24.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманая Ладарыя Кузняцова
Вядома, што дзяўчына — педагагіня па вакале, яе затрымалі з самай раніцы. Папярэдне, Ладарыі інкрымінаваная ч.1 арт. 342 КК ("Удзел ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Затрыманага экс-выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова арыштавалі на 15 сутак
Праваабаронцам таксама вядома, што разам з мужчынам затрымалі і ягоную жонку — Святлану. Ёй таксама прызначылі 15 сутак арышту.
Паводле папярэдняй інфармацыі, справу Баньковых у панядзелак разглядаў суд Першамайскага раёну Мінска — Мікалаю і Святлане інкрымінавалі «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП РБ).
Палітвязня Дзмітрыя Абрамука ў калоніі адправілі ў ПКТ
Фігуранта берасцейскай "справы карагодаў" у красавіку этапавалі ў папраўчую калонію №1. Неўзабаве адміністрацыя калоніі перавяла яго ў ПКТ да канца тэрміну. Пра гэта паведаміў былы вязень:
"Абрамук пасля "хіміі" ў атрадзе № 7 прабыў 2-3 дні, потым яго перавялі ў атрад № 2. Там яму супрацоўнікі паабяцалі, што зачыняць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да канца тэрміну. Так, у прынцыпе, і адбылося за чатыры месяцы. Дзесьці за 15 дзён да яго выхаду за выдуманыя парушэнні (спрачаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не павітаўся і г. д.) яго адправілі ў ПКТ".
Нагадаем, 17 лютага за парушэнні рэжыму ПУАТ палітвязню замянілі тры гады «хіміі» на 1 год, 1 месяц і 16 дзён калоніі. Пасля гэтага ў віцебскім СІЗА-2 за парушэнні яго змясцілі ў ШІЗА на 70 сутак.
Папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе
Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Осторожно Вирус» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае 18 студзеня судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.
Затрыманні ў Фаніпалі і Магілёве
Сёння ў Фаніпалі былі затрыманыя Мікалай і Наталля Губіны, а таксама Таццяна Залатар. Падрабязнасці затрымання невядомыя.
У Магілёве ГУБАЗіК затрымаў інжынера «Магілёўэнерга» Іллю Сазонава. Папярэдне, у віну мужчыну паставілі «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», аднак падрабязнасці ўдакладняюцца. Паводле некаторых звестак, затрыманы — сын былога рэктара БРУ Ігара Сазонава.
Крыніца: Новыя затрыманні, папаўненне ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 24 студзеня