25.01.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Руслана Садоўнічага, асуджанага да 3,5 гадоў калоніі, будуць судзіць па новай справе
Руслан Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. У Руслана 3 група інваліднасці па зроку.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас міліцыянтаў і іх блізкіх. 21 лютага 2022 года Руслана асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. 28 чэрвеня КДБ унёс палітвязня ў "спіс тэрарыстаў".
Тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай калоніі. Нядаўна супраць Руслана распачалі новую крымінальную справу паводлеарт. 364 КК (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Судзіць яго пачнуць 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя — Дзмітрый Карсюк.
Падтрымайце палітвязня пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Руслан Аляксандравіч Садоўнічы
Следчы камітэт скончыў расследаванне ў дачыненні да Іллі Шапаткоўскага − ён за кратамі з 4 жніўня 2020 году
Палітзняволены Ілля Шапатоўскі — адзін з кіраўнікоў платформы «Сумленныя людзі». Ён знаходзіцца ў СІЗА ўжо 904 дні.
Паводле ведамства, «абвінавачаны адказваў за дэструктыўную інфармацыйную павестку, размяшчаючы медыяматэрыялы, накіраваныя выключна на нанясенне шкоды рэпутацыі дзяржаўных органаў, праваахоўнага блока і прадстаўнікоў улады. Мэта — закласці зерне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве.
Ён актыўна падзяляў ідэі злачынных фармаванняў і спрыяў ім у дасягненні намечаных мэт шляхам забеспячэння інфармацыйнага суправаджэння, культываваў і прапагандаваў у грамадстве пратэсныя настроі, тым самым дзяліў беларусаў на сваіх» і «чужых» па прынцыпе іх стаўлення да дзейнай улады».
Яму інкрымінавана ч.1 арт.357 КК (іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Ілля Уладзіміравіч Шапаткоўскі
Актора Андрэя Трызубава перавялі ў СІЗА на Валадарскага
Пра гэта паведамляе актор Аляксандр Ждановіч. Нагадаем, 52-гадовага актора тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава затрымалі раніцай 4 студзеня ў Мінску. Пазней яго арыштавалі на 10 сутак і змясцілі на Акрэсціна.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 25 студзеня Дапоўнена