".

Якія яшчэ метады ціску выкарыстоўвае адміністрацыя?

Часцей за ўсё адміністрацыя пазбаўляе пасылак, спатканняў або загружае жанчын дзяжурствамі. Вядомыя выпадкі, калі ім могуць падкідваць таблеткі, лязо або іголкі, за што выпісваюць рапарты. Так было і з Кульшой: у ПКТ ёй падкінулі таблеткі і пагражалі крымінальным артыкулам за "абарот наркатычных сродкаў".

У якасці дадатковага ціску выкарыстоўваецца “калектыўная адказнасць" — калі за "парушэнне правілаў" адной жанчынай караюць увесь атрад. Формы пакарання розныя: стаяць ад некалькіх хвілінаў да трох гадзінаў на вуліцы і чытаць ПУР (правілы ўнутранага распарадку) услых, хадзіць вакол будынку або хадзіць ад атраду да КПП (кантрольна-прапускны пункт) з усімі сваімі рэчамі, скрынямі і торбамі. 

Таксама адміністрацыя праводзіць у якасьці спагнання "вучэнні па пажарнай бяспецы". Тады ўвесь атрад жанчын, які складаецца са 100 чалавек, павінен за некалькі хвілінаў вынесці з капцёрцы ўсе скрыні і торбы, а з памяшканняў усе рэчы, матрацы і нават жалезныя нары. Па словах вязняў, гэта ўсё суправаджаецца крыкам адміністрацыі і пагрозамі, што гэта прыйдзецца пачаць усё наноў, таму жанчыны ад хваляванняў губляюцца, крычаць, падаюць, а ў некаторых пачынаецца панічная атака.

Некаторых палітзняволеных у калоніі прызнаюць "злоснымі парушальніцамі рэжыму". Гэта накладае на жанчын дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да двух базавых велічыняў (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць знявоенныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць. Таксама "злосніцы" не могуць афіцыйна уваходзіць у склад розных секцый і здымаюць трохкутнік [жоўтая нашыўка] з рукава. Прызнанне "злосніцай" набліжае жанчыну да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК.

Паводле п. 58.6 ПУР зняволеным забаронена "купляць, прысвойваць прыналежныя іншым асуджаным, прадаваць ці адчужаць іншым спосабам на карысць іншым асуджаным прадукты харчавання, прадметы і рэчы, што знаходзяцца ў асабістым карыстанні". Але, калі адміністрацыя калоніі закрывае вочы на парушэнне гэтага пункту ў дачыненні да большасці жанчын, то палітзняволенным нават за яблыка, лыжку кавы, туалетную паперу або цыгарэту могуць выпісаць спагнанне. Тым больш, што некаторыя палітзняволеныя пазбаўлены перадач з волі і могуць атаварвацца толькі на 74 рублі ў месяц. Але адміністрацыя не дапускае аніякай падтрымкі і салідарнасці паміж асуджанымі. Паводле зняволеных, гэта самая проста прычына для пакарання. Адміністрацыя нават можа дасылаць да палітзняволеных "правакатарак", якія "схіляюць" да парушэння парадку. Напрыклад, могуць адмыслова папрасіць цыгарэту, а праз некалькі хвілінаў на палітзняволеную будзе ўжо складзены рапарт. 

Палітзняволеным у калоніі належным чынам не аказваецца медыцынская дапамога 

Палітзняволеная Марыя Калеснікава пасля аперацыі
Палітзняволеная Марыя Калеснікава пасля аперацыі

У калоніі жанчынам нельга пры сабе захоўваць большасць лекаў, а ад хранічных захворванняў лекі атрымліваюць ад фельчара штодзённа пасля працяглага чакання ў чарзе. Пры дрэнным самаадчуванні хутка патрапіць можна толькі да фельчара, бо да лекара складаней. Фельчар можа даць таблеткі ад тэмпературы, напрыклад, але не аказвае паўнавартаснага лекавання. Каб патрапіць да лекара і атрымаць больш сур'ёзную дапамогу трэба пісаць адмысловую заяву і чакаць свая чаргу. Пералік лекаў ва ўстанове вельмі абмежаваны, таму шмат жанчын увесь час хварэюць і ў іх абвастраюцца хранічныя хваробы. Праз складанасць атрымання бальнічнага, жанчыны вымушаны хворыя хадзіць на працу, дзяжурствы і прыбіраць снег на вуліцы.

Па словах зняволеных, у санчастку трапіць вельмі складана. Гэта можа адбыцца, калі адмінстрацыя пачынае хвалявацца не за стан зняволенай, а за тое, што можа быць адказнасць за неаказаную своечасова медыцынскую дапамогу.

Так было і з Марыяй Калеснікавай. У штрафным ізалятары, куды яе змясцілі на 10 сутак, было вельмі холадна, праз што палітзняволеная амаль не спала. Некалькі разоў яна губляла прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млоснасць. У тым ліку яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні падрапала ногі. У выніку крызіс са здароўем у палітзняволенай пачаўся 28 лістапада, калі "да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку". Пасля гэтага Калеснікавай зрабілі лапараскапічную аперацыю і некаторы час утрымлівалі ў санчастцы калоніі. 

У канцы снежня праваабаронцам стала вядома, што ў гомельскай калоніі памерла зняволеная. Як расказаў "Люстэрку" знаёмы з сітуацыяй, жанчыну звалі Вольга і ў лістападзе ёй споўнілася 40 гадоў. У калонію Вольга трапіла за даванне хабару: суд прызначыў ёй 2,5 года агульнага рэжыму. Яшчэ на судзе жанчына і адвакат прасілі не адпраўляць яе ў калонію: Вольга жыла са штучным клапанам у сэрцы, і калонія магла моцна пагоршыць яе здароўе.

У калоніі ёй замест неабходных замежных лекаў спачатку выдвалі беларускі аналаг, праз што здароўе пагоршылася. Пазней яна сустрэлася з мясцовым лекарам, прэпараты вярнулі, і ёй палягчэла. Потым яна напісала ў лісце, што ў яе адкрыўся моцны крывацёк, і яе шпіталізавалі ў рэанімацыю гомельскай гарадской бальніцы. Пасля выпіскі яе перавялі ў санчастку калоніі. Пры гэтым гомельскія лекары не хацелі выпісваць яе так хутка, але на гэтым настаяла калонія. Пазней ёй далі працу па сілах — яна вязала вяхоткі.

Паводле словаў ейнага знаёмага, у ноч на 17 снежня Вольгу даставілі ў рэанімацыю гомельскай абласной бальніцы. Што здарылася, "родным пра гэта ніхто не кажа". Там сваякам паведамілі, што Волю прывезлі ў цяжкім стане, быў страчаны час. Па папярэдняй інфармацыі, у яе здарыўся інсульт. 21 снежня жанчына памерла. 

Апроч усяго, адміністрацыя не забяспечвае атрады з ВІЧ-інфікаванымі неабходнымі сродкамі гігіены для выканання правілаў гігіены. Так, напрыклад, у атрадах няма антысэптыку для апрацоўкі агульных іголак для шыцця, якімі штодня карыстаюцца ўсе зняволеныя. На швацкай фабрыцы, дзе працуюць жанчыны, таксама нічога не апрацоўваецца. 

Крыніца: Спісы ваеннаабавязаных жанчын, праца без выходных, блакаванне ліставання: што цяпер адбываецца ў гомельскай жаночай калоніі