25.01.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, заявы, рэпрэсіі На сайце Еўрапарламента 23 студзеня апублікавана заява старшыні дэлегацыі па сувязях з Беларуссю еўрадэпутата Юозаса Алекаса і пастаяннага дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі еўрадэпутата Пятраса Аўштравічуса аб палітычна матываваных судовых працэсах над прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Дэлегаты рашучым чынам асуджаюць завочны суд над лідарамі беларускіх дэмакратычных сілаў, які пачаўся на мінулым тыдні. Кіраўніцу Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлану Ціханоўскую, якую многія лічаць сапраўднай пераможцай прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, судзяць разам з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады Марыяй Мароз, Вольгай Кавальковай, Паўлам Латушкам і Сяргеем Дылеўскім паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў у «распальванні варожасці» і стварэнні «экстрэмісцкіх фармаванняў». Усе пяць фігурантаў вымушана пакінулі краіну падчас падаўлення масавых пратэстаў, якія былі выкліканыя фальсіфікацыяй выбараў і адмовай Аляксандра Лукашэнкі прызнаць сваю паразу і адмовіцца ад улады.
“Мы таксама сур'ёзна занепакоеныя працяглымі палітычна матываванымі судамі над лаўрэатам прэміі Сахарава і Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, які прысвяціў усё сваё жыццё прасоўванню дэмакратычных пераменаў у Беларусі, двума супрацоўнікамі яго праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, а таксама журналістам і актывістам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам”, – заяўляюць еўрадэпутаты.
Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі, па дадзеных «Вясны», беспрэцэдэнтна і набліжаецца да 1500. У рэчаіснасці гэты паказчык можа быць яшчэ вышэй, паколькі многія ахвяры не звяртаюцца да праваабаронцаў, баючыся новых пераследаў.
Еўрадэпутаты заклікаюць Еўрапейскі Саюз узмацніць падтрымку, як унутры краіны, так і за яе межамі, усіх смелых беларусаў, якія змагаюцца за суверэнную, мірную і дэмакратычную Беларусь, і ўвесці далейшыя санкцыі супраць чыноўнікаў нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, якія здзяйсняюць або саўдзельнічаюць у парушэннях правоў чалавека, у прыватнасці, так званых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пракурораў і суддзяў, а таксама далейшыя санкцыі супраць тых чыноўнікаў рэжыму, якія нясуць адказнасць за ўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны.
Крыніца: Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю асуджае бутафорскія суды ў краіне